«Тры — столькі незалежных фестываляў прайшло за год, і адзін незалежны фестываль ужо не паўтарыўся сёлета. Чатыры — столькі стужак студыі «Беларусьфільм» былі ўзнагароджаны журы на міжнародным фестывалі «Лістапад», які ж сам «Беларусьфільм» і арганізоўвае».
«13 — столькі беларускіх фільмаў былі адзначаныя беларускай прэміяй кінакрытыкаў «Чырвоны верас» на пачатку года. Сем — столькі беларускіх кінапраектаў удзельнічалі ў пітчынгу беларускіх аўтараў на еўрапейскім кінарынку на пачатку года на Берлінскім кінафестывалі. 10 праектаў (з іх дзевяць ігравых) адабраныя на наступны пітчынг», — паведаміла кінакрытык Ірэна Кацяловіч на падвядзенні вынікаў 2024 года, якое зладзіла Беларуская Рада культуры.
Ірэна Кацяловіч распавяла таксама пра тэндэнцыі ў сучасным беларускім кіно, найвялікшыя страты і пазітыўныя змены (хай сабе і спрэчныя) і прадставіла топ-3 кінападзей года.
Катэгарычны падзел пашыраецца
Калі гаварыць пра тэндэнцыі года, то разрыў паміж кіно, якое падтрымліваецца ў Беларусі дзяржбюджэтам, і кіно незалежным працягвае пашырацца, «кіно яшчэ ніколі не было такім падзеленым як сёння. Пасля 2020 года гэты падзел паміж дзяржаўным кіно і незалежным аўтарскім стаў катэгарычным».
Акрамя ўсё большай накіраванасці кіно за дзяржаўныя грошы на прапаганду, бачым «усё больш цесныя сувязі — ці наўмысна, ці з прычын адсутнасці сваіх прафесіяналаў — з расейскімі калегамі». «Ну вось новы міністр культуры цытуе Леніна пра тое, што кіно — найважнейшае з мастацтваў, і выглядае, што гэта нічога добрага гэтаму мастацтву не абяцае. (…) У 2023-м выйшаў вельмі адкрыта антыпольскі фільм «На другім беразе», зняты расейцам Хрулёвым, сёлета выйшаў фільм «Чорны замак», які таксама здымаўся нікому не вядомым расейскім рэжысёрам Кірылам Кузіным, акцёры там таксама расейскія. Гэта не новая тэндэнцыя для беларускага кінематографа, але сёння яна проста катастрафічная. Міністр культуры яшчэ паабяцаў праект, які «сапраўды прагрыміць». Можна ўявіць, як гэта будзе, і вельмі верагодна, што ў гэтым гучным праекце таксама будуць расейскія акцёры і рэжысёр», — сказала Ірэна Кацяловіч.
Незалежнае кіно — без асаблівых змен
На думку кінакрытака, у незалежным кіно вельмі мала што памянялася ў параўнанні з 2023 годам і шмат якія рэчы застаюцца актуальнымі.
«Кіношнікі трымаюцца створаных аб’яднанняў. Вось у нас ёсць Belarusian Filmmakers’ Network, ёсць Беларуская незалежная кінаакадэмія, яны пашыраюцца, арганізоўваюць новыя імпрэзы, усё больш людзей заангажоўваецца ў гэтыя працэсы, кіношнікі намагаюцца трымацца разам. І па-ранейшаму фільммэйкеры шукаюць нейкай глебы пад нагамі. У гэтых новых умовах, у якіх незразумела, як дзейнічаць, калі ніхто не можа разлічваць на грошы сваёй краіны альбо не сваёй краіны, а таго, што магло б яе замяніць, на тое, з чым ты можаш ісці да замежнага прадзюсара, на нейкі старт, з якім ты можаш пачынаць перамовы — пошук таго, як бы гэта магло функцыянаваць, па якіх правілах, куды звяртацца, як дзейнічаць, працягваецца, проста ён прасунуўся трошкі далей».
Падсумоўваючы, «ні ў незалежным, ні ў, так бы мовіць, залежным кіно пазітыўных тэндэнцый няма па вялікім рахунку».
Што страцілі і што здабылі?
Самая вялікая страта, на погляд Ірэны Кацяловіч, гэта страчаныя магчымасці і страчаныя прафесіяналы: «Калі людзі, якія маглі б і маюць праекты для рэалізацыі, не працуюць над сваім дакументальным ці ігравым кіно (кажу пра прафесійныя, не пра YouTube-праекты, медыяпраекты), а сыходзяць у нейкія іншыя сферы альбо пераходзяць у такія вось простыя фарматы і жанры. Гэта адбываецца і таму, што кіно застаецца найдаражэйшым мастацтвам, кіношнікам сёння складаней знайсці аргументацыю і фінансаванне на свае праекты.
