«Адмоваў стане больш, працэдура ўскладніцца». У чым сутнасьць новай міграцыйнай стратэгіі Польшчы

Ілюстрацыйнае фота

Урад Польшчы ўхваліў міграцыйную стратэгію краіны на 2025–2030 гады. Дакумэнт выклікаў спрэчкі ў вышэйшых эшалёнах улады Польшчы, для беларусаў таксама могуць быць зьмены.

Дакумэнт, прадстаўлены ўрадам польскага прэм’ера Дональда Туска, афіцыйна называецца «Атрыманьне кантролю. Гарантаваньне бясьпекі. Комплексная і адказная міграцыйная стратэгія Польшчы на 2025–2030 гады». Стратэгія падкрэсьлівае намаганьні Польшчы спыніць міграцыйныя праблемы, якія рэгулярна паўстаюць апошнімі гадамі, у прыватнасьці на ўсходняй мяжы зь Беларусьсю. У дакумэнце прыводзіцца лічба — у Польшчы знаходзіцца 2,5 мільёна іншаземцаў, якія маюць намер застацца ў краіне на працяглы тэрмін.

15 кастрычніка ўрад Польшчы зацьвердзіў новую міграцыйную стратэгію.

10 тысяч беларусаў

Польшча — адна з самых папулярных сярод беларусаў краінаў для эміграцыі. Існавала шмат шляхоў атрыманьня дазволу на жыхарства і іншых спосабаў легалізацыі: праз карту паляка і польскія карані, гуманітарныя прычыны, міжнародную абарону, статус уцекача.

Адзін з самых папулярных шляхоў легалізацыі беларусаў у Польшчы пасьля 2020 году — міжнародная абарона (ochrona uzupełniajaca). На канец красавіка 2024 году яе атрымалі больш за 10 тысячаў грамадзян Беларусі — такую лічбу называе кіраўніца аддзелу прававой дапамогі ў Цэнтры беларускай салідарнасьці Вольга Дабравольская. Толькі за 9 месяцаў 2024 году прашэньні на абарону падалі яшчэ 2900 беларусаў. Падацца на міжнародную абарону і статус уцекача можна было на мяжы.

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда (зьлева) і прэм’ер-міністар Дональд Туск, архіўнае фота

Спрэчка прэм’ера і прэзыдэнта

Новая міграцыйная стратэгія прадугледжвае магчымасьць часова альбо тэрытарыяльна прыпыняць прыём хадайніцтваў аб наданьні прытулку ў Польшчы замежнікам. Як мяркуецца, гэтае права польскія ўлады будуць выкарыстоўваць у тым выпадку, калі існуе пагроза дэстабілізацыі краіны праз наплыў імігрантаў. Аднак такая прапанова ўжо выклікала спрэчкі ў польскім Сэйме падчас абмеркаваньня 16 кастрычніка.

«Заявы прэм’ер-міністра ў апошнія дні не спрыяюць абароне нашай мяжы і абмежаваньню міграцыі, — сказаў прэзыдэнт Анджэй Дуда, выступаючы перад парлямэнтам. — Яны перашкодзяць прадстаўнікам беларускай апазыцыі шукаць прытулку ў Польшчы».

Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск запярэчыў. Па яго словах, абмежаваньні на наданьне прытулку будуць тычыцца тых, хто спрабуе незаконна пранікнуць на тэрыторыю Польшчы зь Беларусі.

Адзін зь мігрантаў, як мяркуецца, з Афганістану, стаіць, спрабуючы падаць заяву аб міжнароднай абароне ў Польшчы, недалёка ад мяжы зь Беларусьсю. 20 жніўня 2021 году

«На беларусаў гэта таксама паўплывае»

Юрыст, сябра Чэскай калегіі адвакатаў Алесь Міхалевіч лічыць, што небясьпечны сам факт абмеркаваньня Польшчай больш жорсткай міграцыйнай палітыкі, пры якім згадваецца Беларусь. На яго думку, на беларусаў новая стратэгія таксама паўплывае, і паўплывае ў дрэнны бок.

