У канцы 2024 году ў Літве пачаў працаваць новы ўрад. У яго склад увайшлі прадстаўнікі левых партый, якія перамаглі на выбарах у Сейм. Больш за ўсё міністэрскіх партфэляў дасталася сацыял-дэмакратам. Міністэрства ўнутраных справаў узначаліў Уладзіслаў Кандратовіч.
У размове з тэлеканалам «Настоящее время» ён выказаўся пра пытаньні міграцыйнай палітыкі і пра лёс беларускай дыяспары ў краіне.
«Магу пацьвердзіць, што культурна самая блізкая краіна для Літвы — гэта, вядома, Беларусь. Агульная гісторыя, агульная культура, агульны Статут [Вялікага Княства Літоўскага]», — сказаў новы міністар.
Пры гэтым, аднак, ён згадаў магчымыя пагрозы нацыянальнай бясьпецы, сказаўшы пра «стабільнасьць дзяржавы перадусім».
Кандратовіч выказаўся пра частыя паездкі некаторых грамадзян Расеі і Беларусі, якія жывуць у Літве на радзіму: «Ёсьць выпадкі, калі асобы з гуманітарнымі візамі часта наведваюць радзіму. Службы, якія лічаць гэта вялікай рызыкай, маюць падставы так думаць».