Нічога не пэўна: нідзе і ніколі

Альгерд Бахарэвіч. Фота: Стаха Войтава

«Раман Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы» — калейдаскоп, кабінет крывых люстэрак, імклівая язда на амерыканскіх горках і псіхадэлічныя відзежы, быццам пад уздзеяннем ЛСД. Адным словам, надзвычайная чытанка!» — так пачынае сваю рэцэнзію на раман Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы» Крыстаф Нік у выданні literatur.review. Публікуем рэцэнзію цалкам у перакладзе Веры Дзядок.

Беларускі пісьменнік і публіцыст Альгерд Бахарэвіч выдаў свой раман «Сабакі Эўропы» ў 2017 годзе на свай радзіме — у Беларусі; між тым кніга там забаронена. Вясной 2024 года раман быў выдадзены па-нямецку ў выдавецтве Voland & Quist. Аўтар піша з магічнай перспектывы. Што гэта значыць, магічная перспектыва? У Чадзе (там я ў сярэдзне 1980-х вёў адзін праект удалечыні ад вялікіх гарадоў) можа здарыцца, што работнік прыходзіць на працу з невялічкай ранай на пальцы і на пытанне, што здарылася, адказвае: «Мяне ўкусіла піла». Магічнае мысленне надзяляе сваім уласным жыццём кожную рэч. Ні ў якім разе нельга блытаць гэта з магічным рэалізмам — чароўным сродкам, які выкарыстоўваюць усё часцей і ўжо не толькі лацінаамерыканскія аўтары, каб зрабіць рэчаіснасць крыху больш зноснай. Для таго, хто мысліць магічным спосабам, рэчы ёсць не «мёртвымі», як апісваем іх мы, мыслячы рэлістычна, але поўнымі жыцця і здольнымі дзейнічаць. Гэта мысленне, гэты метад пранізвае ўвесь раман. На пачатку кнігі міліцыянер кажа Алегу Алегавічу, герою першай часткі, што той, пэўна, валодае многімі мовамі. Алег адказвае станоўча, але пытаецца сам сябе, а хто кім уласна валодае, ён мовамі ці яны ім. Звычайна чытач чытае кнігу. Але з «Сабакамі Эўропы» ўсё інакш. Тут, вядома ж, чытач таксама чытае кнігу, але праўдзіва і адваротнае. Кніга таксама чытае свайго чытача.

Магічны падыход непасрэдна ўплывае і на мову. Пісьменнік амаль на кожнай старонцы прэзентуе абсалютна нечаканыя вобразы, ды яшчэ і шматкроць камбінуе іх з супярэчлівымі сродкамі. Яго вялікае мастацтва палягае ў тым, што пры гэтым не ўзнікае ўражання прыцягнутасці за вушы, штучнасці або налёту ракако, што б значыла, што ён перабаршчыў. Не. Усё гарманічна. І перакладчык з беларускай на нямецкую Томас Вайлер здзейсніў тытанічную працу, як і сам пісьменнік. «Сабак Эўропы», хаця гэта зусім няпростая кніга, не хочацца выпускаць з рук. Настолькі яна захапляе.

Разгарнуўшы кнігу, пасля зместу мы знойдзем урывак з верша Ўістэна Х’ю Одэна на смерць У. Б. Ейтса. Прыводзяцца дзве страфы з трэцяй часткі верша. 

In the nightmare of the dark
All the dogs of Europe bark,
And the living nations wait,
Each sequestered in its hate;

Урывак сканчаецца радком «Follow, poet, follow right/ To the bottom of the night…»*

Мне пры гэтым уяўляецца такая карціна: Еўропа незадоўга да пачатку Другой сусветнай вайны. Сабакі — гэта падбухторшчыкі вайны; народы ненавідзяць адзін аднаго і вось-вось адбудзецца абрынанне ў самыя глыбокія глыбіні апраметнай. Аднак Альгерд Бахарэвіч маніпулюе намі. Ён цытуе няслушна, бо шматкроп’я няма ў вершы Одэна. Бахарэвіч дадаў яго ад сябе, адначасова прыхаваўшы два іншыя радкі:

With your unconstraining voice
Still persuade us to rejoice

Гэтыя два радкі даюць усяму вершу зусім іншае гучанне. Падобным чынам пісьменнік пастаянна водзіць нас за нос у «Сабаках Эўропы». Сабакі могуць быць звадыяшамі, але таксама ўсімі намі, якіх могуць схапіць адлоўшчыкі сабак, калі палічаць гэта патрэбным. Усё мае падвойнае дно.