Усё тое, што не запусцілася, што не атрымала фінансаванне, усё тое, што мы не пабачым, — страты».
Але ёсць і «пазітыў, хоць і спрэчны». Спрэчны, бо кіно, пра якое пойдзе ніжэй, складана назваць беларускім прадуктам: «З’явіўся ў нас такі пазітыўны прэцэдэнт, хоць і за мяжой, я маю на ўвазе фільм Мары Тамковіч «Пад шэрым небам». Гэта і ёсць адзіны наш поўнаметражны ігравы фільм за год.
Ён зняты беларускай, на беларускую тэму, але за польскія грошы. З аднаго боку, гэта прыклад для іншых прафесіяналаў, як гэта можа працаваць за мяжой. З іншага боку, гэты прыклад неабавязкова можа рэалізоўвацца шырока ў іншых краінах. Выпадак усё ж выключны. Мара — ужо грамадзянка Польшчы і Мара шмат гадоў працавала ў польскай кінасферы, мае досвед, яе гісторыя, хутчэй, выключная».
У пазітыў Ірэна Кацяловіч дадае і традыцыю: «Мы ўжо маем культуру за мяжой чатыры гады, і за гэты час з’явіліся паўтаральныя рэчы. Нейкія традыцыі, якія могуць у перспектыве ўплываць і ўжо ўплываюць на гэтую сферу. Ужо другі раз адбылася кінапрэмія «Чырвоны верас» , другі раз Кінаакадэмія будзе працаваць на еўрапейскім кінарынку «Берлінале», другі раз адбыўся з’езд кінематаграфістаў Беларусі, гэта прыклады сталых праектаў, якія паўтараюцца і маюць тэндэнцыю да нейкага ўплыву, імаверна».
Топ-3 у двух катэгорыях
Ірэна Кацяловіч склала топ-3 кінападзей года, падзяліўшы іх на падзеі «для індустрыі і для гледача».
Для індустрыі:
1. Пітчынг кінапраектаў для еўрапейскага кінарынку ў Берліне;
2. Нэтворкінг які арганізаваў BFN для беларускіх фільммэйкераў сёлета пад Берлінам, гэта аб’яднаўчая падзея;
3. Другая эдыцыя прэміі беларускіх кінакрытыкаў, якая таксама прайшла ў межах еўрапейскага кінарынку на «Берлінале».
Для гледачоў:
1. Фільм Мары Тамковіч «Пад шэрым небам» з прэм’ерамі па ўсім свеце
2. Кінафэст Bulbamovie
3. Топ-50 найлепшых беларускіх фільмаў, які быў падрыхтаваны Кінаакадэміяй праз апытанне кінаэкспертаў, у тым ліку замежных. «Гэта наўпроставы гайд, з якім можна вывучаць беларускае кіно ўсіх часоў»
Прагноз-пажаданне
«Мы стала абмяркоўваем у кінасферы і нашы мары, якія дагэтуль застаюцца фантазіяй. Гэта кінафонд, які б замяніў у нашым выпадку краіну, які б мог даваць першае фінансаванне для праектаў», — коратка сказала пра свой прагноз-пажаданне Ірэна Кацяловіч.
Праблема аўдыторыі ўласна беларускай
Кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін задаўся пытаннем: а колькі ж людзей у Беларусі бачылі вось гэтыя фільмы апошніх гадоў? На яго думку, «аўдыторыя мізэрная — у Магілёў ці Мінск з паказамі не прыедзеш, і фільмы гэтыя найбольш фестывальныя, таму недасяжныя ў сеціве, бо гэта адна з умоў удзелу ў фэстах».
Пакуль, паводле Ірэны Кацяловіч, вырашыць праблему (часткова) дапамагае пляцоўка «Водбліск», там ёсць некаторыя беларускія рэлізы. «Фільм Мары Тамковіч, напрыклад, яшчэ ўдзельнічае ў фэстах, потым стануць магчымымі анлайн-паказы, не ведаю дакладна, але, думаю, будуць, — мяркуе Ірэна Кацяловіч. —
Беларускага кіно настолькі мала, што медыяпраекты і YouTube аказваюцца самым зручным для гледача. А кіно прайграе».