Беларуская эміграцыя пасьля Другой сусьветнай вайны адрозьнівалася ад папярэдніх хваляў эміграцыі сваёй выразнай антыкамуністычнай і антысавецкай ідэйнай скіраванасьцю.
Прадстаўнікі яе інтэлектуальнай эліты так фармулявалі місію й заданьні для суродзічаў на Захадзе: “…наш побыт на чужыне ёсьць наяўным задакумэнтаваньнем перад сьветам нашага пратэсту супраць нялюдзкіх гвалтаў і крывавага тэрору бальшавіцкіх акупантаў і з другога боку — маніфэстацыяй перад тым-жа сьветам нашае нацыянальна-вызвольнае ідэі”.
Захаваньне памяці пра рэпрэсіі, скіраваныя супраць беларусаў ад 1920-х гг., стала важнай задачай для беларускай інтэлігенцыі ў эміграцыі. Сярод яе прадстаўнікоў былі й самі ахвяры рэпрэсіяў, якія маглі дзяліцца ўспамінамі, сьведчаньнямі пра дзейнасьць савецкай карнай машыны й пра зьнішчаных калегаў, сваякоў і знаёмых. Значная частка ведамых сёньня ўспамінаў пра рэпрэсіі была створана менавіта эмігрантамі. Згадаем тэксты Пётры Палягошкі “Успаміны з жыцьця пад савецкай уладай і з пабудовы Беламорскага каналу” (Нью-Ёрк, 1968), Яўхіма Кіпеля “Эпізоды” (Нью-Ёрк, 1998; Мінск, 2013), Міхася Кавыля “Казённы дом і далёкая дарога” (Нью-Ёрк, 1992) і інш. На старонках эміграцыйных пэрыёдыкаў рэгулярна зьмяшчаліся артыкулы, прысьвечаныя лёсу рэпрэсаваных суродзічаў, публікаваліся творы аўтараў, забароненых у Савецкай Беларусі.
Памяць пра рэпрэсіі была важная для зьнітаваньня самой беларускай грамады на эміграцыі. Гэта была фактычна артыкуляцыя калектыўнай памяці беларусаў, што апынуліся на чужыне, для якіх страх рэпрэсіяў стаў падставай для выезду на выгнаньне. І гэтая супольная памяць пра ахвяраў, ушанаваньне іх было адным са шляхоў фармаваньня нацыянальнай ідэнтычнасьці ў маладога пакаленьня эмігрантаў.
Аднак рэпрэзэнтацыя беларусаў як ахвяраў палітычнага й нацыянальнага тэрору мела скіраванасьць і навонкі, на заходняе грамадзтва, каб пазбыцца асацыяваньня беларусаў з расейцамі, паказаць самастойнасьць беларускай нацыі й яе ахвярнае змаганьне за нацыянальную незалежнасьць.
Памяць пра рэпрэсіі ў эміграцыйным дыскурсе выяўлялася ў розных формах. Адна зь іх — стварэньне сьпісаў “ахвяраў бальшавізму”, што магчыма было рабіць у той час толькі па-за межамі савецкай дзяржавы. Жывучы на Захадзе, укладальнікі тых сьпісаў ня мелі доступу ні да архіваў спэцслужбаў, ні да якіх-кольвек дакумэнтальных зьвестак пра лёс рэпрэсаваных суродзічаў. Таму сьпісы складаліся паводле ўскосных крыніцаў або сьведчаньняў відавочцаў.
Прыкладам такога пераліку рэпрэсаваных суродзічаў ёсьць выдадзеная на рататары брашура “Кніга ахвяраў бальшавізму. Цярністы шлях беларускае культуры. Кніга І”, што пабачыла сьвет у 1950 г. Яна была пазначаная як “Выданьне СБЖ”, а яе стваральнікам быў старшыня Саюзу беларускіх журналістаў Мікола Панькоў. У прадмове да гэтага кнігі ўкладальнік вельмі пераканаўча даводзіў патрэбу такога кшталту публікацыяў:
“Нашае вандраваньне па сьвеце, частыя сустрэчы з чужаземцамі і значная нястача пэўнай інфармацыі аб нашай справе і барацьбе за аднаўленьне вольнае і самабытнае гаспадарственнасьці змусіла нас узяцца за гэтую справу збору матар’ялаў аб пакутах нашага народу і яго незьлічоных ахвярах.
[…]. Абавязак перад бацькаўшчынай і ахвярамі ды адказнасьць перад культурным сьветам патрабуюць зрабіць усё магчымае неадкладна. Верым, што кажны з нас унясе сваю долю, і супольнымі сіламі мы хоць часткова выканаем свой абавязак перад нашчадкамі”.
Як бачым, захаваньне для нашчадкаў памяці пра рэпрэсаваных суродзічаў, падавалася як абавязак беларусаў на чужыне, як частка агульнай місіі — змаганьня за незалежнасьць. Гэткім чынам, ізноў пацьвярджалася сувязь паміж тэмаю ахвяраў беларускага народу й тэмаю аднаўленьня незалежнай беларускай дзяржаўнасьці, вызваленьня Беларусі ад паняволеньня Расеяй.
