Прадстаўленне выдання адбылося 13 лютага ў межах Стральцоўскага фэста, які афіцыйна распачынаецца сёння ўвечары. «Горад на гары» прадстаўляе 29 галасоў найноўшай літоўскай лірыкі, многія з аўтараў перакладзеныя на беларускую мову ўпершыню.

Увечары 13 лютага зала Віленскага дома літаратараў — Vilniaus literatų namai — поўніцца творчай публікай дзвюх краін. Кнігі беларускіх перакладаў літоўскай паэзіі толькі прыехалі з польскага выдавецтва «Экапрэс», дзякуючы стваральніку «Камуніката» Яраславу Іванюку.

Андрэй Хадановіч

Імпрэзу вядуць укладальнік, перакладчык Ціхан Чарнякевіч і паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч. Сама ж ідэя кнігі належыць паэтцы і перакладчыцы Марыі Мартысевіч.

«Цягам больш як дзесяці гадоў на паэтычным фестывалі «Вершы на асфальце» традыцыйна выступалі госці з Літвы — паэты і перакладчыкі, кіраўнікі пісьменніцкіх арганізацый. Прачытаныя на фэсце вершы не раз друкаваліся ў перыядычных выданнях, перадусім у часопісе «Дзеяслоў», але ніколі не аб’ядноўваліся ў кнігу. Як развіццё гэтай ідэі, з’явілася думка прадставіць сучасную паэзію Літвы як мага больш шырока, бо прадстаўнічыя анталогіі з дзясяткамі аўтараў не выходзілі на беларускай мове з савецкіх часоў», — адзначае ўкладальнік кнігі.

Ціхан Чарнякевіч

На імпрэзе прадстаўленыя і папярэднія выданні: гэта двухтомнік «Літоўская савецкая паэзія» ажно 1977 года і мікраанталогія Алеся Разанава «Белы замак на гары», што выйшла ў 1992-м. «Назва новай анталогіі, як бачыце, наследуе кнізе Алеся Разанава», — зазначае Ціхан Чарнякевіч.

Паводле ўкладальніка, «ад нашай размовы на канапе ў «Павільёнасе» з літоўскімі калегамі» да з’яўлення кнігі сучаснай літоўскай паэзіі па-беларуску прайшло два гады. Каардынатарам праекта выступіў Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.

Пры дапамозе кансультантаў, паэтаў Маруса Бурокаса і Вітаса Дэкшніса, стваральнікі анталогіі — Марыя Мартысевіч, Андрэй Хадановіч і Ціхан Чарнякевіч — выбралі спіс найбольш яркіх аўтараў і кніг, якія выйшлі ў Літве ў апошняе дзесяцігоддзе і з’яўляюцца вызначальнымі і найбольш актуальнымі для разумення сучаснай літаратурнай сітуацыі ў краіне. Такім чынам, у кнізе «Горад на гары» чытачы пабачаць і тыя тэксты, якія ўжо можна было прачытаць у перыёдыцы, аднак ладную частку анталогіі складаюць творы, якія былі перакладзеныя адмыслова для гэтага выдання.

Кніга змяшчае біяграмы ўсіх аўтараў і аўтарак анталогіі з пералікам асноўных публікацый і кніг. Анталогію адкрывае кароткі нарыс гісторыі літоўскай паэзіі, напісаны Ціханам Чарнякевічам. Выданне аздобленае фотатворамі Кацярыны Мяць і Генадзя Шарыпкіна.

Падчас прэзентацыі свае пераклады чыталі Уладзімір Арлоў, Ціхан Чарнякевіч, Андрэй Хадановіч, чыталі свае творы ў арыгінале Эўгеніюс Алішанка, Грэта Амбразайце, Давіле Багдонайце і іншыя.

«Мне здаецца, сёння, калі свет зусім вар’яцее і расколваецца ў канфліктах, зроблена вельмі важная справа для дыялогу, узаемаразумення і ўзаемапавагі», — так кажа пра выданне найноўшай літоўскай паэзіі на беларускай мове Ціхан Чарнякевіч.

Быў на імпрэзе і вядомы зборнік сучаснай беларускай паэзіі «Baltai raudonai baltai» («Белае Чырвонае Белае»)«, які выйшаў у 2022 годзе намаганнямі літоўскіх літаратараў у выдавецтве «Bazilisko ambasada» на літоўскай мове.

«Укладаючы кнігу, рэдактары звярталі ўвагу на тое, каб паказаць найлепшае з актуальнага і, можа быць, у першую чаргу — ня самае вядомае беларускаму чытачу», — зазначае Ціхан Чарнякевіч.

