Амаль два стагоддзі таму, у 1830 годзе, народы Беларусі, Польшчы і Літвы падняліся на вызваленчае паўстанне супраць Расійскай імперыі, спрабуючы аднавіць сваю страчаную дзяржаўнасць. Сярод паўстанцаў была 24-гадовая графіня Эмілія Плятэр, якая змагалася разам з мужчынамі, а паводле некаторых сцверджанняў, нават арганізавала і ўзначаліла партызанскі атрад. Расказваем, як склаўся лёс гэтай жанчыны, імя якой яшчэ пры жыцці стала легендай.

Беларускія ўлады і прапагандысты робяць усё магчымае, каб беларусы не ведалі сваёй гісторыі: перапісваюць падручнікі ў школах, ствараюць псеўдагістарычныя дапаможнікі для ідэолагаў і нападаюць на нацыянальных герояў праз падкантрольныя СМІ. Яны спрабуюць даказаць, што нашая гісторыя нібыта пачынаецца з СССР, сваёй незалежнасцю мы абавязаныя Аляксандру Лукашэнку, а нашая краіна — частка «рускага свету».

Насамрэч Беларусь — частка вялікай еўрапейскай сям’і і была ёю вельмі доўгі час. У нашым праекце «Агульная гісторыя» мы раскажам пра людзей і з’явы, якія многія гады звязваюць Беларусь з Украінай, Польшчай, Літвой і Латвіяй і якія аб’ядноўвалі нашыя краіны ў барацьбе за дэмакратыю і свабоду.

Нараджэнне ў Вільні, дзяцінства ў Латвіі і цікавасць да беларушчыны

Эмілія Плятэр нарадзілася ў 1806 годзе ў Вільні (сучасны Вільнюс) у сям’і графаў Плятэраў, якія мелі ўладанні на тэрыторыі сучасных Беларусі, Польшчы, Літвы і Латвіі. Тады гэта была тэрыторыя Расійскай імперыі. За 11 гадоў да гэтага, у 1795-м, адбыўся апошні, трэці, падзел Рэчы Паспалітай — федэратыўнай дзяржавы, якая аб’ядноўвала жыхароў гэтых краін. Тэрыторыю РП падзялілі паміж сабой суседзі, значная частка тэрыторыі дасталася Расіі.

Эмілію нярэдка называюць «беларускай Жаннай д’Арк». Але нягледзячы на яе цікавасць да нацыянальнай культуры і нашай мовы (пра гэта ніжэй), гэта не зусім карэктна. У першую чаргу таму, што нацый у сучасным разуменні гэтага слова ў тыя часы яшчэ не існавала. Многія нашыя знакамітыя суайчыннікі (напрыклад, кіраўнік паўстання 1794 года Тадэвуш Касцюшка, паэт Адам Міцкевіч) былі патрыётамі Рэчы Паспалітай і належалі адначасова да некалькіх культур — беларускай, польскай і літоўскай, на аснове якіх фармавалася іх свядомасць. У пытанні дзяржаўнасці яны арыентаваліся на аднаўленне РП, дзе ў апошнія дзесяцігоддзі існавання пераважала польская ідэнтычнасць. Але пры гэтым называлі сябе ліцвінамі і памяталі пра сваё паходжанне (назва «Беларусь» тады яшчэ не замацавалася за тэрыторыяй нашай краіны). Таму іх, як і Эмілію Плятэр, можна лічыць нацыянальнымі героямі і прадстаўнікамі некалькіх краін і культур: Беларусі, Польшчы і Літвы.

