«Сем сымптомаў беларускасьці» — так назваў свой фільм Якаб Вёленштайн, кіраўнік беларускага офісу фонду Конрада Адэнаўэра, які месьціцца ў Вільні.
Якаба Вёленштайна, прадстаўніка вядомага нямецкага фонду KAS (Konrad Adenauer Stiftung) ведаюць ня толькі як міжнароднага дзеяча, які займаецца праектамі разьвіцьця дэмакратыі, а яшчэ і як аўтара рэпэрскіх тэкстаў і песень пра Беларусь.
Гэтым разам Якаб Вёленштайн прапанаваў беларусам творчы падарунак у іншым відзе мастацтва — дакумэнтальна-мастацкую стужку з разважаньнямі пра адкрытую для сябе краіну Беларусь, яе жыхароў і іхную ідэнтычнасьць. Прэзэнтацыя фільма адбылася ў Вільні 24 кастрычніка.
Як належыць, фільм немагчымы без інтрыгі. Паводле сюжэту, немец Якаб заблудзіў у сталіцы Беларусі, але з дапамогай ветлівых жыхароў (з тварамі вядомых беларускіх апазыцыянэраў, сярод іх Сьвятлана Ціханоўская) нарэшце трапляе па патрэбным адрасе, населеным маладымі, энэргічнымі і крэатыўнымі людзьмі, якімі ён пачынае захапляцца. Далейшыя сустрэчы, у тым ліку пад акампанэмент гітары Лявона Вольскага, яшчэ мацней пераконваюць Якаба ў тым, што насельнікі гэтай краіны — сапраўдныя эўрапейцы. Госьць адчувае, што падхапіў незвычайны вірус, зьвяртаецца да лекара, ролю якога выконвае палітычны аналітык Арцём Шрайбман, але ўжо позна. Якаб стаў «распаўсюджвальнікам вірусу» любові да Беларусі, у якога ёсьць ажно 7 сымптомаў. І ўсе яны пра тое, чым адметная Беларусь і чаму ёй наканавана вярнуцца ў Эўропу.
Пасьля першай дэманстрацыі фільма «Сем сымптомаў беларускасьці» карэспандэнт «Радыё Свабода» запытаўся ў аўтара, які з дасьледаваных ім сымптомаў ён лічыць самым важным сёньня.
Пра сымптомы беларускасьці
«Можа, гэта тое, што я назваў верай у сваю беларускасьць, у вашу асаблівасьць і адначасова ў прыналежнасьць да эўрапейскай культуры. Мне здаецца, з гэтай верай беларусы змогуць дамагчыся зьменаў, да якіх яны імкнуцца — жыць у дэмакратычнай краіне ў складзе населенай многімі самабытнымі народамі, але адзінай Эўропы», — мяркуе Якаб Вёленштайн.
Асабісты шлях Якаба Вёленштайна да Беларусі пачаўся ў 2017 годзе. Тады ён упершыню прыехаў у краіну як супрацоўнік фонду Конрада Адэнаўэра для рэалізацыі праекту. Да 2020 году такіх візытаў, успамінае Якаб, было ня менш за два дзясяткі, агулам у краіне ён правёў прыкладна два месяцы. Прызнаецца, што ня так гэта і шмат, але запэўнівае, што шчыра палюбіў Беларусь і яе людзей.
«А калі адбыўся 2020 год, я адкрыў для сябе, што большасьць беларусаў ня хочуць гэтай дыктатуры», — дзеліцца Якаб яшчэ адным важным уражаньнем.
Пра палоннага прадзеда, які адбудоўваў зруйнаваны Менск
Акрамя сучасных праблем, немца Вёленштайна звязвае зь Беларусьсю і нітачка, якая цягнецца з трагічнай мінуўшчыны.
«Прадзед як ваеннапалоны быў у Менску», — расказвае Якаб сямейную гісторыю, якую чуў ад сваёй бабулі. Прадзед ваяваў на Ўсходнім фронце ў складзе вэрмахту і апынуўся сярод тых нямецкіх ваеннапалонных, якія пасьля вайны адбудоўвалі разбураны Менск.
