Беларусы ў эміграцыі рэгулярна сутыкаюцца з рознага кшталту абмежаваннямі і забаронамі: ад віз і пашпартоў – да аўтамабіляў і прававога статусу. І гэты спіс пытанняў расце.
Дарадца па парламенцкім супрацоўніцтве і Канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька і прадстаўніца Народных амбасадаў Беларусі Аляксандра Мамаева распавялі пра дакумент, распрацаваны Парламенцкай Асамблеяй Рады Еўропы.
«У даведніку апісваюцца канкрэтныя крокі, рэалізацыя якіх дапаможа беларусам у эміграцыі», – кажа Аляксандра Мамаева:
– І ў гэтых рэкамендацыях, якія павінны стаць такой настольнай кнігай усіх нацыянальных парламентаў краінаў, якія ўваходзяць у Раду Еўропы, змяшчаюцца вельмі практычныя рэкамендацыі, як вырашаць праблемы беларусаў. Напрыклад, у павышэнні мабільнасці, выдаваць больш візаў, спрашчаць візавыя рэжымы. У легалізацыі, выдаваць пашпарты замежніка, прызнаваць пашпарт Новай Беларусі, прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты.
«З даведнікам ад Рады Еўропы можна звяртацца ў Нацыянальныя парламенты, напрыклад, Польшчы, Літвы і Латвіі», – кажа Анатоль Лябедзька:
– Гэта могуць рабіць Народныя амбасады, прадстаўнікі арганізацый і беларускіх, і праваабарончых той ці іншай краіны. І гаварыць, вось глядзіце – міжнародная арганізацыя прыняла такія рэкамендацыі, а ў нас там у Латвіі, у Літве, у Польшчы на практыцы зусім іншае. Гэта адзначае, што трэба прыводзіць нацыянальнае заканадаўства ў адпаведнасць вось да гэтых рэкамендацый. І гэта тое, што практычна мы можам зараз рабіць.
«Гэта спроба вырашыць праблемы на прававым заканадаўчым узроўні сістэмна. Але мы павінны рабіць гэта разам», – дадаў Анатоль Лябедзька.