Цяпер застаецца зразумець, чым жа яна заслужыла такі статус. Дзяцінства Эміліі прайшло ў Вільні. Яе бацька любіў гулянкі і картачныя гульні, маці ж была паважнай жанчынай, якая на фоне мужа вылучалася інтэлектам. У 1815-м, калі дзяўчынцы было дзевяць гадоў, бацькі развяліся. Пасля гэтага Эмілія разам з маці пераехала ў маёнтак Ліксна, што належаў Плятэрам-Зібергам, іх далёкім сваякам. Цяпер гэта вёска на тэрыторыі Латвіі, у ваколіцах сучаснага Даўгаўпілса. Ад палаца, дзе жыла Плятэр, захаваўся толькі фрагмент сцяны. Тады ж маёнтак знаходзіўся на тэрыторыі Віцебскай губерні, на памежжы некалькіх культур. Плятэры-Зіберты былі багатыя, яны валодалі 15 тысячамі прыгонных сялян.

Сядзібны палац і капліца ў Ліксне (Латвія), што належалі Плятэрам-Зібергам, малюнак Напалеона Орды, 1870-я гады. Выява: commons.wikimedia.org

Дзяўчына, як гэта было прынята ў той час, атрымала хатнюю адукацыю. Больш за ўсё яе цікавілі гісторыя і матэматыка. Як адзначалі гісторыкі, яна літаральна даймала свайго настаўніка пытаннямі пра мінулае Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ, беларуска-літоўская дзяржава) і Польшчы і іх кіраўнікоў. Яе цікавіла, чаму многія людзі, якія жывуць на тэрыторыі былога ВКЛ, лічаць сябе палякамі і ў той жа час называюць сябе патрыётамі роднага краю. Яе не захаплялі ні гульні з лялькамі, ні модныя строі, ні танцы.

Плятэр з цікавасцю вывучала архівы сядзібы, рана навучылася абыходзіцца са зброяй, страляць і фехтаваць. Яна захаплялася гераінямі паэзіі Адама Міцкевіча (ён быў яе сучаснікам — нарадзіўся ўсяго на восем гадоў раней), а таксама рэальнымі персанажамі: знакамітай францужанкай Жаннай д’Арк і Ласкарынай Бубулінай (гераіняй грэцкага паўстання за незалежнасць — яна будавала за свае сродкі караблі).

Такія погляды шмат у чым тлумачыліся часам, у які расла Эмілія Плятэр. Тады, у першай палове XIX стагоддзя, у Еўропе панаваў рамантызм. Як пісалі даследчыкі, «можна казаць пра рамантыка як пра асаблівы тып асобы — чалавека моцных жарсцяў і высокіх памкненняў, несумяшчальнага са штодзённым светам. Прывабнымі для рамантыкаў робяцца фантастыка, народныя музыка, паэзія, паданні — усё, што паўтара стагоддзя разглядалася як жанры дробныя, не вартыя ўвагі. Рамантызму ўласцівае сцверджанне свабоды, суверэннасці асобы, павышаная ўвага да адзінкавага, непаўторнага ў чалавеку, культ індывідуальнага. Упэўненасць у самакаштоўнасці чалавека абарочваецца пратэстам супраць выраку гісторыі».

Эмілія Плятэр, гравюра ХІХ стагоддзя. Выява: Achille Devéria, polona.pl, commons.wikimedia.org

Менавіта такой была юная графіня Плятэр. Гэтым лёгка тлумачыцца яе цікавасць да рамантычных герояў, якія змагаюцца за свабоду, а таксама да беларускай мовы і культуры. Ураджэнец Віцебска, этнограф і мемуарыст Максіміліян Маркс пісаў ва ўспамінах, што яго маці сябравала з Плятэр. «Яна першай — мяркую, што не памыляюся — з запалам, уласцівым чулым і шляхетным сэрцам, душой аддалася беларускаму люду, вывучала яго беды і спачувала яму, імкнучыся, па магчымасці, аблегчыць яго лёс, збірала і спявала яго песні, добра плаціла за іх дастаўку і спрабавала сваё пяро ў наследаванні ім. На фартэпіяна яна магла вельмі падобна перадаць і радасць, і сум народных матываў, і нават тэмбры сапрана-жалейкі і баса-дуды. Аднойчы яна абдымкамі і пацалункамі нават прымусіла маю маці танцаваць з ёю лепятуху (народный танец. — Заўв. рэд.), а тая не магла адмовіць капрызу свавольнай, аднак мілай Эмількі», — успамінаў ён.

