Латвія ўзмацніла правілы атрымання ВНЖ 

Сцяг Латвіі. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Gvido Sirmais / Unsplash.com

29 красавіка ў краіне набылі моц папраўкі да закону аб іміграцыі, што ўзмацняюць правілы. „Белсат“ расказаў пра асноўныя змены, якія могуць закрануць беларусаў.

Падвышэнне мінімальнага ўзроўню даходу

Згодна з новымі правіламі, мінімальны памер штомесячнага даходу для асноўнага заяўніка павялічыцца з 750 еўраў да 950 еўраў, а для ягоных сямейнікаў – з 210 еўраў да 285 еўраў.

Патрабаванні да ведання мовы

Абавязковаю ўмоваю атрымання часовага віду на жыхарства будзе пацвярджэнне ведання латышскай мовы на ўзроўні A2. Вынятак – высокакваліфікаваныя спецыялісты з заробкам ад 2800 еўраў, інвестары з укладаннямі больш за 500 000 еўраў, асобы старэйшыя за 65 гадоў.

Для атрымання сталага віду на жыхарства мову трэба будзе здаць на ўзроўні B1, не мець падатковых запазычанасцяў, а таксама правільна адказаць на пытанні наконт Канстытуцыі Латвіі і гісторыі краіны.

Ануляванне ВНЖ за паўторную «адміністратыўку»

Цяпер часовы ВНЖ могуць ануляваць, калі замежнік за апошні год тройчы атрымліваў адміністратыўную адказнасць за парушэнні грамадскага парадку, дарожнага руху або абароны правоў дзяцей. Акрамя таго, страціць ВНЖ можна за «значнае» падтрыманне краінам, якія «ствараюць пагрозу суверэнітэту дэмакратычных дзяржаваў».

Кожны выпадак перад пазбаўленнем ВНЖ будзе разглядацца індывідуальна ўладамі.

Змены для ВНЖ паводле працы

Калі ў вас працоўны ВНЖ, вашая кампанія мусіць падаць падатковую справаздачнасць за апошні год і доказы здзяйснення ўсіх абавязковых плацяжоў. Мінімальная заработная плата для замежнага работніка складзе 1400 еўраў у месяц да выліку падаткаў.

Тэса Анэйда, belsat.eu