
Як працуе механізм экстрадыцыі ў выпадку вышуку праз Інтэрпол? Каго могуць затрымаць і ў якіх краінах рызыка найбольшая? Падчас вэбінару, зарганізаванага праектам Reforum Help, апавёў юрыст і адвакат Алесь Міхалевіч.
«Пацверджанне, што я патрэбны сваёй краіне»
Тэма экстрадыцыі за апошнія гады з «абсалютна нішавай», якой яна была цягам доўгага часу, сталася вельмі шырокай, падкрэслівае Алесь Міхалевіч. Асабліва гэта датычыць вялізнай колькасці «палітычных» уцекачоў з Беларусі і Расеі.
Экстрадыцыя запускаецца тады, калі адна краіна «хоча пэўнага чалавека», а другая, у якой гэты чалавек застаецца, пастанаўляе, выдаваць яго ці не, тлумачыць юрыст.
«Каб пачалася экстрадыцыя, вы павінны быць вельмі патрэбныя сваёй дзяржаве», – кажа Міхалевіч.
У экстрадыцыйны працэс чалавек можа трапіць праз чырвоны цыркуляр Інтэрполу ці праз базу вышуку СНД, якую вядзе МУС Расеі (яе падтрымліваюць Беларусь, Расея, уся Цэнтральная Азія, Азербайджан, Арменія, але не Грузія і не Малдова).
Дадаць у базу вышуку СНД чалавека можа любы следчы, які вядзе супраць яго крымінальную справу. Іншыя краіны свету могуць выкарыстоўваць яе ў банкаўскіх пытаннях, як адкрыццё і абслугоўванне рахункаў, аднак з крымінальнага-прававога пункту гледжання яна распаўсюджваецца толькі на вышэй названыя краіны.

Каб чалавек трапіў у базу Інтэрполу і на яго завялі чырвоны цыркуляр, ягоная краіна мусіць абраць супраць яго меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай ці выдаць ордар на арышт, зазначае Міхалевіч. У Расеі такі ордар выдае суд, у Беларусі яго падпісваюць следчы з пракурорам без суда. Без ордару на арышт немагчыма падаць чалавека ў Інтэрпол, кажа юрыст. Але такога патрабавання няма для падачы чалавека ў базу вышуку СНД.
Каго затрымаюць, а каго адпусцяць
Пасля ўварвання Расеі ва Украіну ў 2022 годзе Інтэрпол змяніў свой падыход да Расеі і Беларусі, зазначае Міхалевіч. Цяпер усе заяўкі, якія падаюць гэтыя краіны, ідуць праз прававы дэпартамент. І калі той прыходзіць да высновы, што мае дачыненне з палітычнаю справай, яе адкідаюць.
Інакш можа быць, калі вінавацяць, напрыклад, у хуліганстве ці ў махлярстве ці паводле іншага нібы непалітычнага артыкулу.
«З вялікай доляй імавернасці праз Інтэрпол такі чалавек пройдзе і з’явіцца ў базе. І тады для яго пачнуцца праблемы ўжо ў большай колькасці краінаў», – зазначае юрыст.
Праблемы ў чалавека могуць узнікнуць на мяжы ці пасля засялення ў гатэль, які перадае звесткі пра гасцей у паліцыю.
У прававых дзяржавах у такой сітуацыі чалавека маюць права затрымаць і трымаць пад вартаю без пастановы суда 72 гадзіны. За гэты час суддзя вызначыць меру стрымання на час экстрадыцыйнага працэсу. Гэтая мера будзе залежыць ад вашага прававога статусу ў краіне. Калі вы маеце дазвол на жыхарства, статус уцекача ці дадатковую абарону ад пераследу, з вялікай імавернасцю мера стрымання будзе не звязаная з утрыманнем пад вартаю, кажа Міхалевіч.
Калі ж вы ў краіне турыст, тады, хутчэй за ўсё, вас будуць трымаць пад вартай. Але так будзе ў выпадку, калі вас затрымалі паводле непалітычных артыкулаў, бо з відавочна палітычным артыкуламі заяўкі з Беларусі ці Расеі проста не трапяць у базу Інтэрполу, дадае Міхалевіч.
Якія еўрапейскія краіны экстрадуюць у Расею?
Акрамя Інтэрполу, Беларусь і асабліва Расея могуць наўпрост прасіць нейкую краіну выдаць ім патрэбнага чалавека. Ці будзе разглядацца такі запыт, залежыць ад краіны.
