22 чэрвеня 2024 у Менску памерла Лідзія Савік, вядомая літаратуразнаўца, дасьледчыца творчасьці беларускіх пісьменьнікаў і паэтаў. Сп. Лідзія адыйшла ў вечнасьць на 89 годзе жыцьця. Дараваны ёй доўгі жыцьцёвы шлях яна выкарыстала з найбольш магчымаю эфэктыўнасьцю. Доўгія гады нястомна працавала дзеля беларускай культуры і навукі. Абараніла кандыдацкую дысэртацыю ў галіне філялёгіі, працавала навуковай супрацоўніцаю ў…
22 чэрвеня 2024 у Менску памерла Лідзія Савік, вядомая літаратуразнаўца, дасьледчыца творчасьці беларускіх пісьменьнікаў і паэтаў. Сп. Лідзія адыйшла ў вечнасьць на 89 годзе жыцьця. Дараваны ёй доўгі жыцьцёвы шлях яна выкарыстала з найбольш магчымаю эфэктыўнасьцю. Доўгія гады нястомна працавала дзеля беларускай культуры і навукі. Абараніла кандыдацкую дысэртацыю ў галіне філялёгіі, працавала навуковай супрацоўніцаю ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН Беларусі, выкладала беларускую літаратуру як прафэсар Беларускага дзяржаўнага ўніверстэта культуры і мастацтваў, зьяўлялася сябрам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў і старшынёй камісіі па вяртанні спадчыны беларускіх пісьменнікаў. З 1992 году была сябрам Саюзу пісьменьнікаў Беларусі.
Дасьледчыцкая праца сп. Савік мела сваю адметную асаблівасьць. Яна адной з першых пачала займацца дасьледаваньнем і вяртаньнем спадчыны тых творцаў, чые імёны былі выкрасьленыя з гісторыі беларускай культуры ў выніку сталінскіх рэпрэсіяў. Імёны забітых і забытых паэтаў і пісьменьнікаў дзякуючы сп. Лідзіі былі вернуты з небыцьця. Калі надарылася магчымасьць у канцы 80-х пачатку 90-х гадоў, яна працавала з закрытымі раней архівамі КДБ і здабыла адтуль шмат праўдзівай інфармацыі пра лёсы рэпрэсаваных, якую скарыстала ў сваіх публікацыях.
Сёньня мы павінны быць удзячныя Лідзіі Савік і за тое, што яна адкрыла для беларусаў на Бацькаўшчыне імёны і творчасьць літаратараў, якія жылі і плённа працавалі ў эміграцыі. “Жалезная заслона”, што аддзяляла іх ад Беларусі, не давала ім магчымасьці мець сувязі з Радзімаю, але яны засталіся на чужыне глыбока нацыянальнымі творцамі і іх творчая спадчына павінна была стаць важнай часткаю агульнабеларускай культуры. Дзеля гэтага сп. Лідзія актыўна працавала, зьбірала матэрыялы пра жыцьцё і дзейнасьць вядомых беларусаў у Францыі, Нямеччыные, ЗША. У 2001 годзе выйшла з друку ў Беларусі ейная кніга “Пакліканыя: літаратура беларускага замежжа”. Дзьве кнігі пра знакамітага беларускага дзеяча і навукоўца ў замежжы Барыса Кіта таксама пабачылі сьвет у Беларусі – “Вяртанне. Жыццяпіс Барыса Уладзіміравіча Кіта” у 1993 годзе і “Космас беларуса. Жыцьцяпіс Барыса Уладзіміравіча Кіта, асьветніка, вучонага, патрыёта” у 1996 годзе.
Знаходзіла час сп. Лідзія і для грамадзкай працы. Ад самага пачатку далучылася да дзейнасьці Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, уваходзіла ў ягоныя кіруючыя структуры. Актыўна ўдзельнічала ў падрыхтоўцы і правядзеньні ў Менску ў ліпені 1993 году Першага зьезду беларусаў сьвету. Менавіта ў гэтых справах мне давялося шмат кантактаваць са сп. Лідзіяй, пабачыць яе надзвычайную адказнасьць, яе адданасьць беларускай справе, яе высокі інтэлектуальны ўзровень і інтэлігентнасьць.
Сп. Лідзія была маёй сяброўкаю і паплечніцаю. Сумна, што мы так ніколі больш не пабачыліся з ёю пасьля майго адьезду з Беларусі ў 1999 годзе. Так, як і з многімі іншымі маімі сябрамі і паплечнікамі па сумеснай працы ў ЗБС “Бацькаўшчына”. Няўмольны час забірае адзін за адным тых беларускіх адраджэнцаў, актывістаў, якія сваёй нацыянальнай працаю тварылі новае Беларускае Адраджэньне. На жаль, яны сталі сьведкамі і той разбуральнай дзейнасьці рэжыму, якая нішчыць усё зробленае імі і, урэшце рэшт, іхныя ўласныя жыцьці. Не ўсім давядзецца дажыць да скону злачыннага антыбеларускага рэжыму. Але, імёны адраджэнцаў таго пакаленьня і памяць пра іх трэба шанаваць і захоўваць.