«Ці можна сабе ўявіць, што вы зайшлі ў Мінску на Камароўку, запыталіся нешта па-англійску, і вам пачнуць адказваць? Ды ніколі»

Эксперт у сферы адукацыі Андрэй Лаўрухін — пра сумную тэндэнцыю з вывучэннем замежных моў у Беларусі і што гэта значыць для перспектыў нашай краіны.

Фота probusiness.by

Беларусь заняла 35 месца сярод 116 краін свету па ўзроўні валодання англійскай мовай. Прынамсі такія звесткі дае рэйтынг, складзены шведскай кампаніяй EF Education First.

Паводле анлайн-тэсціравання (чытанне і аўдзіраванне), у якім узялі ўдзел звыш 2 мільёнаў гарадскіх жыхароў, Беларусь уваходзіць у групу з сярэднім узроўнем валодання англійскай. Калі глядзець на вынікі суседніх краін, то Літва і Польшча ў рэйтынгу вышэй (23 і 15 месцы адпаведна), а Украіна і Расія — ніжэй за Беларусь (40 і 44 месцы адпаведна).

Выбарка, зазначаюць даследчыкі, прыкладна збалансаваная паміж мужчынамі і жанчынамі і ўлічвае шырокі спектр узростаў — ад 20+ да 60 год. Аднак варта адзначыць, што ўлічваліся вынікі леташніх стандартных тэстаў, а ўдзел у даследаванні бралі толькі матываваныя людзі, якія рэальна хочуць вывучаць англійскую і ведаць свой узровень.

Аднак у Беларусі з 2023 года сітуацыя змянілася, у тым ліку рэпрэсіі закранулі школы замежных моў — нагадаем, ліквідаваныя вядомыя курсы Streamline, днямі прыпыніла працу адна з найбуйнейшых на Брэстчыне моўных школ «АКЦ Мост».

— У такіх варунках ці адпавядае рэальнаму стану рэчаў 35 месца Беларусі ў рэйтынгу валодання англійскай?запытаўся Филин у эксперта ў галіне адукацыі, акадэмічнага дырэктара Інстытута развіцця сацыяльнага рынку ў Беларусі і Усходняй Еўропе Андрэя Лаўрухіна.

Андрэй Лаўрухін

— Так, тут ёсць пытанне. Бо калі ўзяць проста з паўсядзённага досведу і параўнаць з Літвой, дзе я зараз знаходжуся, — яна ў рэйтынгу на 23 месцы, — і калі тут у Вільні,  усё роўна каго, на вуліцы запытаць па-англійску, вам заўжды адкажуць. Можа быць, не ўсе ўпэўнена змогуць падтрымаць гутарку. Але прынамсі тыя, хто заняты ў сферы паслуг, ведаюць англійскую на прыстойным узроўні. Нават на рынку — я літаральна сёння ішоў праз рыначак — могуць па-англійску растлумачыць, што колькі каштуе.

І возьмем для параўнання беларускую сітуацыю. Ці можна сабе ўявіць, напрыклад, у Мінску, што вы зайшлі на Камароўку, запыталіся нешта па-англійску, і вам пачнуць адказваць? Ды ніколі. Проста на вуліцы спыніць кагосьці — трэба спытаць у шмат каго з мінакоў, каб пачуць добрую англійскую мову.

Таму ўсё ж такі, калі мы не апытваем толькі студэнтаў і выкладчыкаў, тых, хто адукаваны, хто займаецца вывучэннем моў як справай, патрэбнай у працы, на мой погляд, у Беларусі мы атрымаем усё ж горшы вынік, чым 35 месца.

Андрэй Лаўрухін прыводзіць яшчэ адзін прыклад: пэўны час таму ў ЕГУ, калі беларускім студэнтам ставілі лекцыі на англійскай мове і выкладчыкі пачыналі нешта казаць, праз некалькі хвілін маладыя людзі прапаноўвалі, маўляў, можна ж на рускай. Таму нават у студэнцкім асяродку нельга адназначна сказаць, што англамоўныя кампетэнцыі дастаткова пракачаныя.

— У Беларусі, мяркуючы па расповядах бацькоў школьнікаў, колькасць гадзін англійскай яшчэ не зменшылася (хоць генпракурор Швед заявіў летась, што гадзін зашмат, «мы рыхтуем працоўную сілу для Захаду»), а вось якасць выкладання пагоршылася.