«На паседжанні міністраў юстыцыі краінаў Еўразвязу ў 2022 годзе пастанавілі, што з Расеяй трэба спыняць крымінальна-прававую супрацу і таксама экстрадыцыю туды, бо Расеі як дзяржаве давяраць нельга. Але на практыцы экстрадыцыя, як і супраца ў крымінальных справах – гэта эксклюзіўная сфера кожнай краіны. Еўразвяз не мае права дыктаваць краінам, што рабіць у гэтай галіне. І некаторыя краіны, як, напрыклад, Кіпр, усё ж прыходзяць да высновы, што ў Расейскую Федэрацыю можна экстрадаваць, бо, маўляў, інакш усе злачынцы з РФ з’явяцца ў іхнай краіне і будзе невядома, што з імі рабіць», – кажа Міхалевіч.

Таксама ў кожнай краіне ёсць свае асаблівасці крымінальна-працэсуальнага кодэксу, ад якіх залежыць экстрадыцыя. У большасці краінаў ЕЗ толькі суд мае права прыняць пастанову ў гэтым пытанні. Аднак у Францыі гэта можа зрабіць пракуратура, не перадаючы справы ў суд. А Нямеччына ўвогуле не дадае ў свае базы для арышту запытаў з Расеі ці Беларусі, калі гэта не злачынствы, звязаныя з гвалтам ці наркотыкамі. Але ў такім выпадку Нямеччына, хутчэй, дадасць гэтага чалавека ў шэнгенскую інфармацыйную сістэму і забароніць уезд у Еўразвяз.
У іншых краінах, напрыклад, у Польшчы, Італіі, Іспаніі, чалавека затрымаюць, і можа распачацца экстрадыцыйны працэс (калі гэта не відавочна палітычны артыкул). Мясцовая пракуратура вышле запыт у краіну паходжання і перадасць справу ў суд, які будзе прымаць пастанову датычна экстрадыцыі. І, хутчэй за ўсё, у выпадку Беларусі ці Расеі будзе адмова. Канчатковую пастанову ў Польшчы прымае Міністэрства юстыцыі.
Таксама адмовяць у экстрадыцыі, калі чалавек мае статус уцекача ці дадатковую абарону, бо Канвенцыя правоў уцекачоў ААН забараняе экстрадаваць ці дэпартаваць такіх асобаў у краіну, якая іх пераследавала.
Праблемы могуць узнікнуць, калі затрыманы чалавек з нявызначаным міграцыйным статусам у ЕЗ, зазначае Міхалевіч. Яго не выдадуць у Беларусь ці Расею, аднак будуць імкнуцца пазбавіцца ад яго і патрабаваць выезду ў трэцюю краіну.
Чысцец
Краіны Еўропы, якія не ўваходзяць у Еўразвяз, не заўсёды гарантуюць адмову ў экстрадыцыі. Адначасова шмат якія з іх бязвізавыя для беларусаў ці расейцаў і таму туды можна найхутчэй уцячы ў разе патрэбы. І калі такая патрэба ўзнікла, Міхалевіч раіць з’язджаць.
«Я заўсёды параўноўваю гэта з чыстцам паміж раем і пеклам. Напрыклад, Сербія ці Грузія – гэта такія чыстцы, дзе пекла – вяртанне ў Беларусь ці Расею, а рай – пераезд у бяспечную юрысдыкцыю, якой ёсць краіны Еўразвязу, ЗША, Канада, Аўстралія, Новая Зеландыя і яшчэ некалькі краінаў у свеце. Калі вам трэба хутка з’язджаць, лепш у чысцец, чымся зусім нікуды», – падкрэслівае юрыст.
Аднак заставацца ў гэтых краінах надоўга Міхалевіч не раіць. Сербскі суд, напрыклад, можа дапусціць экстрадыцыю, калі ў вас не выразны палітычны кейс і вы не вядомы палітык, праваабаронца ці журналіст. Таксама небяспечная Боснія і Герцагавіна.
«Словы-ключы, якія страшна гучаць для заходняга вуха»
Калі ў Інтэрпол падаюць запыт з артыкуламі, у якіх фігуруе «экстрэмізм», яны ўспрымаюцца як выразна палітычныя, і адкідаюцца. Больш складаная сітуацыя з артыкуламі за апраўданне тэрарызму, стварэнне тэрарыстычнай арганізацыі і да т.п.
