2 лютага спаўняецца 185 год з дня народзінаў адметнай, лёсавызначальнай постаці беларускай гісторыі Кастуся Каліноўскага. З гэтай нагоды прапануем прайсціся мясцінамі, дзе бываў Каліноўскі ў розныя перыяды жыцця. Амплітуда інтарэсаў нацыянальна-вызвольнага дзеяча, аднаго з кіраўнікоў Студзеньскага паўстання была вельмі шырокай, адпаведна, і сённяшняя вандроўка будзе падзелена між некалькімі краінамі.

Фота: valatsuga.by

Мастаўляны, Ялоўка (Гарадоцкая гміна, Падляшскае ваяводства, Польшча)

Нарадзіўся Кастусь Каліноўскі у 1838 годзе ў Мастаўлянах, якія сёння знаходзяццца па польскі бок за некалькі кіламетраў ад беларускай мяжы. Бацька Кастуся Сымон быў беззямельным гарадзенскім шляхцічам, які валодаў невялікай ткацкай мануфактурай у Мастаўлянах. Ягоны род герба Калінова вядомы ажно з XVІ стагоддзя. Маці — Вераніка з роду Рыбінскіх — памерла, калі Кастусю было пяць год.

Фота: budzma.org. Помнік Кастусю Каліноўскаму ў Мастаўлянах

Вядома, што хрысцілі Кастуся Каліноўскага ў старым драўляным касцёле Міхала Арханёла ў Ялоўцы, што паблізу ад Мастаўлянаў, збудаваным яшчэ ў XVIII стагоддзі на сродкі старасты Казіміра Сапегі. Але сёння той драўляны касцёл мы не ўбачым, на ягоным месцы на ўзгорку насупраць узведзенага пазней мураванага касцёла сёння стаіць плябань. Да нядаўняга часу побач з колішнім касцёлам захоўвалася надмагільная пліта святара Францішка Каранеўскага, які, меркавана, хрысціў Каліноўскага, але і яна знікла.

Плябань, на месцы якой стаяў драўляны касцёл, дзе хрысцілі Кастуся Каліноўскага. Фота: budzma.org.

Хоць з часоў Каліноўскага тут захавалася і няшмат, але ўсім, хто хоча ўшанаваць памяць выбітнага нацыянальнага дзеяча, варта завітаць на Падляшша, як мінімум у Мастаўляны, прагуляцца старой брукаванкай ды пабачыць адзін з нешматлікіх помнікаў Кастусю Каліноўскаму.

Якушоўка (Свіслацкі раён, Гродзенская вобласць, Беларусь)

У 1949 годзе сям’я Кастуся Каліноўскага перабралася жыць у фальварак Якушоўка, месцазнаходжанне якога сёння бліжэй да сучаснай вёскі Ятвеск. Тут і бавіў маладыя гады маленькі Кастусь. Ад колішняга сядзібнага дома Каліноўскіх у Якушоўцы сёння можна пабачыць закансерваваныя падмуркі, знойдзеныя падчас археалагічных раскопкаў Міхасём Ткачовым у 1987 годзе. Побач стаіць камень з памятнай шыльдай.

Яшчэ сярод месцічаў існуе легенда, што захавалася прысада, высаджаная ў юнацкія гады перад тым, як з’ехаць вучыцца ў Пецярбург, уласна Кастусём Каліноўскім разам з ягоным бацькам Сымонам. Так яно ці не, дакладна невядома, але прысада з даволі старымі ліпамі сустрэне кожнага, хто наведаецца ў Якушоўку.

Свіслач (Гродзенская вобласць, Беларусь)

Першапачатковую адукацыю Кастусь Каліноўскі атрымаў у 1847–1852 гг. у Свіслацкай гімназіі, пасля сканчэння якой некалькі год яшчэ пражыў у бацькоўскім маёнтку ў Якушоўцы, займаючыся гаспадаркай ды самаадукацыяй. Вялікі ўнёсак у станаўленне асобы Кастуся Каліноўскага ў тыя гады зрабіў ягоны брат Віктар, каторы на той час навучаўся ў Маскоўскім універсітэце і быў сябрам Віленскай археалагічнай камісіі па справе даследавання старажытных беларускіх рукапісаў.