«Вядома, што змаганьне ідзе не з грамадзянамі Беларусі, а з грамадзянамі іншых краінаў, для якіх Лукашэнка выступае такім фасілітатарам нелегальнай міграцыі. То бок чалавекам, які дапамагае перапраўляць нелегальных мігрантаў празь мяжу. Па ўсіх эўрапейскіх і сусьветных нормах яны маюць права зьвярнуцца на мяжы па прытулак. І Польшча вельмі даўно фактычна парушае іх права на прытулак», — сьцьвярджае Алесь Міхалевіч.

Алесь Міхалевіч

Ён узгадвае выпадкі, калі доўгі час чачэнцы ды іншыя выхадцы з Каўказу спрабавалі трапіць у Польшчу зь Берасьця на тарэспальскім цягніку.

«Звычайна ў працэдуру атрыманьня статусу ўцекача, умоўна, бралі са 100 чалавек аднаго-двух альбо адну сям’ю. Усіх астатніх прымусова саджалі на цягнік і адпраўлялі назад. Гэта было парушэньнем эўрапейскіх законаў.

Цяпер у Канцэпцыі ідзе гаворка пра тое, што палякі хочуць усталяваць свае правілы — каб на мяжы немагчыма было прасіць прытулку. І гэта робіцца не для беларусаў, гэта робіцца ў дачыненьні да іншых нацыянальнасьцяў. Але ясна, што калі будзе забаронена іншым прасіць прытулку на мяжы, то гэта будзе фактычна забаронена і беларусам», — сьцьвярджае адвакат Міхалевіч.

«Больш адмоваў»

Пакуль інфармацыі пра магчымыя новаўвядзеньні няшмат. Але некаторыя працэдурныя моманты дакладна стануць для беларусаў больш складанымі, мяркуе экспэрт.

«Напрыклад, беларусы ў Польшчы пры атрыманьні міжнароднай абароны наагул былі пазбаўленыя інтэрвію — яны не праходзілі праз гэтую абавязковую ў многіх краінах працэдуру. Мяркую, што цяпер будзе ўведзена інтэрвію, павялічыцца колькасьць адмоваў беларусам у статусе, але пакуль з дакумэнта гэтага не вынікае.

Многае будзе залежаць ад таго, якія канкрэтныя інструкцыі будуць перададзеныя супрацоўнікам міграцыйнай службы», — выказвае сваё меркаваньне адвакат.

Беларусаў Польшчы палохаюць выпадкі, калі грамадзян Беларусі, якія некалі служылі ў войску альбо працавалі ў дзяржаўных установах, абвінавачваюць у пагрозе нацыянальнай бясьпецы Літвы і на гэтай падставе адмаўляюць у атрыманьні дазволу на жыхарства. Аднак адвакат Алесь Міхалевіч мяркуе, што ў Польшчы да такой практыкі ня дойдзе.

«Таму што Польшча, у адрозьненьне ад Літвы, не баіцца беларусаў. Літву можна зразумець, бо ў літоўскамоўную краіну прыехалі дзясяткі тысяч украінцаў, і значная большасьць асядае ў вялікіх гарадах. Літва баіцца русыфікацыі. І гэта выкарыстоўваецца „ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі“ — каб адвадзіць і беларусаў, каб беларусы перасталі прыяжджаць, падавацца на статусы.

Думаю, што ў Польшчы такога ня будзе, бо Польшча не ўспрымае беларусаў як небясьпеку доўгатэрміновую, як небясьпеку з гледзішча інтэграцыі, асыміляцыі. Але, паўтаруся, выпадкаў адмоваў у наданьні пэўнага статусу стане больш. Працэдура атрыманьня прытулку ўскладніцца», — мяркуе адвакат Алесь Міхалевіч.

svaboda.org