Адначасова мы бачым ціск на моўныя школы, нават рэпетытараў. Калі чыноўнікам удасца тое, што яны робяць, — што гэта значыць для беларускай адукацыі і ў цэлым для перспектыў нашай краіны?

— Англійская мова — адначасова індыкатар светапогляду, што мы ўбудоўваемся ў сусветную, перш за ўсё, у еўрапейскую прастору, бо англійская — lingua universalis, мова свету.

І ў гэтым сэнсе, канешне, падзеі апошніх гадоў, у прыватнасці закрыццё моўных школ, сведчаць:  англійская мова ў Беларусі, як і беларуская, стала таксама знакам бяды.

Зразумела, што не паўсюль так, і што ўлады спрабуюць неяк зміксаваць ідэалагічныя ўстаноўкі і сучасныя рэаліі. Англійская з праграмы, безумоўна, не знікне, але разам з тым пастараюцца ўскладніць яе вывучэнне для выезду за мяжу, імкнуцца не пускаць моладзь з’язджаць з Беларусі. Атрымліваецца вельмі незразумелая, супярэчлівая пазіцыя.

Тым не менш, яна будзе замінаць інтэграцыйным працэсам, здольнасці людзей жыць у свеце. Калі казаць пра тое, якія сацыяльныя групы перадусім могуць стаць ахвярамі гэтай палітыкі — канешне, гэта студэнты, выкладчыкі, навукоўцы, агулам адукацыя і навука.

Бо ўсе апошнія адукацыйныя інавацыі, найбольш перспектыўныя і цікавыя ідэі — англамоўныя, а калі выкладчыкі не чытаюць англамоўнай літаратуры, бо не могуць, ці гэта ім забаронена ці нават небяспечна — якія ўжо тут інавацыйныя падыходы. І раней такіх людзей, хто адсочваў і чытаў англамоўныя кніжкі, навуковыя выданні, было няшмат — а зараз будзе ўвогуле апалогія, «не чытаў і не трэба».

Гэта зробіць сферу адукацыю і навуку больш правінцыйнымі, замкнёнымі ў сваю асобную суполку, а таксама ў рускую мову. Наўрад ці пачнецца масавае вывучэнне кітайскай, каб з яе дапамогай перакладаць на рускую/беларускую замежныя падручнікі.

Штучныя абмежаванні да вывучэння і выкарыстання англійскай мовы — усё гэта будзе тармазіць адукацыю, навуку, блакаваць прагрэс і рух у напрамку міжнароднай інтэграцыі.

Бо сённяшняя навука — найперш пра інтэграцыю, супрацу вучоных і навуковых груп з розных краін свету.

А мы бачым па колькасці нобелеўскіх лаўрэатаў, што такія вучоныя сканцэнтраваныя не ў Беларусі і не ў Расіі, і нават не ў постсавецкім рэгіёне, а ў еўрапейскіх краінах, дзе навука з’яўляецца каштоўнасцю, галіной, куды інвестуюць грошы і адбіраюць найталенавітых, дзе ёсць этас і атмасфера пошуку.

Таксама лічу, што бізнес стане ахвярай такой палітыкі беларускіх уладаў. Асабліва той, які не замкнёны толькі на Беларусь і Расію. Дый наогул у грамадстве гэта пытанне пра гарызонт магчымасцяў: куды вы імкнецеся, дзе межы гэтага свету, і ці абмежаваныя яны толькі расейскай мовай (а нават у многіх постсавецкіх краінах моладзь ужо не размаўляе на расейскай, выкарыстоўвае нацыянальныя мовы і англійскую).

Сённяшнія тэндэнцыі адлюстроўваюць досыць драматычны паварот: краіна, якая геаграфічна найбольш еўрапейская, з найбольш мадэрнізаваным насельніцтвам, зараз будзе блакаваць тое добрае, што ўжо ёсць. Забараніць, прыпыніць, зрабіць больш цяжкім вывучэнне англійскай — усё гэта ідзе насуперак той плыні, што дваццаць год прасоўвалася ў напрамку міжнароднага супрацоўніцтва.

Юлія Кот, gazetaby.com