Уладзімір Арлоў

Адной жа з галоўных задач гэтай кнігі, паводле ўкладальніка, ёсць знаёмства: «Нягледзячы на стагоддзі жыцця нашых народаў у параўнальна лагодным добрасуседстве, мы, да жалю, мала ведаем адно пра аднаго. Моўны бар’ер, з сумам даводзіцца канстатаваць гэта, працуе досыць адназначна ў сваёй дэфініцыі — агароджа мовы, якою аточана літоўская літаратура, даволі рэдка і спарадычна пераадольваецца беларускімі перакладчыкамі. (…) Шмат хто з аўтараў гэтай кнігі даўно варты важкіх тамоў выбраных твораў па-беларуску. Застаецца спадзявацца, што справа будзе рухацца», — кажа Ціхан Чарнякевіч.

Грэта Амбразайце

З прамовай падчас прэзентацыі выступіў Андрэй Хадановіч. Прамова вельмі дасціпная, таму публікуем яе цалкам, без зменаў і вельмі раім прачытаць да канца тым, хто не быў на прэзентацыі.

Я прачытаю гэтыя словы з паперкі, дакладней са смартфона. Пра гэта мяне папрасіў наш мадэратар і ўкладальнік анталёгіі Ціхан Чарнякевіч. Мабыць, ён хацеў, каб я напісаў прамову загадзя, ведаючы, што прэзэнтацыя будзе адбывацца ў дзень маіх народзінаў, а зь імяніньнікамі на імпрэзах бывае па-рознаму. Кажуць, як сустрэнеш год, так яго і правядзеш. Веру, што ў свой наступны год часта буду перакладаць літоўскія вершы.

Літоўскую паэзію перакладаю каля дваццаці гадоў. Тое, што я ня ведаю літоўскай мовы, мне ніяк не замінае, хутчэй наадварот — моцна дапамагае. Бо мае калегі і сябры, выдатныя літоўскія паэткі і паэты, робяць столькі падрыхтоўчай працы, што пасьля гэтага проста сорамна перакладаць кепска.

Ладнай часткі гэтых перакладаў не было б, каб у другой палове нулявых не зьявілася выдатнага фэстывалю «Вялікае Княства Паэзіі», які быў прыдуманы ў Літве і адначасова ў Беларусі. У Беларусі, бо гэта было ў Менску, а ў Літве — таму што на тэрыторыі Літоўскай Амбасады. Фэстываль адбываўся ў Менску, у Вільні, у Кракаве, у Кіеве, у Харкаве, у Луцку — і да кожнай сустрэчы зьяўляліся новыя пераклады, а пасьля кожнай — новыя сяброўствы, зь якіх расьлі чарговыя вершы, якія таксама было трэба перакладаць.

Потым беларускія і літоўскія паэты (разам з калегамі з Украіны і Грузіі) сустракаліся на пленэрах, дзе перакладалі адно аднаго на беразе мора — спачатку Балтыйскага, у Паланзе, а потым Чорнага, у Батумі. Аднойчы я апісаў наш творчы працэс у кароткім вершыку:

Беларускія перакладчыкі
працуюць зранку,
старанна падбіраючы,
падбіраючы словы,
якія раскідвалі ўночы
п’яныя грузінскія паэты.

Як вы цудоўна разумееце, на месцы п’яных грузінскіх паэтаў маглі быць — і часта бывалі — беларусы і літоўцы. З часам паэты-перакладчыкі дасягнулі такой дасканаласьці, што навучыліся абыходзіцца бяз мора.

Напрыклад, на літоўска-ўкраінскіх пленэрах у Львове, куды — згодна з прынцыпам «Трэцім будзеш?» — запрашалі і беларусаў. Або на менскім фестывалі «Вершы на асфальце», рэгулярнымі гасьцямі якога сталі літоўцы. Тым больш, што іх прыезд актыўна падтрымлівала Літоўская Амбасада. Асабліва калі амбсадарам быў паэт Эвалдас Ігнатавічус.

Сёньня міжнародны паэтычны фэстываль са зразумелых прычынаў ня можа адбываецца ў Беларусі, і вось ужо ў чацьверты раз наш фэст праходзіць тут, у Вільні — і гэта было б немагчыма без салідарнасьці і дапамогі літоўцаў. На ім адбылася і прэзэнтацыя анталёгіі беларускай паэзіі па-літоўску «Бела-чырвона-белы», чыё зьяўленьне — таксама моцны і прыгожы жэст літоўскай салідарнасьці з намі і нашай незалежнай культурай у часы рэпрэсій.

Анталёгія «Горад на гары» зь беларускімі перакладамі літоўскай паэзіі, што зьяўляецца таксама ў Вільні і таксама на нашым фэсьце, — спроба кроку ў адказ. Спадзяюся, яе прачытаюць многія беларусы, якія зараз жывуць у Літве. А таксама ў Польшчы, Грузіі і паўсюль, дзе мы сёньня жывём. Веру ў працу кантрабандыстаў-кніганошаў, дзякуючы якім кнігу будуць чытаць і ў самой Беларусі.

Кнігу можна набыць на сёлетнім Стральцоўскім фэсце ці замовіць праз інтэрнэт-краму «Камунікат».

Міжнародны паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова ў Вільні працягнецца яшчэ тры дні. Праграму фестывалю глядзіце па спасылцы

Рыгор Сапежынскі, budzma.org