«Каб заяўка трапіла ў Інтэрпол, краіна павінна вельмі прыгожа апісаць склад злачынства. І калі там у апісанні будзе, што чалавек дзеяў у змове ў нейкай тэрарыстычнай арганізацыі, з вялікай доляй імавернасці ён трапіць у базу Інтэрполу, – кажа Міхалевіч. – З майго досведу, гэтым актыўна карыстаецца Расейская Федэрацыя. Акрамя таго, апошнім часам яна пачала дадаваць актывістаў паводле артыкулаў аб падазрэнні ў забойстве. Расея вучыцца выкарыстоўваць гэтыя словы-ключы, якія страшна гучаць для заходняга вуха і выклікаюць адпаведныя эмоцыі – забойства, тэрарызм, адмыванне грошай. Гэта ўсё падвышае імавернасць таго, што чалавека дададуць у базу Інтэрполу».
Ці абароніць замежны пашпарт?
Асобна Міхалевіч закрануў пытанне, ці абароніць ад экстрадыцыі замежны пашпарт. Паводле яго, калі вы ў актыўным вышуку і насамрэч патрэбныя Расеі ці Беларусі, не надта дапаможа і змяненне напісання імя ці прозвішча, якія, напрыклад, магчымыя пры атрыманні міжнароднай абароны:
«Калі яны даведаюцца, што ў вас ёсць дакументы на іншыя імя і прозвішча, яны проста дададуць у картцы ў Інтэрпол – Пятроў, ён жа Сідараў, ці Пятровіч, ці Сідаровіч, ці яшчэ такі і такі. Калі вы цалкам зменіце імя і прозвішча, гэта можа дапамагчы, але я як адвакат не падпішуся крывёю, што ў вас не будзе праблемаў, калі вас шукаюць, калі на вас, напрыклад, хтосьці настукае».

Калі ж імя і прозвішча ў пашпарце новай дзяржавы супадаюць з арыгінальнымі, то гэта ніяк не абароніць ад экстрадыцыі. Напрыклад, Турцыя хутка анулюе пашпарты людзей, якія трапляюць у базу Інтэрполу.
«Гэта базавая памылка, якую я бачу ў сваіх кліентаў, якія трацяць вялізныя грошы на пашпарты Турцыі, Вануату і падобныя. Яны куплялі пашпарт з думкаю, што інвестуюць у бяспеку, а насамрэч атрымліваюць дадатковую небяспеку», – кажа адвакат.
Замежны пашпарт, у якім няма напісання імя і прозвішча кірыліцаю, можа дапамагчы ў выпадку наведвання краінаў, якія карыстаюцца базамі вышуку СНД, зазначае спікер. Гэтая база вядзецца на расейскай мове, таму вас не змогуць вылічыць паводле пашпарта, дзе імя напісанае лацінкаю.
У чым небяспека Турцыі?
Міхалевіч раіць прытрымлівацца простага правіла бяспекі: не ехаць у краіны, дзе можа пагражаць небяспека. Таксама з мэтаю бяспекі ён кажа не лётаць самалётамі, маршруты якіх пралягаюць праз Расею ці Беларусь. Што датычыць транзітных паездак і перасадак, тут усё залежыць ад краіны. Гэтак, у Турцыі пэўныя рызыкі ёсць, але невялікія. Але ў Стамбуле два аэрапорты, і калі ў вас прылёт у адзін, а вылет з другога, і трэба праходзіць пашпартны кантроль, то рызыкі павялічваюцца.
Міхалевіч падкрэслівае, што Турцыя – неправавая дзяржава, там вялікі ўплыў маюць адміністрацыйная ўлада і спецслужбы.
«Калі спецслужбы дамовіліся, ніхто не перашкодзіць пасадзіць чалавека, які прыляцеў у Турцыю нават транзітам, на скразны рэйс у Расейскую Федэрацыю. І часта гэта адбываецца без прававых працэдураў – гэта нават не экстрадыцыя, а прымусовае выдварэнне. Яшчэ часта людзі з базы вышуку Інтэрполу атрымліваюць забарону на ўезд у Турцыю, іх проста не пускаюць. Звычайна саджаюць на рэйс туды, адкуль чалавек прыляцеў, аднак былі выпадкі, калі адпраўлялі ў Маскву, і там чалавека затрымлівалі. Таму Турцыя ў пэўным сэнсе – латарэя, вельмі кепская латарэя», – кажа юрыст.