Фота: Мікіта Пастухоў

Будынак свіслацкай гімназіі захаваўся і сёння. У наш час ён з’яўляецца часткай комплексу раённага шпіталя. Варта зазначыць, што з гімназіяй знітаваныя лёсы вялікай колькасці дзеячаў беларускага вызвольнага руху ХІХ стагоддзя і іншых выбітных асобаў. Тут вучыліся палітычныя дзеячы і паўстанцы Віктар Гельтман, Рамуальд Траўгут, мастак і кампазітар Напалеон Орда, брат Кастуся Каліноўскага Віктар і шмат хто іншы.

Яшчэ ў Свіслачы варта звярнуць увагу на адзіны на дадзены момант у Беларусі помнік Кастусю Каліноўскаму аўтарства Заіра Азгура, усталяваны тут яшчэ за савецкім часам. Месціцца ён непасрэдна перад будынкам колішняй гімназіі ў Свіслачы.

Фота: Мікіта Пастухоў

Гродна (Гродзенская вобласць, Беларусь)

Пасля навучання разам з братам Віктарам у Пецярбургскім універсітэце Каліноўскі вяртаецца на радзіму і працягвае актыўна ўдзельнічаць у жыцці таемных рэвалюцыйных арганізацыяў краю. Вядома, што ў Гродне (Савецкая, 7), на кватэры Ідэльфонса Мілевіча, адбываліся сустрэчы ўдзельнікаў Гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі, якія наведваў Кастусь Каліноўскі.

Яшчэ адзін будынак, які памятае Кастуся, месціцца па той жа вуліцы, (Савецкая, 23). Тут была сядзіба і гатэль Севярына Ромэра. Гаспадар і ягоная жонка Тэадора актыўна дапамагалі паўстанцам, у іх доме, верагодна, таксама адбываліся сустрэчы Каліноўскага з удзельнікамі гродзенскай арганізацыі. Сярод гродзенцаў будынак яшчэ доўга называлі «гатэлем Ромера», або «гатэлем паўстанцаў».

Фота budzma.org

Вялікая Бераставіца (Гродзенская вобласць, Беларусь)

Існуе меркаванне, што ўлетку 1862 года першыя нумары «Мужыцкай праўды» аўтарства Кастуся Каліноўскага друкаваліся ў сутарэннях барочнага касцёла Наведзін Найсвяцейшай Панны Марыі пры колішнім кляштары кармелітаў, пабудова якога завершылася ў 1741 годзе. Сёння ад касцёла можна пабачыць толькі крушні, але вельмі маляўнічыя.

Кейданы (Ковеньскі павет, Літва)

Вядома, што пасля друку першага нумара «Мужыцкай праўды» Каліноўскі выправіўся на вяселле сястры ягоных сяброў Далеўскіх — Апалоніі і капітана расійскага Генштаба Зыгмунда Серакоўскага, які на той час з’яўляўся адным з кіраўнікоў таемнай арганізацыі ў Літве і Беларусі. Вянчанне адбывалася ў касцёле Святога Юзафа, які можам пабачыць у Кейданах і сёння. Урачыстасць называлі «апошняй мазуркай на Літве», бо край знаходзіўся амаль у вайсковым стане і масавыя мерапрыемствы былі забароненыя.

Вільня

З Вільняй звязаныя апошнія гады Кастуся Каліноўскага. Тут захавалася шмат памятных мясцінаў. Першай з іх прапануем наведаць дом Ямантаў па вуліцы Вялікай, дзе Каліноўскі сустракаўся са сваёй нарачонай Марыяй Ямант і неаднаразова бываў па справах паўстання — Яманты прымалі ў ім актыўны ўдзел.

