«Цяперашні сусветны парадак разбураецца. Мы ў пераходным перыядзе» – прафесарка Маастрыхцкага ўніверсітэту

Кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін вітае Стыва Ўіткафа, спецыяльнага пасланніка прэзідэнта ЗША Доналда Трампа, перад сустрэчай у Канстанцінаўскім палацы ў Стрэльне, Расея. 21 кастрычніка 2026 года. Фота: Gavriil Grigorov / Sputnik St. Petersburg Russia / East News

Пачаўся новы раўнд амерыканска-расейскіх перамоваў. Спецпасланннік ЗША Стыў Ўіткаф сустрэўся з Уладзімірам Пуціным у Санкт-Пецярбурзе, і ёсць надзея на далейшыя перамовы. Ці набліжае гэта канец расейска-ўкраінскай вайны, якія сапраўдныя матывы бакоў дыялогу, дзе ў гэтым працэсе Еўразвяз і якая яго пазіцыя адносна Беларусі? Пра гэта «Белсат» паразмаўляў з прафесаркаю паліталогіі Маастрыхцкага ўніверсітэту (Нідэрланды), эксперткай у пытаннях замежнай палітыкі Еўразвязу, еўрапейскай дыпламатыі і міжнародных стасункаў Софі Вангоўнакер (Sophie Vanhoonacker).

– Акрамя вызвалення 74-гадовага Стывэна Габарда, які правёў амаль 4,5 года ў расейскай турме паводле сфабрыкаваных абвінавачанняў у найміцкай дзейнасці, ці прынесла сустрэча Стыва Ўіткафа з Пуціным у Санкт-Пецярбурзе яшчэ нейкія канкрэтныя вынікі? Усе ж чакалі рашэнняў, якія маглі б дапамагчы спыніць вайну…

– Мушу шчыра прызнацца, што я сама не вельмі шмат чаго чакала ад гэтых перамоваў. Асабліва таму, што, на маю думку, Пуцін не зацікаўлены ў замірэнні. Адзіны вынік іхнай размовы – тое, што адбудуцца яшчэ адныя перамовы ў Осла. Таму ў гэтым сэнсе я лічу самым важным дасягненнем тое, што бакі зноў размаўляюць. Гэтага ўжо даволі даўно не было. Я думаю, што ўрэшце дыялог усё ж павінен адбыцца. Гэта, на мой погляд, самае важнае дасягненне сустрэчы. 

Прафесарка паліталогіі Маастрыхцкага ўніверсітэту Софі Вангоўнакер падчас інтэрв’ю з карэспандэнтам Алесем Сілічам. Скрыншот з відэа: Белсат

– Якую ролю можа адыграць Еўропа ў гэтых перамовах?

– Мы бачым, што Фінляндыя і Нарвегія бяруць удзел у перамовах, але не Еўразвяз. Гэта само па сабе, вядома, таксама выклікае занепакоенасць. Думаю, Еўропа павінна вельмі ўважліва сачыць за гэтым працэсам, а таксама спрабаваць аказваць ціск за кулісамі і пераканацца, што еўрапейскія інтарэсы, але перадусім украінскія, будуць абароненыя. Бо Еўропа, вядома, – гэта важная апора для Украіны.

– Скажыце: няўжо, на ваш погляд, амерыканскі бок не разумее, што Пуцін цягне час і, як у нас кажуць, дурыць галаву? Ніякую вайну спыняць ён не збіраецца. А ў ягонай галаве – планы пачаць атакі на краіны – чальцы NATO. Правакацыі пачашчаюцца. Ці здольная Еўропа самастойна гарантаваць абарону Украіны і ўласную бяспеку, калі Вашынгтон працягне шукаць дамоўленасці з Масквою? 

– Мы ўсё часцей бачым, як Трамп урэшце становіцца на бок Пуціна. Насамрэч гэта адбываецца ўжо даволі даўно, а мы ўвесь час спрабуем пераканаць яго, ідзём на разнастайныя саступкі, каб ён усё ж заставаўся на нашым баку. Але я думаю, што прыйшоў час, даўно прыйшоў час Еўропе ўзяць свой лёс ва ўласныя рукі. На мой погляд, гэта адзінае развязанне. Мы павінны самі клапаціцца пра ўласную абарону, пакласці канец раздробленасці абароннага рынку і ўсё больш самастойна распрацоўваць еўрапейскае ўзбраенне. І рабіць гэта, больш актыўна выкарыстоўваючы адзіныя стандарты і працуючы над супольнымі праектамі, улічваючы высокія выдаткі на распрацоўванне, напрыклад, знішчальнікаў і гэтак далей.

