13 верасня ў Лондане ў Скарынаўскай бібліятэцы пройдзе сустрэча з пісьменніцай і перакладчыцай Ганнай Янкутай, паведамляе nadzeya.co.uk. Гаворка будзе пра дакументальную прозу, паэзію і пераклады замежнай літаратуры на беларускую мову.

Як гаворыцца ў анонсе сустрэчы, Ганна Янкута распавядзе пра свае кніжныя праекты апошніх гадоў, перадусім пра раман “Час пустазелля”, што пісаўся ў Варшаве вясной і летам 2022 года. Гэта раман пра спробы знайсці сябе ў новай рэальнасці пасля нападу Расеі на Украіну, пра валанцёрскую працу перакладчыцай на мяжы і ў гуманітарных пунктах, пра паездкі ў Беларусь і асэнсаванне сябе эмігранткай, пра суадносіны паміж гістарычным і геалагічным часам.

Таксама пісьменніца прадставіць (эка)паэтычны праект “Геалогія”/“Канстытуцыя”. Гэта спроба асэнсаваць беларускія падзеі 2020 года праз прызму галоўнага беларускага закону, які пастаянна парушаецца, а таксама супаставіць дзве з’явы – палітычную дыктатуру і дыктатуру антрапацэну. “Геалогія” і “Канстытуцыя” – гэта адна і тая ж кніга, якая па-рознаму была надрукаваная ў Беларусі і ў Польшчы.

Таксама Ганна Ягкута раскажа пра свае пераклады замежных аўтараў (перадусім англамоўных: Дж. Остэн, Ч, Дыкенс, А. К. Дойл, К. Ісігура, С. Руні) на беларускую мову.

13 верасня (пятніца), пачатак – 18.30
Скарынаўская бібліятэка, 37 Holden Road, London, N12 8HS

bellit.info