«Беларусы гавораць» — новы трэд, які ўзварушыў Threads

Апошнія дні стужка сацыяльнай сеткі ахоплена беларускімі выслоўямі і згадкамі аб асаблівасцях беларускай гаворкі.

«Уся стужка ў пастах пра беларусы гавораць. Усюды стаўлю лайк. Але мы ж ведаем, што беларусы не гавораць «паставіць лайк», мы гаворым «ціснуць падабайку», — піша адна з карыстальніц сацыяльнай сеткі Threads.

«Я дакладна быў адным з першых, хто пачаў пісаць пасты ў такім стылі. Мая першапачатковая мэта — зрабіць так, каб больш людзей даведаліся аб Беларусі і вывучалі беларускую мову — быццам бы паціху збываецца», — адзначае іншы карыстальнік.

«Божа, што за напасць. Беларусы гавораць тое, беларусы гавораць гэта. Хіба што я таксама патрапіла пад уплыў. Беларусы не гавораць «Гэта было даўно», беларусы гавораць «За польскім часам».

«Беларусы не гавораць «Пустыя абяцанні», беларусы кажуць «Абяцанкі-цацанкі, а дурню радасць!», — дадае іншы.

Большасць карыстальнікаў звяртаюць увагу на беларускія адпаведнікі розных устойлівых выказванняў. Больш за 1400 лайкаў набрала заўвага аб тым, што беларусы не гавораць «Не влезай — убьёт». Беларусы кажуць «Не чапай, бо лясне!»

Людзі таксама згадваюць розныя рэгіяналізмы ці адметныя фразы, якія зразумее толькі жыхар пэўнай мясцовасці, дзеляцца ўспамінамі, цікавымі выпадкамі з жыцця.

«Да першага класа жыла ў Ваўкавыскім раёне, потым пераехала ў Мінск. І я доўга не разумела, чаму мае новыя сябры-аднакласнікі пастаянна перапытваюць, што за слова я гавару. Потым гадоў у 15 пазнаёмілася ў Мінску з чалавекам з Гродзенскай вобласці, і калі пачула «аліш» — ааа, мой родненькі». Напэўна, гаворка ідзе пра зварот «але ж», які перайшоў і ў рускую мову.

Сярод допісаў можна знайсці і тыя, што адсылаюць да вядомых беларусам тэлеперадач і герояў:

«Беларусы не гавораць «мама, не перажывай», беларусы кажуць «усё нармальна мама, трэм-бем-бем-бем-бем бем-бем!…», «Беларусы не гавораць «Алесь Ждановіч». Беларусы кажуць: «Маляваныч».

Ёсць і адсылкі да вядомых выслоўяў: «Беларусы не гавораць «С чего начінается Родіна». Беларусы гавораць «Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася Спадчына».

«Беларусы не гавораць «Где роділся, там і прігоділся». Беларусы цытуюць Караткевіча: «Кожны чалавек носіць сваё неба з сабой».

Больш за тысячу лайкаў набраў вось гэты жартаўлівы пост: «Я руская, муж — беларус! Сёння расказала яму пра флэшмоб — мілыя пасты на беларускай мове! Зачытваю яму, але фанетыка кульгае( Пайшоў, насмажыў мне дранікі — смачныя! З’ела два, ён кажа — скажы «дзякуй»! Сказала. Ён мне: еш яшчэ дранікі, акцэнт пакуль не прапаў».

Сярод залайканых і такі: «Яшчэ нядаўна ў Threads вывучаў казахскую, але апошнія некалькі дзён засвойваю беларускую. Падобна, Threads ператвараецца ў Duolingo, а я ў паліглота. Не жартуй з вужом і дурнем — абодва ўкусяць».

Так што далучайцеся! Сумна не будзе! Як заўважыла адна з карыстальніц: «Беларусыговорят — самае лепшае, што здарылася з беларусамі за апошнія некалькі гадоў».

nashaniva.com