Плятэр прызналася маці Максіміліяна, што нават навучылася галасіць — то-бок аплакваць памерлых родных, як гэта рабілі простыя сялянкі. «Спеў гэты кранальны, сумны, плаксівы, выкліканы сардэчным болем, імправізаваны на выпадак, падобны на выццё і непрыдатны для пераймання. Аднак для той, што пакахала люд усім сэрцам, нічога не было немагчыма, і звонкім голасам яна пачала: „Авой, авой, дзяцюк ты мой! Не на радасць, не на шчасце ты радзіўся“. І ўсе пакуты, усе мучэнні жыцця беларускага хлопца былі тут падрабязна пералічаныя, выразна акрэсленыя і глыбока адчутыя».

Максіміліян Маркс. Фота: facebook.com/vicebski.sshytak

Мемуары самога Маркса напісаныя па-польску (і ўжо пасля перакладзеныя на беларускую). Хутчэй за ўсё, яго сям’я мела зносіны з Плятэр менавіта на мове нашых заходніх суседзяў. Але відавочна, што галашэнне выконвалася менавіта на беларускай.

Рэпрэсіі ўладаў і загадкі асабістага жыцця

Сталенне Эміліі праходзіла ў гады рэпрэсій на нашых землях з боку расійскіх уладаў. У пачатку 1820-х гадоў у Вільні ўзніклі таемныя патрыятычныя таварыствы філаматаў і філарэтаў. Сярод іх прадстаўнікоў былі паэты Адам Міцкевіч і Ян Чачот, навуковец Ігнат Дамейка і многія іншыя. Усе яны былі звязаныя з Віленскім універсітэтам. У 1823 годзе таварыствы былі раскрытыя, пачаліся масавыя арышты.

Як адзначаў гісторык Алесь Белы, у выніковае абвінавачанне для ўдзельнікаў гэтых груп (следства ішло ў 1823−1824 гадах) увайшлі наступныя «грахі»: «1. Сам удзел у таемных таварыствах. Па сутнасці, аналагічны беларускаму жупелу „дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі“ <…> 2. Беззаконнае прыўлашчванне сабе самавольнага ўплыву на выхаванне моладзі. <…> 3. Чытанне на сходах філарэтаў вершаў, не сумяшчальных з вернасцю расійскаму трону». За гэтыя «злачынствы» пад суд аддалі 108 чалавек, 20 з іх выслалі ў глыбіню Расіі ці зняволілі ў турме. «І за гэтую „жахлівую віну“ былі паламаныя сотні лёсаў! Бо апроч 108 чалавек, прыгавораных урэшце да таго ці іншага пакарання, многія зламаліся нават ад самой дэманстратыўнай расправы», — пісаў Белы.

Карціна Валянціна Ваньковіча «Адам Міцкевіч на скале Аю-Даг» (1827−1828), Нацыянальны музей у Варшаве. У Крыме паэт знаходзіўся пасля высылкі з радзімы. Выява: latribunedelart.com, commons.wikimedia.org

У тым самым 1823 годзе адзін са сваякоў Эміліі напісаў на дошцы ў гімназіі фразу «Жыве Канстытуцыя 3 Траўня» — гэта адбылося 3 траўня, у гадавіну прыняцця Канстытуцыі Рэчы Паспалітай. За гэта юнака аддалі ў салдаты. Гэтыя падзеі напэўна ўмацавалі нелюбоў Плятэр да расійскіх уладаў. Калі да яе пасватаўся камендант Даўгаўпілскай крэпасці, генерал Міхаіл Каблукоў, яна дала яму зразумець, што шлюб немагчымы: той быў прадстаўніком краіны, якая груба нішчыла свабоду яе радзімы. А наогул пра асабістае жыццё Плятэр мала што вядома. Сустракаюцца згадкі, што яна была закаханая ў маладога і прыгожага капітана інжынерных войскаў барона Даль-Івінга. Але нават пра гэтыя адносіны фактычна нічога не вядома. У шлюб яны не ўступалі, дзяцей у Эміліі не было.

