Польскі Інстытут нацыянальнай памяці выдаў кнігу Барташа Байкава і Дзіяны Максімюк «Фларыян Чарнышэвіч. Лёс чалавека. Том 1. З-над Бярэзіны да Ла Платы (1900-1955)». Гэта біяграфія пісьменніка, які нарадзіўся ў шляхецкай сям’і пад Клічавам, лічыў сябе палякам, у 1924-м з’ехаў у Аргенціну, дзе апублікаваў чатыры раманы, якія лічацца ў вялікай ступені аўтабіяграфічнымі. Дзеянне трох твораў адбываецца ў Беларусі.
У кнізе апісваецца жыццё пісьменніка ад нараджэння да выхаду на пенсію. Выбар такіх часовых межаў Барташ Байкаў тлумачыць тым, што імкнуўся зрабіць дзве часткі біяграфіі Чарнышэвіча больш-менш роўнымі па аб’ёме, а інфармацыі пра яго дзейнасць на пенсіі — прыкладна столькі ж, колькі пра папярэдняе жыццё.
Пісьменнік Фларыян Чарнышэвіч (1900—1964) нарадзіўся на хутары Тучы Бабруйскага павета (цяпер не існуе; бліжэйшыя вёскі — Бёрда і Перасопня Клічаўскага раёна) у сям’і дробнага засцянковага шляхціца-католіка, які лічыў сябе палякам. Дома ў будучага пісьменніка, хутчэй за ўсё, размаўлялі на мяшанцы беларускай і польскай моў. У 1911 годзе сям’я пераехала ў «польскую» (шляхецкую) вёску Перасека (ужо не існуе; цяпер — тэрыторыя Клічаўскага раёна, бліжэйшая вёска — Убалаць). Жыццё ў Перасецы ў 1911—1920 гг., «схаваўшы» яе пад назвай Смалярня, Чарнышэвіч апісаў у сваім першым рамане, Nadberezyńcy (Надбярэзінцы, 1942). У 2017-м раман у беларускім перакладзе выйшаў у выдавецтве «Янушкевіч». Літаратар Юзаф Чапскі назваў апісаны ў рамане побыт шляхецкага засценка ва ўсходняй Беларусі пачатку ХХ стагоддзя «засцянковай Атлантыдай».
Чарнышэвіч удзельнічаў у польска-савецкай вайне як разведчык і жаўнер, служыў у паліцыі ў Бабруйску. Падзеі пачатку 1920-га натхнілі яго на раман «Wicik Żywica» («Віцік Жывіца», 1953), названы па імю галоўнага героя. Дзеянне адбываецца ў ваколіцах мястэчка Горка, прататыпам якога стала Свіслач (цяпер Асіповіцкі р-н).
Пасля падпісання Рыжскай мірнай дамовы ў 1921 годзе Фларыян Чарнышэвіч пакінуў родныя мясціны, працаваў паліцыянтам у Вільні і ў мястэчку Войстам (цэнтр гміны ў Свянцянскім павеце, недалёка ад Смаргоні; цяпер у складзе Смаргонскага р-на). Дапамагаў сялянам у складанні афіцыйных дакументаў. У 1922-м ажаніўся са Станіславай Плёска з в. Навасады (гміна Войстам; цяпер у складзе Вілейскага р-на). Гэты перыяд жыцця натхніў пісьменніка на раман «Chłopcy z Nowoszyszek» («Хлопцы з Навашышак», 1963). Пад назвай Навашышкі пісьменнік «схаваў» родную вёску жонкі.
У 1924-м Чарнышэвіч разам з сям’ёй эміграваў у Аргенціну, дзе трыццаць год працаваў на складзе бойні ў горадзе Берыса. Быў актыўным удзельнікам Саюза палякаў у Аргенціне. Памёр у 1964 годзе ў г. Вілья Карлас Пас, дзе і пахаваны. На яго магіле зроблены надпіс «Soldado, Obrero, Escritor y Patriota Polaco» (Жаўнер, рабочы, пісьменнік і польскі патрыёт).
Цікавая сямейная гісторыя пісьменніка. Старэйшы брат Фларыяна Чарнышэвіча Фелікс у 1914-м з’ехаў у ЗША. Яго дачка С’юзан — маці вакаліста гурта «Aerosmith» Стывена Тайлера і бабуля галівудскай акторкі Лів Тайлер, найбольш вядомай па ролі Арвен Ундаміэль у фільме «Валадар пярсцёнкаў».
Лёс родных Чарнышэвіча, якія засталіся жыць на Клічаўшчыне, склаўся цяжка. Засценак Перасека ліквідавалі, бацькі пісьменніка падчас калектывізацыі пераехалі ў недалёкую вёску Убалаць. У 1937—1938 гг. па СССР пракацілася хваля «нацыянальных аперацый», у т. л. «справа палякаў». Рэпрэсавалі брата Чарнышэвіча Бярнарда і мужа яго сястры Вікторыі Уладзіміра Усціновіча. Гэтаму паспрыялі ў т. л. лісты, якія сям’я атрымлівала ад Фларыяна і Фелікса.
У кнізе Барташа Байкава і Дзіяны Максімюк беларускаму перыяду жыцця Чарнышэвіча, падавалася б, прысвечана невялікая частка («Радзіма»): усяго 100 старонак з амаль 700. Але жыццё пісьменніка на эміграцыі (частка «Берыса») прасякнута ўспамінамі пра Беларусь, адбіваюцца яны і ў раманах Чарнышэвіча, першым двум з якіх у кнізе прысвечаны асобныя раздзелы. Пра лёс бацькоўскай сям’і пісьменніка, што засталася ў Беларусі, таксама распавядае асобны раздзел. Кніга выглядае троху перагружанай дэталямі: пра кожнага чалавека, што ў ёй згадваецца, аўтары даюць біяграфічную даведку. Але для беларускага чытача, незнаёмага з польскімі дзеячамі, магчыма, гэта будзе нават плюсам. У цяперашні складаны час, калі шмат беларусаў апынулася ў эміграцыі, лёс Фларыяна Чарнышэвіча здаецца яшчэ больш блізкім сучаснікам і тыповым для выхадца з тэрыторыі нашай Радзімы.