У выпадку перасадкі ў аэрапорце Дубаю эксперт не бачыць вялікай рызыкі, аднак на 100 % гарантыю бяспекі не дае:
«Калі вас насамрэч шукаюць, для спецслужбаў Беларусі ці Расеі ўвогуле не будзе праблемаю знайсці вас у спісе асобаў, якія купілі авіяквіткі».
Небяспечна можа быць у Тайландзе, Малайзіі, Інданезіі.
А што з Арменіяй і Грузіяй?
Міхалевіч не раіць ляцець транзітам праз Арменію і Грузію. Ён перакананы: Арменія – небяспечная краіна, не зважаючы на тое, што там паводле відавочных экстрэмісцка-палітычных артыкулаў не пачынаюць экстрадыцыйнага працэсу. Калі ж гэта агульнакрымінальныя артыкулы, Ерэван часта дапускае экстрадыцыю. Акрамя таго, Арменія карыстаецца базаю вышуку СНД.
Грузія, паводле Міхалевіча, не зважаючы на адсутнасць дыпламатычных стасункаў з Расеяй, даволі актыўна экстрадуе туды асобаў, якіх вінавацяць паводле непалітычных артыкулаў.
«Калі ж у Грузіі затрыманы хтосьці з палітычным артыкулам, найбольш імаверна, што яго не экстрадуюць, аднак будуць спрабаваць пазбавіцца ад гэтага чалавека. Агулам Грузія апошнім часам імкнецца пазбавіцца ад лішніх актыўных неграмадзянаў. Чалавека могуць давезці да армянскай ці турэцкай мяжы і выдварыць», – кажа адвакат.
На ягоную думку, у Грузію можна прыехаць на кароткі тэрмін, калі трэба ўцякаць ці атрымаць нейкую візу, але ні ў якім выпадку не заставацца там надоўга, калі вы ў вышуку ці ў вас ёсць рызыка пераследу.
Таксама небяспечны, паводле Міхалевіча, Казахстан – ён экстрадуе паводле непалітычных артыкулаў і ў Беларусь, і ў Расею. Таму, калі вы з’язджаеце з Беларусі ці Расеі, лепш ехаць у Грузію ці Турцыю – туды, дзе не дзеіць база СНД.
Як даведацца, ці шукае вас Інтэрпол
Каб даведацца, ці ёсць вы ў базе вышуку Інтэрполу, можна падаць туды заяўку. Разглядаецца яна, аднак, доўга – да трох месяцаў і нават даўжэй. Яшчэ адзін хітрык – атрымаць доўгатэрміновую візу ЗША.
«Калі чалавек трапляе ў базу Інтэрполу і мае візу ЗША, у той жа дзень ці на наступны ён атрымае паведамленне аб запрашэнні ў найбліжэйшае консульства Злучаных Штатаў, каб яму анулявалі візу. Пры гэтым вас не затрымаюць, нічога кепскага вам не зробяць, нікуды не будуць пра вас паведамляць – проста анулююць візу. ЗША разумеюць, што вы патэнцыйны лішні ўцякач для іх у такім выпадку, і таму вы ім не патрэбны», – апавядае адвакат.
Калі вы ў гэты момант былі ў ЗША, вы зможаце далей там заставацца, аднак трэба будзе займацца ўрэгуляваннем свайго міграцыйнага статусу.
Што рабіць, калі затрымалі
Калі ж у нейкай краіне вас затрымалі, бо вас шукае Інтэрпол, трэба найперш «падымаць прэсу» – паведамляць пра затрыманне, раіць Міхалевіч.

Ёсць сэнс наймаць адваката, а ў Еўразвязе вам дадуць яго бясплатна:
«Калі вас затрымалі ў межах экстрадыцыі паводле такіх артыкулаў, як за экстрэмізм, ці іншых каляпалітычных артыкулаў, з майго пункту гледжання, вам няма сэнсу плаціць дарагому адвакацкаму бюро – бясплатны адвакат таксама скажа, што ў выпадку экстрадыцыі вам пагражаюць катаванні і бесчалавечнае абыходжанне».
Шукаць добрых адвакатаў з адпаведнаю спецыялізацыяй варта тады, калі вас вінавацяць у забойстве, махлярстве, эканамічных злачынствах.
Аднак першае, што трэба зрабіць у выпадку затрымання, – усё ж «мабілізаваць прэсу», настойвае Міхалевіч.