Далей у прадмове таксама згадвалася, што памяць пра ахвяры важная ня толькі для нашчадкаў, але й для сучасьнікаў, а таму плянавалася як працягнуць публікацыю сьпісаў, гэтак і перакласьці іх на іншыя мовы й выдаць для прапаганды беларускай справы сярод чужынцаў. Праўда, працягу выданьне не атрымала, але пададзены ў кнізе сьпіс “Беларускія вучоныя й пісьменьнікі — ахвяры акупанцкага тэрору на нашай Бацькаўшчыне” быў важны для працэсу мэмарыялізацыі ахвяраў.
У надрукаваным у “Кнізе ахвяраў бальшавізму” пераліку — 204 пазыцыі (зь іх 24 псэўданімы). Тут няма нутранага падзелу на катэгорыі, агульны сьпіс зроблены ў альфабэтным парадку. Тут падаецца прозьвішча, імя, у большасьці пазыцыяў — дэфініцыя, зьвесткі пра час арышту (арыштаў) і лёс асобы. Паколькі зьвесткі пра лёс рэпрэсаваных былі часта няведамыя, то давалася пазнака “сьляды гінуць”, або часам проста “с. г.”. Цікавасьць выклікаюць імёны, уключаныя ў сьпіс. Так, сярод ахвяраў бальшавізму пададзены Янка Купала, з фармулёўкай (пасьля вялікай дэфініцыі) “1931 — арыштаваны, спроба самагубства (харакіры), 1942 — скончыў самагубствам”. У зьвязку зь ведамі пра рэпрэсіі вэрсія пра датычнасьць спэцслужбаў да сьмерці Купалы была на эміграцыі даволі папулярная, але тут яна наўпрост не агучваецца.
Аналіз пададзеных у “Кнізе ахвяраў бальшавізму” зьвестак сьведчыць, што, па-першае, эмігранты насамрэч ня ведалі лёсу шмат якіх рэпрэсаваных і часам лічылі загінулымі тых, хто яшчэ быў жывы. Так, прыкладам, было пазначана, што Клаўдзій Дуж-Душэўскі расстраляны ў 1945 г., а ён, прайшоў праз новыя арышты й яшчэ жыў у Вільні да 1959 г. Затое некаторыя зьвесткі эмігрантам былі ведамыя больш дакладна. Прыкладам, што Станіслаў Грынкевіч-старэйшы быў расстраляны ў Магілёве ў 1945 г. (гэта пры тым, што эмігранты на чужыне жылі найпазьней зь лета 1944 г.).
Варта зьвярнуць увагу й на некаторыя зьвесткі, якія адсутнічаюць у пазьнейшых даведніках аб рэпрэсаваных. Прыкладам, у Міколы Панькова падаецца, што прафэсар, філёляг Платон Жарскі быў арыштаваны ў 1945 г. у Празе. Або што мовазнаўца Мікола Байкоў, таксама арыштаваны ў 1945 г., але ў Бэрліне, “расстраляны ў концы Ораніенбургу”.
Пералік Міколы Панькова быў дапоўнены а. Львом Гарошкам і ўключаны ў кнігу “Беларусь у датах, ліках і фактах”, выдадзеную пад псэўданімам Пракоп Каваль у Парыжы ў 1950 г. І далей сьпісы “ахвяраў бальшавізму” складаліся й дапаўняліся на эміграцыі, перакладаліся на іншыя мовы, агучваліся з розных нагодаў.
Асаблівая каштоўнасьць сьпісаў, складзеных паваеннымі эмігрантамі, палягае ў тым, што яны ствараліся ў вялікай ступені на падставе сьведчаньняў відавочцаў. І гэтая акалічнасьць робіць іх вартымі ўвагі гістарычнымі крыніцамі. Акрамя таго, што гэтыя сьпісы ўтрымоўваюць інфармацыю, якая часам адсутнічае ў наяўных публікацыях пра рэпрэсаваных у Беларусі, яны адлюстроўваюць яшчэ й тое, наколькі важнай была тэма ахвяраў для мэмарыяльнай культуры паваеннай эміграцыі.
Аднак ствараліся ня толькі сьпісы. Прыкладам можна назваць выступы прэзыдэнта БНР Міколы Абрамчыка й ягоную брашуру “I Accuse The Kremlin Of Genocide of My Nation”(Toronto, 1950), а таксама ўдзел беларусаў у адмысловых слуханьнях у Кангрэсе ЗША ў сярэдзіне 1950-х гг. і іх выступы як сьведкаў камуністычнага тэрору. Па выніках зьявілася адмысловая публікатка “Communist takeover and occupation of Byelorussia” (Washington (DC), 1955), якая ўключала ў сябе сьведчаньні беларускіх дзеячаў у Амэрыканскім Кангрэсе й была адной зь першых кангрэсавых публікацыяў, дзе даводзілася, што Беларусь — калёнія Расеі.
Сьведчаньні пра рэпрэсіі былі часткай актыўнасьці беларускіх эмігрантаў у справе рэпрэзэнтацыі сябе як паняволенай нацыі. І гэта мела свае вынікі, як, прыкладам, афіцыйнае ўключэньне беларусаў у лік Паняволеных народаў Кангрэсам ЗША ў 1959 г.