Прэзідэнт Польшчы назваў класічнай дэзінфармацыяй пагрозы кіраўніка СЗВ Расіі, якія прагучалі ў Мінску

Ілюстрацыйнае фота: Anthony Beck / pexels.com

Прыкладам “класічнай расійскай дэзінфармацыі, тыповай для савецкай школы прапаганды” назваў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда пагрозы, якія прагучалі ад кіраўніка Службы знешняй выведкі Расіі Сяргея Нарышкіна 15 красавіка ў Мінску.

Нарышкін, у прыватнасці, заявіў, што ў выпадку магчымай агрэсіі НАТО супраць Беларусі і Расіі першымі пацерпяць Польшча і краіны Балтыі: “Яны (краіны НАТО. — “Позірк”.) павінны б зразумець, але пакуль не разумеюць, што ў выпадку агрэсіі з боку Паўночнаатлантычнага альянсу супраць Саюзнай дзяржавы ўрон будзе нанесены, безумоўна, усяму блоку НАТО, але ў большай ступені першымі, хто пацерпіць, будуць носьбіты такіх ідэй сярод палітычных колаў Польшчы і прыбалтыйскіх краін”, — заявіў Нарышкін.

Паводле яго сцвярджэння, Польшча і краіны Балтыі “адрозніваюцца высокай агрэсіўнасцю, прынамсі на словах, увесь час грукаюць зброяй”.

Гэтыя пагрозы, паводле інфармацыі польскага агенцтва ПАП, Дуда пракаментаваў на прэс-канферэнцыі ў Заграбе пасля сустрэчы з прэзідэнтам Харватыі Зоранам Міланавічам.

“Гэта кажа Расія, якая перакідвае сваю ядзерную зброю ў Беларусь, нахабна набліжаючы яе да меж НАТО і Еўрасаюза. Расія, якая паводзіць сябе агрэсіўна ў адносінах да НАТО і рэалізуе свой жорсткі і крывавы імперыялізм, нападаючы на Украіну ўжо трэці год”, — сказаў Дуда.

Ён падкрэсліў, што НАТО — выключна абарончы альянс. “Усё, што робіць НАТО, — гэта адказ на расійскую агрэсію. <…> НАТО ніколі ні на каго не нападала і не нападае; гэта альянс, які толькі забяспечвае бяспеку”, — заявіў прэзідэнт Польшчы.

Дуда заклікаў да спакою і разважлівасці, працягнення цяперашняга палітычнага курсу, заснаванага на ўмацаванні бяспекі і стабільнасці. “Умацаванне еўраатлантычных сувязей, мадэрнізацыя нашых армій, каб патэнцыял стрымлівання быў рэальным у нашых краінах — <…> гэта адзіная эфектыўная палітыка, якую трэба працягваць рэалізоўваць спакойна і паслядоўна”, — сказаў ён.

У Мінску Нарышкін выдаў абарончыя крокі Варшавы за наступальныя: “Польшча дайшла да таго, што заяўляе пра свае планы ўсталяваць уздоўж меж з Беларуссю і Калінінградскай вобласцю РФ каля 2 млн супрацьтанкавых мін і вельмі хацела б, разлічвае і спадзяецца атрымаць яшчэ і амерыканскую ядзерную зброю”. Як размяшчэнне супрацьтанкавых мін, прызначаных для абароны, дэманструе “агрэсіўнасць”, ён не растлумачыў.

“Яны ніяк не могуць зразумець, што менавіта нарошчванне ваеннай актыўнасці каля меж Расіі і Беларусі стала адным з фактараў, адной з прычын цяперашняга вялікага, вострага і вельмі небяспечнага крызісу на Еўрапейскім кантыненце”, — заявіў прадстаўнік выведкі краіны, якая ў 2022 годзе пачала поўнамаштабную агрэсію супраць Украіны, што стала найбуйнейшым канфліктам у Еўропе з часоў Другой сусветнай вайны.

Нарышкін паведаміў таксама, што на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам абмяркоўваў “шэраг пытанняў, што тычацца рэгіянальнай, глабальнай бяспекі”.

“Аляксандр Рыгоравіч падтрымаў і заўсёды падтрымлівае сумесную дзейнасць спецслужбаў нашых дзвюх дзяржаў па забеспячэнні інтарэсаў, забеспячэнні бяспекі нашых дзяржаў, Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі, забеспячэнні бяспекі грамадзян нашых дзвюх краін”, — адзначыў кіраўнік СЗВ.

15 жніўня 2024 года ў інтэрв’ю тэлеканалу “Расія” Лукашэнка прыгразіў Захаду “калі трэба” ператварыць абарончыя планы ў наступальныя. 8 красавіка 2025 года ў інтэрв’ю тэлевізійнай кампаніі СНД “Мір” ён заявіў пра дамоўленасць з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным “глядзець наперад” і “бачыць іншыя напрамкі і магчымыя тэатры ваенных дзеянняў“.

pozirk.online