18 лютага рыбацкі дом Оссінінга, што ў Нью-Джэрзі, на ўзбярэжжы ракі Гудзон, гасьцінна адчыніў дзверы. Менавіта сюды к 12 гадзінам дня сьцякалася з розных абшараў беларуская грамада, каб прыняць удзел у абрадавым сьвяце «Гуканьне вясны».

«Гуканьне вясны» – гэта адзін з самых жыцьцярадасных і аптымістычных старадаўніх беларускіх звычаяў. Бо ў гэты час зіма ўжо адыходзіць, а на зьмену ёй крочыць буйнымі крокамі прыгажуня-вясна. Каб паскорыць яе прыход і ладзіцца народнае сьвята, якое мае аўтэнтычны назоў дадзены нашымі прашчурамі – “Гуканьне вясны».
Арганізатармі сьвяткаваньня на Гудзоне выступіла суполка ў Фэйсбуку «Беларусы ЗША. Разам лягчэй», а таксама Пётр і Аленa Рыжыя.

Пачалося мерапрыемства са смачнага пачастунка ў рыбацкім доме, дзе гасьцей чакаў разнастайны стол. Тут пяклі бліны, варылі пюрэ, кашу і кампот. А таксама прапаноўвалі мясныя стравы і салаты.
Пасьля абеду адбыўся непасрэдна сьвяточны абрад у парку на беразе ракі.
«Гуканне вясны» – сьвята вельмі музычнае. Зваць вясну пачынаюць дзяўчаты. Яны засьпявалі песьні-вясьнянкі. Асаблівасцю такіх песень з’яўляецца тое, што кожны куплет заканчваецца гучным крыкам “Гу-у-у-у!”. Адсюль і назва – “гуканьне”.

Алена Рыжая, Ганна Шарко і Ганна Губянкова вялі беларускую грамаду ў абрадавым сьпеве:
«Благаславі Божа Прачыстая маці Вясну гукаці Зіму замыкаці Лета у карэце Зіма у вазочку Па белым сьняжочку».

Працягнулася мерапрыемства карагодамі, конкурсамі, гульнямі, перацягваньнем канату, сьмешнымі забаўкамі.
Грамада запытвала ў вясны:
«Oй, вясна ты красна, Што ты нам прынясла? Можа масла брусок? Можа сыру кусок? Можа сала шматок? Можа бульбы мяшок?»

Сьвяточны карагод прыцягнуў ўвагу амэрыканцаў, якія рабалі шпацыр уздоўж ракі. Некаторыя з іх спыняліся і пыталіся, што за гэта за мерапрыемства. Адзін з такіх, 75-гадовы Джон, распавёў, што ягоны дзядуля быў з Валожына. Але бацька ўжо быў народжаны ў ЗША. Сам ён па адукацыі хімік і ўсё жыцьцё прапрацаваў у буйной фармакалягічнай кампаніі. Пра Беларусь, акрамя назвы Валожын, ён больш нічога не ведае. Але генетычны код адазваўся ў ім і ён стаў адным з удзельнікаў беларускага фэста.
Трэба сказаць, што арганізатары парупіліся аб упрыгожваньні пляцоўкі ля рыбацкага дома. Паўсюль былі рознакаляровыя самаробныя птушкі, сплеценыя з саломы і абматаныя беларускімі колерамі і нацыянальнымі сымбалямі. Разам з амэрыканскім, вісеў нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг.

Нашы продкі вывешалі дэкаратыўных птушак перад сьвятам звонку дамоў, бо лічылася, што так птушкі якія адляцелі на поўдзень хутчэй заўважаць адваротны шлях дадому. Упрыгожвалі таксама дрэвы ў садзе, дамы, гаспадарчыя пабудовы. Лічылася, што калі птушкі абяруць чыйсьці дом, то там будзе шчасце і дастатак. Акрамя таго яркія стужкі на дрэвах абазначалі красаваньне. Нашы продкі думалі, што дрэвы заразяцца весялосьцю і яркасцю стужкі і хутчэй зазелянеюць.

Таксама адметнасьцю сьвята на Гудзоне стала лялька – вядзьмарка Марэна, якой сымбалічна перадалі ўсе негатыўныя думкі. Спаленьне лялькі плянуецца пазьней, на Купальле летам.
Працягнулася мерапрыемства за кавай ў рыбацкім доме, дзе можна было пад кіраўніцтвам Пятра Рыжага сплесьці сабе ваўняны пояс на адмысловым старадаўнім станку. А таксама паслухаць беларускую музыку, паразмаўляць і атрымаць новыя знаёмствы.

Віталь Зайка раздаў жадаючым беларускія перакідныя календары ад суполкі «Пагоня». У кніжнай краме «Літарка» можна было набыць кнігі беларускіх аўтараў, бел-чырвона-белыя вязаныя шапкі, шалікі і іншыя рэчы.
Ніхто з прыехаўшых на мерапрыемства ў рыбацкі дом Оссінінга не пашкадаваў аб гэтым. Выходная субота атрымалася насычанай і зьмястоўнай. А вясна павінна хутка атрымаць сваю ўладу і ўвайсьці ў жыцьцядаўчую моц.