Фота: Б****т

Захаваліся і адрэсы канспіратыўных кватэраў, дзе спыняўся «дыктатар паўстання ў Беларусі і Літве». Апошнім ягоным прытулкам сталася кватэра 16 у гімназічным доме насупраць касцёла Святога Яна па вуліцы Замкавай (Pilies, 19). Адсюль яго пад псеўданімам Ігнат Вітажэнец і забралі царскія жандары, папярэдне ачапіўшы ўвесь квартал, бо Каліноўскі не раз уцякаў ад іх. Выдаў яго расійскім уладам сябра менскай паўстанцкай арганізацыі Вітольд Парфіяновіч.

Фота Б****т

Дамініканскія муры

Вязніца, дзе Каліноўскі правёў свае апошнія гады жыцця, месціцца па вуліцы Святога Ігната (Šv. Ignoto, 11), на тэрыторыі Дамініканскага кляштара. У 1812 годзе расійскія ўлады перарабілі частку кляштара ў вязніцу і тут трымалі палонных філарэтаў, удзельнікаў Лістападаўскага паўстання, такі ж лёс напаткаў і Каліноўскага з большасцю затрыманых на той час паплечнікаў. Марыю Ямант трымалі ў кляштарных сценах насупраць. У вакно кожны з іх мог бачыць месца зняволення іншага. Сёння на колішняй вязніцы Каліноўскага можам пабачыць мемарыяльную шыльду.

Фота budzma.org

У турме Каліноўскі на аркушах, дадзеных для сведчанняў, напісаў легендарныя «Лісты з-пад шыбеніцы», разважаў пра лёс радзімы, развітаўся з Марыяй вершам «Марыська чарнаброва, галубка мая…». Усе гэтыя творы захаваліся дзякуючы цётцы Марыі Ямант Ядвізе Макрыцкай. Яна, падкупіўшы ахоўніка, здолела атрымаць каштоўныя аркушы.

Фота budzma.org

Каліноўскі прызнаўся следчым, што сапраўды «канавод паўстання на Літве», але адмовіўся сведчыць супраць сваіх паплечнікаў. Неўзабаве яму быў вынесены смяротны прысуд — пакаранне праз расстрэл, які асабістым загадам генерал-губернатара Мураўёва быў заменены на павешанне.

Фота budzma.org

Лукішская плошча

Пакаранне было здзейснена на Лукішскай плошчы 22 сакавіка 1864 года на вачох шматлікіх віленчукоў. Кастусь паводзіў сябе прынцыпова і дзёрзка. Калі зачытвалі прысуд і назвалі Каліноўскага «дваранінам», ён перабіў царскага службоўцу і выгукнуў: «У нас няма дваранаў, усе роўныя!». На меркаваным месцы пакарання, амаль пры самым касцёле Святых Якуба і Піліпа можам пабачыць мемарыяльную шыльду і драўляны крыж у гонар Кастуся Каліноўскага ды ягонага паплечніка Зыгмунта Серакоўскага, пакаранага тут жа за некалькі месяцаў да яго.

Гара Гедыміна

Доўгі час сярод месцічаў Вільні існавала меркаванне, што парэшткі Кастуся Каліноўскага і іншых паўстанцаў расійскія карнікі таемна пахавалі, засыпаўшы вапнаю, на гары Гедыміна, дзе на той час стаяў расійскі вайсковы гарнізон, каб пазбегнуць магчымага паломніцтва з боку мясцовага люду.

Фота: shutterstock.com, by Сathouseproduction.

Але доказаў гэтаму доўгі час не знаходзілася, пакуль праз некалькі апоўзняў на гары Гедыміна ў 2016 годзе не пачалі працаваць археолагі. Яны выявілі пахавальную яму з парэшткамі 20 паўстанцаў, сярод якіх быў і Кастусь Каліноўскі.

Капліца на могілках Росы

Фота: shutterstock.com, by Radoslaw Maciejewski

Скрайнім прыпынкам нашага маршруту будзе месца апошняга спачыну Кастуся Каліноўскага — капліца з трунамі паўстанцаў на старажытным віленскім некропалі Росы. 22 лістапада 2019 года тут урачыста перапахавалі парэшткі Кастуся Каліноўскага, Зыгмунта Серакоўскага і яшчэ 18 паўстанцаў 1863–1864 гадоў.

ПЖ, budzma.org