– ЗША працягваюць паступова здымаць санкцыі з Беларусі. З-пад амерыканскіх абмежаванняў вывелі генеральнага дырэктара «Беларуськалію» Андрэя Рыбакова. Чаму Еўропа не вядзе з Лукашэнкам падобнай гульні – з паступовым змякчэннем санкцыяў у абмен на канкрэтныя саступкі? Ці не губляе такім чынам Еўразвяз магчымасці ўплываць на Беларусь? І ці не выйдзе так, што яе будучыню будуць вызначаць ЗША, Расея і Кітай без удзелу Еўропы?

– Я думаю, што Еўропа спрабуе ціснуць на Беларусь перадусім праз санкцыі, бо Беларусь, вядома, па-ранейшаму застаецца дыктатураю, і гэтая дыктатура таксама падтрымлівае Расею ў вайне супраць Украіны. І як Еўропа, натуральна, таксама ўвяла санкцыі супраць Расеі, для мяне цалкам лагічна, што яна захоўвае санкцыі і ў дачыненні Беларусі.

Карэспандэнт Алесь Сіліч бярэ інтэрв’ю ў прафесаркі паліталогіі Маастрыхцкага ўніверсітэту Софі Вангоўнакер. Скрыншот з відэа: Белсат

– Яшчэ да сустрэчы з Ўіткафам, падчас тэлефоннай размовы 9 кастрычніка, Пуцін прапанаваў Трампу сустрэчу ўтрох – Пуціна, Сі Цзінь Піна і Трампа, – каб абмяркоўваць лёс Украіны. У некаторых медыях гэта ўжо называюць «Ялтаю-2». Але, як для мяне, калі там будуць вызначаць лёс Украіны без удзелу Украіны, гэта больш нагадвае не «Ялту-2», а «Мюнхен-2». У 1938 годзе ў Мюнхене, як вядома, лёс Чэхаславаччыны вяршылі без удзелу Чэхаславаччыны. Ці здольная сёння Еўропа не дапусціць паўтарэння такога сцэнара і абараніць інтарэсы Украіны?

– Гісторыя ніколі не паўтараецца цалкам, і можна правесці аналогіі як з Мюнхенам, гэтак і з Ялтаю. Аднак я бачу, што цяперашні сусветны парадак сапраўды разбураецца. 

Цяпер мы ў пераходным перыядзе, калі вялікія дзяржавы спрабуюць вызначыць, дзе яны будуць ажыццяўляць свой уплыў. Такім чынам, амерыканцы – у Заходнім паўшар’і, Кітай – ва Усходняй Азіі, а Расея – у Еўропе. 

З іншага боку, я думаю, адрозненне ад папярэдніх перыядаў палягае на тым, што свет зрабіўся значна больш глабалізаваным. Узаемазалежнасць настолькі вялікая, што нават ЗША не могуць абмежавацца Лацінскай Амерыкай. Амерыцы па-ранейшаму будуць патрэбныя добрыя дачыненні з Еўропаю, калі яна хоча захаваць свой экспартны рынак. У гэтым сэнсе, я думаю, можна правесці пэўныя аналогіі і вынесці ўрокі, але адначасова мы павінны ўлічваць і сённяшнюю сітуацыю, якая ўсё ж адрозніваецца, напрыклад, ад ХІХ стагоддзя, калі таксама існавалі сферы ўплыву, ці ад ХХ стагоддзя.

– Як вы ставіцеся да так званай дызельнай угоды паміж ЗША і Расеяй? Трамп авансам зняў некаторыя санкцыі з Расеі, яшчэ не атрымаўшы ніякага дызелю. Масква пакуль толькі абяцае адправіць першы танкер. Але адкуль у Пуціна дызель, калі ў Расеі кіламетровыя чэргі і дэфіцыт паліва, а ён сам закупляе дызель у Азіі? Ці не выйдзе так, што, як у нас кажуць, Пуцін сам без штаноў, а штаны прадае? 

– Сапраўды, я думаю, што гэтая ўгода, вядома, перадусім звязаная з набліжэннем амерыканскіх выбараў. Таму Трамп хоча паказаць сваёй аўдыторыі, што яму ўдаецца чагосьці дасягнуць. Але тое, чаго яму ўдалося дасягнуць, вельмі абмежаванае, бо дызельнае паліва, якое Пуцін нібыта абяцае паставіць, складае толькі вельмі малую частку таго, што патрэбна амерыканцам. І адначасова гэта таксама паказвае, як Пуцін часта бярэ верх над Трампам. Як ён можа маніпуляваць Трампам, даваць абяцанні, якіх не здольны выканаць, а Трамп потым ізноў на гэта паддаецца. Гэта таксама выклікае ў мяне вялікую занепакоенасць, бо ўрэшце, на маю думку, Трамп проста не можа справіцца з Пуціным.

Алесь Сіліч, belsat.eu