Як наогул выглядала Плятэр? У XIX стагоддзі, ужо пасля яе смерці, ствараліся шматлікія партрэты жанчыны (некаторыя з іх можна ўбачыць і ў нашым тэксце). З іх на гледачоў часцей за ўсё глядзіць сапраўдная прыгажуня. Але гэтыя выявы не зусім адпавядаюць рэчаіснасці.

Ігнат Дамейка — фігурант справы філаматаў і філарэтаў, які стаў пазней нацыянальным героем Чылі, — так пісаў пра яе ў мемуарах: «Слабай прывабнасці, бледная, непрыгожая, але з круглым, прыемным, сімпатычным тварам, блакітнымі вачыма, стройная, але далікатнага целаскладу; яна была сур’ёзнай, хутчэй строгай, чым чароўнай, гаварыла мала і валодала сабой з такім выглядам, які патрабаваў належнай увагі і прыстойнасці; ніхто ў лагеры ў яе прысутнасці не вымавіў ніводнага смешнага слова, не пажартаваў і не парушыў ветлівых манераў. На ёй было шэрае паліто даўжынёй да каленяў з чырвоным каўняром і карункавым каўнерыкам на шыі, які вельмі пасаваў ёй. На галаве — мужчынскі берэт, валасы каротка падстрыжаныя, шырокія, да зямлі, шаравары, на поясе — кінжал і маленькая шабля, на чаравіках — срэбныя шпоры. Сціплая, без нейкіх ненатуральных прэтэнзій, яна добра трымалася на кані, а побач з ёй неадлучна знаходзілася яе сяброўка <…>, сімпатычная і вясёлая пані Рашановіч, якая вельмі ўсім падабалася».

Эмілія Плятэр на чале касінераў, карціна Яна Багуміла Розена. Выява: pinakoteka.zascianek.pl, commons.wikimedia.org

«Побач з ёю стаяла пані Рашановіч, вельмі сімпатычная маладая асоба. Што да пані Плятэр, то яна не вылучалася асаблівай чароўнасцю; маленькая станістая смуглявая бландзінка, мужчынскае адзенне зусім не падкрэслівала яе прыгажосці», — дадаваў іншы мемуарыст.

Так што прыгажосць Плятэр на пазнейшых выявах — хутчэй, вынік яе міфалагізацыі і гераізацыі. Зрэшты, існуюць і звесткі, што Эмілія карысталася папулярнасцю ў мужчын. Як успамінаў усё той жа Максіміліян Маркс, у Віцебску «кватараваў у той час нейкі полк коннай гвардыі — гусарскі або ўланскі, добра не памятаю. Заможная і разгульная вайсковая моладзь, захопленая абаяннем панны Плятэр, круцілася вакол яе з захапленнем, а яна, маркотная ад легкадумнай дакучлівасці і не заўсёды зграбных заляцанняў тых, каго яна ў вочы называла маленькімі амурамі поўначы (les petits amours du nord), старанілася, як магла, ад баляў і клубаў». Цалкам магчыма, што прычынай гэтай халоднасці было ўсё тое ж — нелюбоў да захопнікаў радзімы.

План захопу крэпасці і першыя баі

Нагода падняцца на барацьбу супраць Расіі з’явілася досыць хутка.

Наогул першае выступленне нашых продкаў са зброяй у руках супраць захопнікаў адбылося яшчэ ў 1794-м, да нараджэння Эміліі. Гаворка пра паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі — апошнюю спробу не дапусціць трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай.

