Андрэй Гнёт падаў апеляцыю на рашэнне сербскага суда аб яго экстрадыцыі ў Беларусь. Рэжысёра арыштавалі па запыце Інтэрпола, які мімаволі дапамагае таталітарным рэжымам паляваць на ворагаў. Бо ў Беларусі Гнёту пагражае палітычны крымінальны прысуд за стварэнне «экстрэмісцкага фармавання» або ўдзеле ў ім у жніўні 2020 года.
Вызваліць беларускага рэжысёра і адмовіцца ад экстрадыцыі заклікаюць Сербію, між іншым, праваабаронцы, журналісты і Еўразвяз.
Racyja.com пагутарыла з Андрэем Гнётам, які знаходзіцца пад хатнім арыштам у Бялградзе, пра тое, на якім этапе знаходзіцца разгляд яго апеляцыі і ў чым спецыфіка запыта Інтэрполу на рэжысёра; пра пагрозы ў Беларусі і планы вяртання на радзіму; хто дапамагае падчас хатняга арышту і наколькі спрацавала беларуская салідарнасць для ратавання аднаго чалавека ад судовага пераследу.
РР: Дзе вы цяпер і як сябе адчуваеце?
– Цяпер я ў Бялградзе пад хатнім арыштам. З 5 чэрвеня з вечару мяне перавялі пад гэтую меру. Адчуваю сябе абсалютна нармальна. Як я кажу пасля турмы, „усё, што адбываецца са мной – гэта ўсё выдатна“. Я – нармальна. Я змагаюся, працую кожны дзень над сваёй самаабаронай і вось цяпер, бачыце, размаўляю з вамі.
РР: На падставе якіх абвінавачванняў базуецца тое рашэнне Вярхоўнага суда Бялграда пра экстрадыцыю вас у Беларусь.
– Вярхоўны суд Бялграда, як і ўсякі суд Бялграда, не мае да мяне ніякіх прэтэнзіяў. Непасрэдна Бялград мяне ані ў чым не вінаваціць. Яны як пасярэднік між мною і дыктатурай. Яны робяць усё тое, што кажа ім дыктатура. Што такое працэс экстрадыцыі? Гэта калі адзін бок запытвае ў другога боку нейкага чалавека на падставе нейкіх абвінавачванняў. Сербскі суд кажа: „Не будзем улазіць у гэтыя абвінавачванні, нас гэта наогул не датычыцца, гэта праблемы беларускага боку, яны вас у чымсьці вінавацяць, а мы проста глядзім на паперы і думаем, ці мажліва вас экстрадаваць, ці гэтыя ўмовы выкананыя ці не“.
Калі мы кажам пра падставы экстрадыцыі ўсякага чалавека, ёсць некалькі вельмі важных дакументаў: 1. Еўрапейская канвенцыя па правах чалавека; 2. Еўрапейская канвенцыя аб экстрадыцыі, якую падпісалі ўсе сябры савету Еўропы – Сербія ёсць сябрам савету Еўропы. Ёсць нейкія нутраныя законы па якіх экстрадыцыя можа быць, можа не быць. Калі мы паглядзім на гэтыя канвенцыі ўнутры сербскіх законаў, мы пабачым, што экстрадыцыя немажлівая, калі ёсць нават не даказаныя, а калі ёсць нават мажлівасць палітычнага пераследу ці дыскрымінацыі па іншых прызнаках. Тэхнічна ўмовы для маёй экстрадыцыі, экстрадаваць мяне нельга, бо ёсць палітычныя падставы ў гэтай экстрадыцыі. Але сербскі суд Вярхоўны суд нібы не заўважыў ані Еўрапейскую канвенцыю, ані канвенцыю па экстрадыцыі, якую Сербія падпісала, і якая ёсць законам для Сербіі.
7 снежня, сербскі Вярхоўны суд ужо хацеў мяне экстрадаваць, прычым сакрэтна: зрабіў сакрэтную пастанову пра тое, што мяне можна экстрадаваць, але сербскі суд парушыў свае ж уласныя сербскія законы, бо паводле іх, суд павінны выклікаць асобу, якую намагаецца экстрадаваць, і павінны выклікаць адвакатаў, якія абараняюць гэтую асобу, каб заслухаць другі бок, каб выслухаць, ці мы маем важныя аргументы. Гэта закон Сербіі. І суд найгрубейшым спосабам парушыў свае ж уласныя законы. 13 чэрвеня я атрымаў гэтыя рашэнні суда, а суд прыняў гэтыя рашэнні 31-га траўня. Калі я атрымаў гэтыя паперы я наогул не здзівіўся, я рыхтаваўся да гэтага, бо суд ужо адзін раз паказаў сваю абсалютную некампетэнтнасць. І зноўку паказаў гэта.
РР: Ці адыгрывае тут ролю Interpol, які да гэтага выпадку, здавалася, незалежнай арганізацыяй. І калі сочыце за навінамі ў Беларусі, там чатыры дні таму была паказальная навіна, маўляў, у Беларусі затрымалі для Interpol літоўскіх калег, двух грамадзян гэтай краіны. І ці можа быць нейкі такі гандаль, нібы ў Беларусі для Interpol у Беларусі далі нейкіх грамадзян для экстрадыцыі, то яны маюць даць у адказ. Ці бачыце такую пагрозу для сябе?
– Я не ведаю, у якія гульні гуляе Interpol. Але пра яго я магу сказаць наступнае, бо для мяне гэта было навіною. Ці ведаеце пра тое, што Interpol не дзяржаўная, а камерцыйная арганізацыя!? Я даведаўся пра гэта толькі цяпер. Гэта недзяржаўная камерцыйная арганізацыя, што гандлюе інфармацыяй пра росшук пэўных персонаў. І кожная краіна, сябар Interpol, штогод плаціць пэўныя грошы проста за тое, каб атрымліваць доступ да гэтай інфармацыі. Мы ўсе жывём у нейкай ілюзіі, што Interpol – гэта дзяржаўная паліцыйная ўстанова, незалежная, сур’ёзная. Папраўдзе, усё зусім не так. І таму, калі Interpol прыняў вось гэты запыт з беларускага боку на мой росшук. Interpol нават не пацікавіўся, хто зрабіў гэты запыт. А гэты запыт зрабіў пракурор на прозвішча Захароўскі – ён з 2011 года ў афіцыйных еўрапейскіх санкцыях за тое, што ён рэгулярна робіць рэпрэсіі супраць палітычных актывістаў. Пракурор Захароўскі выставіў абвінавачванні ў 2011 годзе Андрэю Саннікаву. І Андрэй Саннікаў 5 гадоў прасядзеў у турме, бо пракурор Захароўскі выставіў гэтыя абвінавачванні. Гэта абсалютна вядомы факт, можна было проста загугліць прозвішча, але Interpol гэтага не зрабіў.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле