Вялікая канферэнцыя «Беларусь — Літва: у будучыню праз агульныя каштоўнасці» адбылася 2 снежня ў Вільні. Размаўлялі і пра культуру, што праўда, ужо пад фінал мерапрыемства. Хаця, як заўважаюць датычныя да гэтай сферы, пытанні светапогляду, самаідэнтыфікацыі ці не першасныя для беларусаў у вымушанай эміграцыі ды й не толькі.
Арганізатарамі прадстаўнічага мерапрыемства выступілі Фонд Конрада Адэнаўэра, Цэнтр еўрапейскіх даследаванняў імя Вільфрыда Мартэнса і Офіс Святланы Ціханоўскай.
Апошняя, чацвёртая, панэль канферэнцыі прайшла пад назвай «Культурныя сувязі як мост паміж Беларуссю і Літвой», але, улічваючы, што ўдзельнікамі яе былі толькі беларускі, абмяркоўвалі не толькі беларуска-літоўскія стасункі ў гэтай сферы.
«Аднак мяне глыбока засмуціла сітуацыя, якую давялося назіраць. (…) Да гэтага часу ў зале засталася толькі чвэрць удзельнікаў, і, што яшчэ больш сумна, прадстаўнікоў літоўскага боку ўжо не было. Хацелася б зразумець, якія планы на гэтую панэль мелі арганізатары. На жаль, гэта не выглядае проста недарэчнасцю. Такое стаўленне нібы падкрэслівае, што культура — гэта нешта другаснае, прыгожая дэкарацыя да палітычных працэсаў. Але гэта памылкова.
Культура — гэта не дадатак, а аснова. Менавіта яна закладвае змены ў грамадстве, стварае ўстойлівыя сувязі і фарміруе каштоўнасці, на якіх будуецца дэмакратыя.
Таксама выклікаюць пытанні фармат і адсутнасць паўнавартаснага двухбаковага ўдзелу, што супярэчыць ідэі дыялогу. Размовы пра тое, што мы робім у галіне культурніцкага абмену, можна весці і за кубачкам гарбаты. Але калі канферэнцыя мае на мэце паўнавартасны двухбаковы дыялог, такія абмеркаванні павінны праводзіцца з раўназначным удзелам прадстаўнікоў дзвюх краін», — гэта постканферэнцыйнае меркаванне ўдзельніцы дыскусіі, прадстаўніцы Беларускай Рады культуры Надзеі Гарэцкай.
Але вернемся да ўласна панэлі, на якой вялося, улічваючы, што іншы бок не быў прадстаўлены, не толькі пра беларуска-літоўскія стасункі ў культурнай сферы, а і пра беларускую культуру ўвогуле — найноўшых, эміграцыйных часоў. Прыводзім найбольш заўважныя меркаванні.
Мала ведаем адно аднаго
На думку Надзеі Гарэцкай, беларусам «немагчыма пабудаваць дэмакратычную супольнасць, усталяваць разнастайныя сувязі без першаснай працы ў культурным рэчышчы, працы са светапоглядам — гэта непасрэдна і ёсць задача культуры».
Што да беларуска-літоўскіх культурных сувязяў, то тут «насамрэч маецца вялікі нерасчышчаны, нераскладзены па паліцах праблемны пласт, часам даволі хаатычны».
«У шырокім плане ні літоўцы пра беларусаў, ні беларусы пра літоўцаў амаль нічога не ведаюць. Мы мусім гэта прызнаць і відавочна, што праблемныя пытанні так званага літвінізму выходзяць менавіта з гэтай прычыны, — лічыць прадстаўніца БРК. — Беларусы, якія жывуць у Літве, розныя. Гэта і прадстаўнікі нацыянальнай меншасці, і эмігранты да 2020-га, і цяперашнія эмігранты пасля 2020 года. Маюць розны статус, розныя правы і нават розны ўзровень доступу да тых падзей, якія адбываюцца ў Літве».
Надзея Гарэцкая ўзгадвае нядаўні прыклад дыскрымінацыі, калі на вялікі юбілейны фэст літоўскай песні, «беларусаў, якія прадстаўлялі новую дыяспару, не дапусцілі да ўдзелу праз адсутнасць літоўскіх пашпартоў».
Паводле Надзеі Гарэцкай, «такіх гісторый мы бачым усё больш і больш, што не спрыяе ўзаемасувязям, хоць культурніцкія ўзаемасувязі могуць стаць асновай для ўзаемапаразумення, нейкага ўзаемаабмену, і, скажам так, прыняцця літоўскім грамадствам гэтай новай хвалі беларускай эміграцыі».
Старшыная Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», каардынатарка кампаніі «Будзьма беларусамі!» Ніна Шыдлоўская заўважае: «У 2008 годзе мы стварылі грамадска-культурніцкую кампанію «Будзьма беларусамі!» дзеля ўзмацнення нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў, а ў 2012 годзе мы канчаткова асэнсавалі, што ў нашым грамадстве ў большасці людзей культура ўспрымаецца як баўленне вольнага часу».
«То бок гэта канцэрты, выставы і гэтак далей — і толькі. І мы пачалі рабіць кампанію «Культура паляпшае жыццё» — з паездкамі па ўсёй Беларусі з рознага кшталту імпрэзамі, даводзячы ўсім, што культура — гэта не толькі мастацкі складнік. Што культура — гэта ўвогуле пра тое, як мы камунікуем, як мы рэагуем на тыя ці іншыя падзеі, як мы ўзаемадзейнічаем паміж сабой у калектыве, увогуле, на якім светапоглядным грунце мы будуем сваё жыццё. І гэта для нас было і застаецца галоўным. То бок пра культуру, па сутнасці, прагаворвалася на ўсіх тых панэлях, якія гучалі тут ад раніцы, ад пачатку канферэнцыі. І вынясенне яе цалкам у асобную панэль, а не асобным пунктам у кожнай панэлі, сведчыць пра тое, што мы ўсё роўна — нават тыя, хто рухае ўсе справы наперад — успрымаем культуру, хутчэй, як нейкія там асобныя мастацкія праявы, нейкі творчы бок жыцця, асабістага ці ўсяго народа», — зазначыла Ніна Шыдлоўская.
Наконт насцярожанай рэакцыі літоўскага грамадства на так званую новую дыяспару Ніна Шыдлоўская кажа, што літоўцаў можна зразумець: «Жывучы тут, у Літве, як многія беларусы паводзяць сябе ў стасунках паміж сабой? Калі літоўцы ў нашых размовах чуюць рускую мову, вось што яны могуць думаць: «Хто гэтыя людзі? Яны рускія? Ці ўкраінцы з Запарожжа? Хто яны?» Гэта напружвае літоўцаў. Я іх разумею, і я іх паважаю за гэта. Вось у мяне літоўцы пыталіся: «Беларусы, а чаму вы паміж сабой гаворыце па-руску, а не на сваёй мове? Як нам вас адрозніць? Мы ведаем, што ў асноўным сюды пераехалі людзі дэмакратычных поглядаў, але як нам вас вылучыць з рускамоўнага натоўпу, калі мы чуем вас у крамах, на вуліцах, бачым, што вы між сабой не ідэнтыфікуецеся?» Гэта пытанне да нас найперш. І колькі год мы даводзілі ўсім, што
наша самаідэнтыфікацыя на грунце беларускай мовы, гісторыі і культуры — гэта наш паратунак як нацыі і як незалежнай дзяржавы».
Хто кім больш цікавіцца і хто каго больш разумее
Пытанне ўзаемадзеяння з культурнай сферай у Літве «для «беларусаў найскладанейшае».
«Мне падаецца часам, што мы разумеем літоўцаў і ведаем пра літоўскую культуру больш, чым літоўцы пра нас. Гэта мы бачым у мясцовых арнаментах падабенства з нашымі ці чуем знаёмыя, агульныя матывы ў песнях, ці нешта нам блізкае ў манерах камунікацыі і традыцыях. А для літоўцаў мы, насамрэч, адкрыццё. Тут заўсёды была беларуская нацменшасць, якую запрашаюць да ўдзелу ў нейкіх канферэнцыях, фестывалях і г.д., але яна таксама вырасла на нейкіх савецкіх лубачных узорах, таксама не заўсёды навонкі даносячы сапраўдную аўтэнтычную культуру і сучасныя праявы беларускай культуры. Таму мы для літоўцаў — большая загадка, чым яны для нас. Самі сабой, сваёй наяўнасцю і дзейнасцю мы мусім іх уцягваць у сваё кола, а не чакаць, што літоўцы раптоўна нас зразумеюць і намі зацікавяцца», — лічыць Ніна Шыдлоўская.
З пункту гледжання беларускай рускамоўнай пісьменніцы Ганны Златкоўскай, літоўцам беларуская культура проста не цікавая: «Натхняць творчага чалавека можа што заўгодна. Досвед вымушанай эміграцыі, уцякацтва, жыццё ў новай краіне — гэта бясконцая рэфлексія, тут ёсць шмат старонак, якія можна абмеркаваць, якія можна напісаць. Пра якія можна гаварыць з тымі ж літоўцамі, калі ім гэта цікава. Але, на мой погляд, літоўцам зусім не цікавая ні наша культура, ні мы самі. Мы зрабілі ім такі кіндэр-сюрпрыз — краіна ў краіне. Мы абмяркоўваем адносіны Беларусі з Літвой, але ж якая гэта Беларусь? Не тая ж, якая знаходзіцца за 30 хвілін язды ад Вільні і ў якой можна адразу «прысесці» на 8 гадоў. Я гляджу, прадстаўнікоў Літвы на апошняй панэлі гэтай канферэнцыі тут ужо няма, не магу ў іх запытаць, наколькі беларусы і Беларусь увогуле ім цікавыя, наколькі цікавае тое, што мы робім, цікавыя нашы пісьменнікі, музыкі, акторы і г.д. Я так мяркую — мы ім нецікавыя, яны з насцярожанасцю ставяцца да нас».
На думку ж сузаснавальніцы CreateCulture Group Надзеі Ількевіч, культурная дыпламатыя ад беларусаў мае шанцы на поспех у Літве: «Я пагаджуся, што культура — гэта не толькі выставы і канцэрты, але гэта і нашы адносіны з тымі людзьмі, з кім мы размаўляем, з кім узаемадзейнічаем. Так што давайце вывучаць і размаўляць з людзьмі гэтай краіны па-літоўску, давайце вывучаць літоўскую. Бо гэта, мне здаецца, такая базавая павага. Мы намагаемся рабіць праекты, каб беларусы былі бачныя фізічна ў літоўскіх фестывалях. Напрыклад, International House Vilnius, муніцыпальная арганізацыя, якая другі год запар робіць гарадскі фэст, дзе мы — адзіная беларуская арганізацыя-ўдзельніца. Мы робім вялікі стэнд-квіз пра беларускую культуру, але сёлета валанцёрамі на квізе ў нас экспаты з Індыі, бо не знайшлося ахвочых да валанцёрства беларусаў.
Мне здаецца, вельмі важна адчуваць, што Вільня — гэта мульцікультурны горад, што Беларусь — гэта не асобная нейкі лапцік зямлі, а сапраўдная еўрапейская краіна, культура якой у тым ліку пераплятаецца з літоўскай.
То тым больш, калі мы будзем з літоўцамі нешта агульнае арганізоўваць, трэба спрабаваць размаўляць на літоўскай. Мы рабілі беларуска-літоўская музычную лабараторыю і супольны канцэрт на даху музея, які, дарэчы, не прыйшло здымаць ніводнае беларускае медыя, толькі літоўскі канал LRT. Яно прайшло міма беларусаў, а літоўцы вось дзякавалі за тое, што паказваем разнастайную сучасную культуру, між тым у нас там спявалі на беларускай, літоўскай, татарскай мовах. Мне здаецца, такая вось культурная дыпламатыя вельмі важная, бо культура пачынаецца якраз з такіх культурных сувязяў паміж людзьмі».
Ёсць перспектывы
Нягледзячы на складанасці, апошні мчасам нейкае культурнае ўзаемадзеянне ўсё ж адбываецца.
«Найперш, на ўзроўні актыўнасцяў, — кажа Надзея Гарэцкая. — Беларускія мастакі, літаратары, магу сказаць, дастаткова шчыльна супрацоўнічаюць, выйшла некалькі анталогій, медыйшчыкі між сабой камунікуюць, ёсць фестывалі, куды пачалі запрашаць беларусаў. Мы ставім задачу перад БРК ладзіць супрацу на ўзроўні праграмавання гэтых актыўнасцяў. (…) Хочам запраграмаваць магчымасці на інтэграцыйныя працэсы, каб, у тым ліку, беларусы маглі без цяперашніх складанасцяў вывучаць на курсах літоўскую мову, каб былі праграмы на культурны абмен, на супольныя праекты».