Потым частка беларусаў у 1812-м падтрымала Напалеона, які ўварваўся са зброяй у руках на тэрыторыю Расійскай імперыі. Сярод іх быў і Францішак Ксаверы Плятэр, бацька Эміліі. Калі рускія войскі пачалі адступаць з Вільні, ён выйшаў на балкон свайго палаца, пляскаў ім і крычаў па-польску «лёгкага ветру». За гэта рускі афіцэр, знаёмы Плятэра, загадаў у яго страляць. Пасля гэтага граф, вядома, неадкладна знік з вачэй.

Эмілія Плятэр падчас бітвы, карціна Георга Бенедыкта Вундэра. Выява: polona.pl, commons.wikimedia.org

Пасля перамогі над Напалеонам расійскія ўлады стварылі ў складзе імперыі Царства Польскае (займала частку тэрыторыі сучаснай Польшчы) і нават далі яму канстытуцыю. Але чым далей, тым больш правы палякаў абмяжоўваліся, як і дзеянне асноўнага закона. Асабліва часта гэта пачало адбывацца з 1825 года, калі на трон у Санкт-Пецярбургу ўзышоў новы імператар Мікалай I. Гэтыя абставіны, а таксама жаданне аднавіць Рэч Паспалітую, і прывялі да падрыхтоўкі паўстання.

Плятэр даведалася пра гэта загадзя ад сваіх стрыечных братоў — Фердынанда і Люцыяна, якія ўваходзілі ў таемную арганізацыю па падрыхтоўцы паўстання. На знак даверу да Эміліі яны раскрылі свае планы наконт захопу найважнейшай Дынабургскай (цяпер Даўгаўпілскай) крэпасці і ўзбраення паўстанцкіх войскаў зброяй, што там захоўвалася. Саму сястру пасля гэтага прынялі ў арганізацыю па падрыхтоўцы паўстання.

Тая аддавала ўвесь вольны час вывучэнню ваеннай тактыкі. Таксама яна камунікавала з мясцовымі жыхарамі, даследавала мясцовасць, завязвала кантакты з даверанымі людзьмі з іншых раёнаў. Перад самым пачаткам паўстання Плятэр выправілася ў Вільню, але мясцовы камітэт, які рыхтаваў паўстанне, не стаў абмяркоўваць з ёю ваенныя пытанні: жанчыне відавочна не давяралі.

Паўстанне пачалося ў Варшаве ў другой палове лістапада 1830 года — раней, чым планавалася. Таму на тэрыторыі былога ВКЛ — то-бок сучасных Літвы і Беларусі — яго падтрымалі не адразу, а толькі ў пачатку сакавіка 1831-га. Да таго часу маці Плятэр памерла — і ўтрымаць Эмілію ад удзелу ў выступах ужо ніхто не мог. 25 сакавіка графіня пакінула «страхавальную» запіску, у якой паведамлялася наступнае: «У гэтым лісце я сведчу, што ніхто не схіляў мяне да гэтага кроку, які я зрабіла сёння, — больш за тое, мая цётка <…> спрабавала адгаварыць мяне». Пасля гэтага яна абстрыгла свае доўгія валасы, пашыла сабе мужчынскі ўбор (той самы, які апісваў Дамейка) — і далучылася да паўстання.

Запіска Эміліі Плятэр ад 25 сакавіка 1831 года пра далучэнне да паўстання. Фота: commons.wikimedia.org

Ступень рэальнага ўдзелу Эміліі ў баявых дзеяннях — досыць дыскусійнае пытанне. Напрыклад, сустракаецца інфармацыя, што 29 сакавіка 1831 года яна з’явілася на плошчы мястэчка Дусяты (цяпер літоўскі горад Дусетас) і заклікала людзей падняцца на барацьбу. У выніку з дапамогай аднадумца за чвэрць гадзіны ёй удалося сабраць атрад на 280 стралкоў, 60 конных і некалькі сотняў касінераў (сялян, узброеных косамі). На наступны дзень атрад напаў на мясцовую паштовую станцыю і разбіў невялікае рускае злучэнне, захапіўшы 30 коней і касу. Потым, аб’яднаўшыся з іншым, буйнейшым, атрадам, яны ўзялі горад Езяросы (цяпер гэта літоўскі Зарасай). У іншых публікацыях можна знайсці інфармацыю, што Плятэр узяла апошні населены пункт самастойна.

