На дадзены момант у Беларусі выходзяць тры дзяржаўныя літаратурныя часопісы («Полымя», «Неман» і «Маладосць»), а таксама спецыялізаваная газета «Літаратура і мастацтва». У 2027 годзе ў ранейшым выглядзе яны выходзіць не будуць. Пра гэта сведчыць каталог, апублікаваны на сайце «Белпошты».

Згодна з інфармацыяй каталога, прадугледжаны выхад газеты «Звязда» з дадаткамі «Мясцовае самакiраванне» і «Літаратура і мастацтва». Такім чынам, гэтая газета, якая выходзіць з 1932 года, спыняе існаванне як самастойнае СМІ.
Згодна з каталогам часопісы «Полымя», «Неман» і «Маладосць» будуць выходзіць некалькі разоў на год (у першым паўгоддзі — у лютым і красавіку). На дадзены момант яны публікуюцца кожны месяц, 12 разоў на год. Выходзяць яны, адпаведна, з 1922, 1945 і 1953 гадоў.
У гэтых выданнях публікаваліся класікі беларускай літаратуры. Закрыццё або скарачэнне частаты публікацый гэтых СМІ адмоўна паўплывае на літаратурны працэс.