«Гэта было доўга, ён яшчэ ў 50-х гадах там працаваў на будоўлях. А як вярнуўся, яны з прабабуляй былі адным цэлым, гэта вельмі кранальная гісторыя, мы дагэтуль пра гэта ўспамінаем. Але я прадзеда не застаў, мне толькі ягоная дачка, мая бабуля расказвала, што пра Менск у яго заўсёды былі пазытыўныя ўспаміны. Казаў, што менчукі ставіліся да яго карэктна».
Пра беларусаў у сваёй краіне і ў эміграцыі
Але ўласную матывацыю для таго, каб зьняць фільм пра Беларусь, Якаб Вёленштайн тлумачць выключана сучаснай праблематыкай.
«Першы раз наведаў Беларусь, другі, прыгледзеўся — і ўзьнікла пытаньне: як гэта можа быць, што людзі з тымі ж каштоўнасьцямі, як у мяне, падтрымліваюць дыктатуру? Гэтая думка была галоўная, не давала спакою. А яшчэ такі факт: сам я нарадзіўся за некалькі кілямэтраў ад мяжы, якая падзяляла ФРГ і ГДР — у той частцы, дзе і раней была ФРГ. І ў нас ужо быў выпрацаваны досьвед, паводле якога нашым братам па той бок былой мяжы трэба дапамагаць у разьвіцьці дэмакратыі, бо гэта будзе карысна ўсім. Вось з такім настроем я дагэтуль жыву і дапамагаю ўжо беларусам», — прызнаецца Якаб Вёленштайн.
Паводле назіраньняў Вёленштайна, беларусы ў эміграцыі захавалі крэатыўнасьць і мэтанакіраванасьць на перамены — якасьці, якія гэтак уразілі яго ў 2020 годзе. Гэтым падзеям і іх асэнсаваньню ў фільме таксама нададзена шмат увагі. Ня толькі ў выглядзе колераў сьцягоў, але развагамі, статыстыкай, аналізам. Але ён адзначае і некаторыя зьмены, выкліканыя доўгім жыцьцём у Эўразьвязе.
«Прысутнічае і расчараваньне, так. Людзі думалі, што зьмены ў краіне наступяць хутчэй; разьлічвалі, што дапамога Захаду будзе мацнейшай і больш эфэктыўнай. Але адначасова я зьдзіўлены, як шмат людзей разгарнуліся, знаходзяць сябе, прыдумляюць ініцыятывы. Нават калі выходзяць з адных структур, дык не губляюцца, ствараюць свае, новыя — і працягваюць працаваць. І яшчэ, магчыма, ня толькі вонкава, але паводле ўнутраных правілаў яны сталі большымі эўрапейцамі. Прыкладам, інакш праяўляюцца ў канфліктах, пазбаўляюцца ад „унутранага Лукашэнкі“, вучацца знаходзіць агульнае, што аб’ядноўвае. Гэта ўжо іншае ўспрыняцьце рэчаіснасьці», — мяркуе Якаб Вёленштайн.
Фільм Вёленштайна ангельскамоўны, беларускія тэксты ў ім маюць субтытры: аўтар разьлічвае ахапіць як мага большую аўдыторыю, у тым ліку тых, хто мала ведае пра Беларусь. Паводле плянаў аўтара, фільм зьявіцца ў Youtube у сярэдзіне лістапада.
Прысутныя на прэзэнтацыі віталі фільм працяглымі аплядысмэнтамі і воклічамі «Жыве Беларусь!».
«Яшчэ трэба крыху дарабіць, выправіць памылкі ў субтытрах, дадаць анімацыю ў фінал, якую не пасьпелі зрабіць да прэзэнтацыі. Да сярэдзіны лістапада, спадзяюся, усё будзе зроблена. Разьлічваю, што фільм будзе паказаны ў іншых краінах Эўропы, а таксама ў ЗША, і што ў гэтым дапамогуць беларускія дыяспары. Таксама заявілі фільм для ўдзелу ў кінафэстывалі Bulbamovie, які пройдзе ў Варшаве ў канцы лістапада», — падзяліўся аўтар.