Але ёсць і больш крытычны падыход. «Сумнеўныя звесткі пра тое, што Эмілія сфармавала ўласнае падраздзяленне колькасцю каля 300 чалавек і на чале якога атрымала шэраг значных перамог. Адкуль у Эміліі ваенныя навыкі, асабліва камандзірскія? Таму малаімаверна, што яна камандавала якімі-небудзь вайсковымі часткамі. Гістарычныя крыніцы не пацвярджаюць зафіксаваных у легендах бітваў», — адзначаюць польскія аўтары.

Выкажам здагадку, што ісціна недзе пасярэдзіне. Плятэр несумненна была ў партызанскім атрадзе і ўдзельнічала ў баявых дзеяннях — гэты факт нікім не аспрэчваецца і пацвярджаецца шматлікімі крыніцамі. Яна магла сапраўды ўзначальваць атрад, але, хутчэй, толькі намінальна. Рэальныя баявыя задачы ставілі перад паўстанцамі іншыя людзі. Эмілія ж як мінімум натхняла ўдзельнікаў сваёй мужнасцю, адвагай, патрыятызмам і — што хаваць — самім тым фактам, што яна жанчына.

Ранняя смерць і нараджэнне легенды

Зрэшты, Плятэр была не адзінай жанчынай у шэрагах паўстанцаў. Разам з ёю змагаліся, напрыклад, Барбара Чарноўская і Антаніна Тамашэўская — абедзве праславіліся як кавалерысткі. Але легендай стала менавіта Эмілія. Відаць, галоўная прычына ў тым, што згаданыя ўдзельніцы паўстання засталіся жывыя пасля яго завяршэння і пражылі доўгае жыццё, а вось Плятэр — не.

Эмілія Плятэр у бітве пад Шаўлямі, карціна Войцеха Косака. Выява: adapter.pl, commons.wikimedia.org

Рускія войскі хутка апамяталіся ад стартавых няўдачаў. У Зарасай, які быў пад кантролем атрада Плятэр, скіравалі батальён грэнадзёраў, якія адбілі горад. Падраздзяленне жанчыны было рассеянае.

30 красавіка 1831 года яна прыбыла ў горад Смілгяй (цяпер вёска ў Літве), дзе ў той час знаходзіўся буйны корпус паўстанцаў. З’яўленне Плятэр падняло настрой і ўмацавала веру паўстанцаў у перамогу. Аднак камандзір не прыняў яе ў атрад і параіў вярнуцца дадому. Тая адказала, што яе сілы слабыя, але яна можа дапамагчы мужчынам змагацца за свабоду. Але ў выніку паехала ў літоўскі горад Укмерге, дзе дзякуючы сваім знаёмствам была прынятая ў іншы паўстанцкі атрад. Там яна пазнаёмілася з Марыяй Рашановіч (мы згадвалі пра яе вышэй), былой настаўніцай у жаночай школе-інтэрнаце, якая стала яе ад’ютанткай і суправаджала амаль да самай смерці. У складзе гэтага атрада яны ўзялі ўдзел у некалькіх баях у траўні 1831 года.

І вось тут стала зразумела, чаму Эмілію так настойліва адпраўлялі дадому. Як пісалі даследчыкі, Плятэр была слабай, часта хварэла: «Яе камандзіры і баявыя таварышы былі толькі радыя пазбавіцца ад яе, бо яна прыносіла ім нямала клопатаў — занадта часта яе даводзілася абараняць і нават ратаваць, калі яна падала з каня ці страчвала прытомнасць». Тым часам на дапамогу паўстанцам з Польшчы ў пачатку чэрвеня прыйшлі рэгулярныя часткі Войска Польскага пад камандаваннем генерала Дэзідэрыя Хлапоўскага. Ён прызначыў Плятэр ганаровым капітанам, але адначасова загадаў ёй вярнуцца дадому. Эмілія адмовілася: мужнасці і волі да перамогі ў яе было дастаткова.