Альгерд Бахарэвіч у сваім рамане называе або намякае на амаль усе найважнейшыя раманы еўрапейскай культуры за больш як 200 гадоў. Але ёсць адсылкі таксама да «Адысеі» і казак «Тысячы і адной ночы». А таксама да Піфагора, які лепш памрэ, чым дазволіць замінаць сабе крэсліць колы. Ён узнікае двойчы, ускосна. Сваю ролю адыгрывае таксама і цудоўная кніга «Незвычайнае падарожжа Нільса Хольгерсана з дзікімі гусямі» Сельмы Лагерлёф, аднак Альгерд Бахарэвіч распавядае гісторыю юнага Нільса ў дзвюх розных версіях, і абедзве адрозніваюцца ад напісанага Сельмай Лагерлёф. Прывід Кафкі лунае праз усе часткі, аднак толькі ў апошняй («След») яго называюць па імені. (Вуліца ў Празе называецца там вуліцай Грэгара Зандэра, намёк на навелу Кафкі «Ператварэнне», героя якой завуць Грэгар Замза). Сваю гульню гуляе ў гэтай кнізе і Дыяніс, старажытнагрэцкі бог віна, які ўвасабляе хаос і чыёй супрацьлегласцю ёсць рацыянальны Апалон, прадстаўнік парадку. Бо інакш чаму там столькі тых, для каго алкаголь з’яўляецца эліксірам жыцця? Людзі ўплецены ў свой лёс, як персанажы ранніх грэцкіх трагедый. А персанаж апошняй часткі, Тэрэзіюс Скіма, прыгожы і свядомы моды чалавек, які ў 2050-м, вядома ж, носіць кароткую міні-спадніцу, — ці не названы ён у гонар Тэйрэзія, сляпога прадракальніка ў грэцкай міфалогіі, які некалькі гадоў быў жанчынай, перамяніўшы свой пол?

Таму прыведзены на пачатку кнігі ўрывак з верша з’яўляецца прысвячэннем, што падзейнічала на мяне як брама, праз якую я мусіў прайсці, пакорліва схіліўшы галаву. Спачатку мы трапляем у царства Алега Алегавіча. Ён знаходзіцца на допыце, бо міліцыя расследуе смерць маладога чалавека, з якім ён быў знаёмы. Гаворка ідзе пра штучную мову — бальбуту, прыдуманую Алегам. («Я назваў яе бальбута. Аднаму богу вядома чаму. 

А богам быў я»). Калі зыходзіць з французскага дзеяслова balbutier, то «бальбута» значыць «мармытаць» або «мямліць». Для Алега яго вынайдзеная мова ёсць мовай свабоды і вялікай прыгажосці. Яна не асабліва прыдатна для строгасці, дысцыпліны, закону і суда. Бальбута праходзіць скрозь раман чырвонай ніткай. Мова свабоды. Зноў і зноў сустракаюцца пара сказаў, урыўкаў, а нават і старонак, цалкам напісаных на бальбуце.

У першай частцы («Мы лёгкія, як папера») расказваецца, як Алег стварае мову і збірае невялікае кола людзей, якія на ёй размаўляюць. Гаворка ідзе аб дыктатуры ў Беларусі і аб захопніцкі прэтэнзіях Расіі, якая хоча зноў уключыць у сваю імперыю страчаныя пасля 1991 года тэрыторыі. А можа і не толькі іх. Гэта аўтар паказвае праз хлапечыя гульні ў перыяд палавога выспявання і піша пра гэта так: «Іхныя сьпехам нарэзаныя народзікі шпарылі па-расейску, хоць і мелі, на паперы, свае нацыянальныя мовы. Нешта нагадвае, праўда?». Такім чынам, няхай і вымушана закамуфлявана, няспелым дзіцём выяўляецца Уладзімір Пуцін, які спрабуе здзейсніць гульню, у якую ў кнізе гуляюць некалькі падлеткаў. У апошняй частцы («След»), дзеянне якой адбываецца ў 2050 годзе, існуе «Новы Расейскі Райх», які зноў уключае ў сябе Беларусь. Яму супрацьстаіць Вялікая Еўропа, якая, на наша здзіўленне, строга абараняе ўнутраныя нацыянальныя межы і мае розныя нацыянальныя валюты: няма больш ні еўра, ні Шэнгенскай прасторы. Аднак Балтыю расейцы яшчэ не змаглі вырваць у Захада, яна застаецца ўсходняй мяжой вялікай Еўропы.