Ніна Шыдлоўская згадвае традыцыйны фэст Міхася Стральцова, «у якім актыўна ўдзельнічаюць і літоўскія творцы, і творцы з іншых балтыйскіх краін сюды прыязджаюць, і са скандынаўскіх. Гэта ўжо добрая традыцыя. (…) Такія з’явы — гэта таксама адказнасць тых актыўных структур і арганізацый, якія асэнсоўваюць важнасць гэтага і, адпаведна, будуць гэта рабіць. А беларусам, нам, кожнаму асабіста, проста трэба быць больш актыўнымі ў гэтым, і прынамсі, калі не самому нешта ініцыяваць, то хаця б прыйсці паўдзельнічаць, каб падтрымаць тых, хто мае сілы гэта рабіць».
А ці патрэбна інтэграцыя? І ці не вядзе яна да асіміляцыі
Ніна Шыдлоўская нагадвае, што «ўсё гэта з намі ўжо было, і не адзін раз было, асабліва моцна — падчас хвалі паваеннай эміграцыі, калі ў тым ліку і найперш па палітычных прычынах шмат хто выехаў з Беларусі».
«Пры ўсіх выпрабаваннях эмігранты стваралі ў краінах пражывання беларускія асяродкі, беларускія цэрквы, беларускія траставыя фонды, выдавалі літаратуру, газеты і г.д. Усё гэта ўжо было. Хацелася б, канечне, каб мы рабілі высновы з дзейнасці і жыцця нашых папярэднікаў (…) Я адэпт пастулату, па якім захаванне і развіццё нашай нацыі — гэта наша беларуская нацыянальная ідэнтычнасць, — сказала яна. — У 1990 годзе «Бацькаўшчына» была захаваная, працавала на тое, каб дыяспары захоўваліся і развіваліся, каб захоўвалася пераемнасць пакаленняў, каб беларусы ўнутры Беларусі даведваліся пра дасягенні, здабыткі беларусаў замежжа, пра тое, што ўвогуле існуюць беларусы, якія не з’язджалі з Беларусі, але жывуць на сваіх этнічных тэрыторыях».
Праблема паўстала ў іншым: «Нашы беларусы, не маючы падтрымкі нацыянальнай культуры ўнутры Беларусі, з’язджаючы за мяжу, вельмі хутка асімілёўваліся. Яны прыбіваліся, зноў жа ў першую чаргу па моўнай прыкмеце, да рускамоўных дыяспар, украінскіх дыяспар, да канца сябе не асэнсоўваючы беларусамі. Маўляў, навошта мне за мяжой прыналежнасць да нейкай беларускай нацыі, увогуле што гэта такое — беларуская нацыя? Нашы беларусы расцярушваліся, распушчаліся ў іншых нацыях. Столькі зроблена інтэлектуальнага ўнёску ў справу іншых нацый, не вызнаючы свае беларускія карані. Для краін пражывання — гэта файна, для нас, для беларускай нацыі — гэта вялікія страты. І толькі зараз многія асобы пачынаюць адкрываць, што яны мелі беларускія карані. А гэта нам важна — як прадмет для гонару. Кожнаму чалавеку хочацца ганарыцца сабой, сваімі дасягненнямі, сваёй сям’і, сваёй нацыяй найперш. І адпаведна прасоўваць і рухаць сябе ў гэтым рэчышчы», — зазначыла Ніна Шыдлоўская.
«Таму асіміляцыя для беларусаў — гэта страшна. Мы дужа хутка паддаемся. Па розных прычынах — тут можна лекцыі чытаць на тэму, чаму так адбывалася і зараз адбываецца. А вось інтэгравацца ў тых грамадствах, дзе мы апынуліся, — тут я для беларусаў увогуле не бачу праблемы.
На літоўскіх моўных курсах выкладчыкі кажуць, што асноўны склад груп — гэта беларусы і ўкраінцы. Рускіх практычна няма, не буду ўдавацца ў прычыны, але няма. Згадзіцеся, беларусам на Віленшчыне можна выжыць, не ведаючы літоўскай, але ў нашу ДНК умантавана павага да іншага. І жывучы на гэтай зямлі, мы ўжо пачынаем яе вывучаць. Людзей, мову, культуру, звычаі, манеры і традыцыі. Нам літоўская зямля больш цікавая з пункту гледжання даведвацца штосьці новае, чым мы тым самым літоўцам.
Таму — беражыцеся асіміляцыі і заклікаю да інтэграцыі», — падкрэсліла Ніна Шыдлоўская.