Аднак паўстанне ўжо было асуджанае на паразу: паўстанцы нічога не маглі зрабіць з рэгулярным войскам Расійскай імперыі, а заходнія краіны ніяк не дапамаглі. У пачатку ліпеня пад пагрозай акружэння Хлапоўскі вырашыў перайсці на тэрыторыю Прусіі і скласці зброю. «Лепш памерці, чым быць так прыніжанай», — заявіла Эмілія і адмовілася выконваць загад генерала. Яна вырашыла працягнуць барацьбу і прабірацца разам з ад’ютанткай і сваім стрыечным братам Цэзарыем Плятэрам у Варшаву, якая яшчэ змагалася.

Польская банкнота 1936 года з выявай Эміліі Плятэр. Фота: W. Borowski, commons.wikimedia.org

Яны ішлі начамі праз лес, пакутуючы ад голаду, смагі і стомы. Урэшце Эмілія не вытрымала. На яе нагах адкрыліся раны. Яна яшчэ спрабавала ісці, але ўвесь час страчвала прытомнасць. Яе ўдалося пакінуць у вёсцы Юстынава ў сядзібе шляхціца Ігната Абламовіча, які сімпатызаваў паўстанцам. Эмілію ўжо шукалі расійскія ўлады, таму яна назвалася чужым імем. Цэзарый Плятэр і Марыя Рашановіч выправіліся ў Варшаву.

Пад наглядам гаспадароў Плятэр пачала ачуньваць, але, відаць, вестка пра канчатковую паразу паўстання стала для яе моцным ударам. Знясілены арганізм не змог перамагчы хваробу, і 23 снежня 1831 года 25-гадовая Эмілія памерла і была таемна пахаваная пад чужым імем на могілках недалёка ад сядзібы.

У выніку барацьба 1830−1831 гадоў пацярпела паразу, але натхніла патрыётаў на новы выступ праз тры дзесяцігоддзі, калі ўспыхнула ўжо паўстанне Кастуся Каліноўскага. Таму яго можна лічыць адным з першых крокаў да будучага вызвалення беларускага, польскага і літоўскага народаў ад Расіі, што захапіла нашыя землі.

Магіла Эміліі Плятэр у горадзе Капчамесціс, Літва. Фота: pl.wikipedia.org, Kazik144, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Праз год пасля смерці Плятэр Адам Міцкевіч напісаў верш «Смерць палкоўніка» (нагадаем, што насамрэч Плятэр насіла званне капітана). Вось яго канцоўка ў перакладзе на беларускую мову:

Ды xaвaць кaмaндзipa жaўнepы

He змaглi: нaляцeлi якpaз мacкaлi…

У кaплiцы для ўcix — нacцeж дзвepы.

Taм ляжaў ён нa лaвe — ў cпaкoi чaлo.

У pyкax ягo — кpыж, збoч — нягнyткi

Hoж-кiнжaл i pyжжo, вa ўзгaлoўi — cядлo.

Люд дзiвiўcя: тaкi мaлaдзюткi!

Ды чaмy твap дзявoчы ў бaйцa? Двa гpyдкi…

Xтo ж мoг знaць, штo бaёў зaвaдaтap

Быў… дзяўчынaй! Былa — cлёз нe тpэбa, жaнкi, —

To лiцьвiнкa Эмiлiя Плятэp!

Так Эмілія канчаткова зрабілася легендай. У яе гонар у Польшчы і Літве называюць вуліцы і навучальныя ўстановы, ставяць помнікі (у Беларусі нічога з гэтага пакуль няма), бо яна стала сімвалам барацьбы за свабоду, не пабаяўшыся аддаць за перакананні і ідэалы ўласнае жыццё.

news.zerkalo.io