Дзеянне другой часткі («Гусі, людзі, лебедзі») адбываецца ў 2049 годзе ў вёсцы на заходняй мяжы Расіі, недалёка ад Мінска. Вяскоўцы жывуць у вялікім страху і пад пастаянным назіраннем, ім пагражаюць пакаранні пугай. Амаль усе маладыя мужчыны пайшлі на вайсковую службу і ніколі не вяртаюцца, таму што гінуць, перш за ўсё на паўднёвай мяжы. Бішкек, Кабул, Тэгеран, Харбін і Пхеньян — усё гэта расейскія гарады, або, прынамсі, у гэта вераць вяскоўцы. А яшчэ яны вераць у тое, што больш не існуе Мінска, ранейшай беларускай сталіцы паблізу. Як не існуе і Парыжа, на які скінулі (атамную?) бомбу. Але Мінск і Парыж яшчэ з’явяцца ў апавяданні.

Усе шэсць частак рамана пабудаваныя на персанажах, якія задаюць пытанні і разважаюць. Уся справа насамрэч у іх. Такім ёсць Алег, таксама як два з тых траіх, з якімі ён дзеліцца сваёй мовай свабоды. У другой частцы гэта хлопчык, у трэцяй («Неандэртальскі лес») старая вядзьмарка, у чацвёртай («Трыццаць градусаў у ценю») ізноў Алег, які нясе летнім днём пластыкавы пакет праз Мінск, якім той быў у 2015-м. Ён павінен перадаць праз кагосьці пакет для сваёй маці. Але ці можа гэта быць Алег? Апавяданне вядзецца ад яго асобы, ён, як і Алег, жыве ў вельмі маленькай кватэры, чытач адразу ж думае пра яго, аднак распавядальнік выпадкова бачыць Алега ў кавярні, калі той размаўляе на бальбуце са сваім першым вучнем. Гэту сцэну мы ўжо ведаем з першай часткі. У пятай частцы («Капсула часу») Алег з’яўляецца ў ролі настаўніка, аднак мы даведваемся, што гэта быў ён, толькі ў шостай частцы («След»). У гэтым апошнім вялікім апавяданні ў 2050 годзе няма ні прозы, ні паэзіі, ні на Захадзе, ні на Усходзе. Брыдкае само ўяўленне аб літаратуры. Кнігі? Фу, як брыдка!

Апрача шасці асноўных частак, у якіх заўжды сустракаецца як мінімум адзін элемент, што мае функцыю эстафетнай палачкі, ёсць яшчэ пяць убудаваных кароценькіх частак, вершаў і італьянскі рэцэпт, які, як на мой густ, бясспрэчна, таксама ёсць вершам, таму што там сустракаюцца пасажы накшталт наступнага: «Сьвежым базілікам закідваючы сыр і сьвет,
Лечысься ад рэўнасьці, расейшчыны і іншых ран, »

«Сабакі Эўропы» як амерыканскія горкі. Для іх патрэбна смеласць, аднак за яе ты будзеш шчодра ўзнагароджаны. 

На шчасце, выдавецтва размясціла нумары старонак амаль у паветры у левым верхнім полі, пасунуўшы іх амаль на два сантыметры ўніз побач з тэкстам. Так можна пры чытанні заўжды трымацца за іх, як за парэнчы ў аўтамабілі, калі павароты занадта крутыя або ты ўзлятаеш і падаеш. Чаму злева, а не справа? Таму што чытач — кіроўца, а не пасажыр! Той, хто дзейнічае сам і не дае выкарыстоўваць сябе, напрыклад, дыктатару. Той, хто задае пытанні і ведае, што не на ўсе можна знайсці адказ. Так Альгерд Бахарэвіч узвышае сваіх чытачоў.
Той, хто наважыцца прачытаць гэту кнігу, будзе зачараваны. Аднак у апошняй частцы ён часам не будзе ведаць, у раі ён яшчэ або ўжо ў пекле. Ён нават не будзе да канца ўпэўнены ў тым, што паміж адным і другім існуе адрозненне. Ці не ёсць пекла таксама раем, а рай — пеклам? Хаця бы трошкі? Як чорнае і белае ў Інь і Ян.

Але ж жыццё не бывае безнадзейным, хаця слова «надзея» не згадваецца ні разу на працягу 740 старонак. На старонцы 21 пісьменнік укладвае Алегу Алегавічу ў вусны наступныя словы: «Я ведаю, што немагчымае магчыма. А інакш і жыць няма чаго». З тым і пройдзем праз цяжкія часы.

budzma.org,
пераклад Веры Дзядок

Перакладчыца выказвае падзяку Альгерду Бахарэвічу за магчымасць зверыць цытаты.