Навумчык: «Рэжым ня зьменіцца яшчэ дзясятак гадоў, а то і паўтара дзесяцігодзьдзя»

Ілюстрацыйны здымак. Павал Хадзінскі

Палітычны аналітык Сяргей Навумчык лічыць, што, выпрацоўваючы стратэгіі, трэба сыходзіць з горшага. 

Сяргей Навумчык: «Фашысцкі рэжым у Расеі (адпаведна, і ў Беларусі) ня зьменіцца яшчэ дзясятак гадоў, а то і паўтара дзесяцігодзьдзя (быў шанец перамагчы РФ і зьнішчыць яе як імпэрыю, але Захад яго ўпусьціў у 2022-м).  

Канешне, “чорны лебедзь” можа прыляцець кожны момант, сытуацыя можа кардынальна зьмяніцца. Усё можа быць. Але калі жыць не спадзяваньнямі на цуд, а сыходзіць з аб’ектыўных працэсаў, — асабіста я ня бачу падстаў для аптымізму. Ня кажучы ўжо пра верагоднасьць (хутчэй так, чым не) сусьветнай ядзернай вайны.

Тых, хто ізноў папракне мяне ў “песымізьме” — адсылаю да верасьня  2020-га, калі я аспрэчваў заявы атачэньня Ціханоўскай, што “да лістапада Лукашэнкі ня будзе”. 

Я тады казаў, што, упусьціўшы адзіную магчымасьць зрынуць рэжым праз агульнанацыянальны страйк у жніўні (які рыхтаваць трэба было зь вясны), бітву трэба лічыць прайгранай, што наперадзе — доўгае супрацьстаяньне, галоўнае ў якім — праца ў галіне нацыянальнай самасьвядомасьці, без чаго беларусы будуць зноў і зноў падманвацца.

Разумею, што тады яшчэ існавала эйфарыя, што верылася ў лепшае, і ўсё ж…  Магчыма, у такіх сытуацыях важную ролю адыгрывае ўласны палітычны досьвед, які, на жаль, назапашваецца толькі з гадамі.

Паўтара дзесяцігодзьдзя — мізэрны тэрмін для Гісторыі, і нават для палітычнага фармаваньня (дакладней — дафармоўваньня) нацыі. Але гэта вялікі пэрыяд у маштабе чалавечага жыцьця.

Вось з гэтага (з горшага), мне падаецца,  і трэба сыходзіць, выпрацоўваючы стратэгіі — і агульныя (для палітыкаў ды грамадзкіх дзеячоў), і асабістыя. А найперш, у самай важнай на сёньня тэме —  тэме вызваленьня палітвязьняў».

novychas.online