
Улады Беларусі вырашылі зрабіць дабрачынныя зборы празрыстымі, перашкодзіць махлярству і гарантаваць, што грошы пойдуць на лячэнне. Дабрачынныя зборы ў Беларусі працягваюцца, але арганізаваць іх стала складаней. Найбольш адчувальнымі гэтыя змены сталіся для сем’яў, якім тэрмінова патрэбныя дарагія лекі або лячэнне за мяжой. Бо новыя фармальнасці запавольваюць збор сродкаў, абмяжоўваюць дапамогу праз сяброў і валанцёраў, а таксама ўскладняюць аплату рэабілітацыі і суправаджэння людзей з інваліднасцю.
Сітуацыю каментуе экспертка ў сферы сацыяльнай палітыкі Вольга Вялічка:
– Калі людзі ў інстаграме ці ў фэйсбуку просяць, хтосьці на каленях, хтосьці як можа, дапамажыце выратаваць дзіцё, або дарослага чалавека, гэта, канешне, стварае ўражанне. Дзяржава не можа справіцца, хворых дзяцей вельмі шмат. Так гэта выглядае. І таму дзяржава, ні ў выглядзе Міністэрства аховы здароўя, ні ў выглядзе іншага ведамства, якое любіць пакантраляваць, нічога лепшага не прыдумала, як “зарэгуляваць” дабрачыннасць.
Пры гэтым, як зазначае экспертка, улады Беларусі не разумеюць, што дабрачыннасць – гэта не пра аддаў-патраціў грошы на лекаванне.
– Дабрачыннасць – гэта суперскладаны сацыяльны працэс, які ўтрымлівае ў сабе культуру гэтай дабрачыннасці, культуру спачування, а не шкадавання. Яны суперпрымітыўна на гэта ўсё паглядзелі.
Нагадаем, 7 верасня 2026 года Лукашэнка падпісаў указ № 304 «Аб фондах і дабрачыннай дзейнасці ў сферы аховы здароўя». Асноўныя палажэнні набылі моц 12 верасня. У сувязі з гэтым указам цяпер стала цяжэй адкрываць дабрачынныя рахункі ў Беларусі.
