
Майстар-клас па маляванні паштовак салідарнасці з палітвязнямі адбыўся 4 красавіка ў Вільні. Ён ладзіўся ў кнігарні The.Bookest.World у віленскім арт-раёне Ужупіс (Зарэчча).
Прысутныя стваралі паштоўкі са сваімі малюнкамі, якія пазней арганізатары размножаць і дашлюць палітвязням і палітвязынкам у Беларусі.
Як кажа арганізатар імпрэзы Марк Кулеш з ініцыятывы “Майстэрня паштовак салідарнасці”, гэта адна з шэрагу сустрэч-вечароў салідарнасці ў падтрымку беларускіх палітзняволеных:
-Ідэя ў тым, каб заахвочваць больш людзей спрабаваць розныя фарматы, розных людзей з розных колаў, з рознымі цікавосткамі запрашаць і праз гэта распавядаць пра тэму палітзняволеных і ўцягваць у гэта. Таму што проста сустрэчы пра палітзняволеных не збіраюць шмат людзей. Актывісты і актывісткі з “Майстэрні паштовак салідарнасці” яны ілюстратаркі, яны і дызайнеркі, яны таксама захацелі колам сабрацца і паўдзельнічаць, паказаць, як гэта ўсё малюецца. І проста кагосьці натхніць на ілюстрацыю.
Ствараць паштоўкі дапамагала дызайнерка Вікторыя, якая растлумачыла асноўныя аспекты малявання і спалучэння колераў. А таксама зазначыла, што паштоўкі заўжды нясуць пазітыў людзям:
-Паштоўка – гэта пазітыўны пасыл. Ты яе купляеш ці робіш сам і адпраўляеш некаму другому і гэта прасякнута духам напісання лістоў палітзняволеным. Так, мы памятаем пра людзей. І калі атрымаецца адправіць ім гэтыя паштоўкі, калі яны да іх дойдуць, і чалавек, які зараз сядзіць, убачыць гэтую паштоўку, то яму будзе прыемна, што пра яго памятаюць.
На майстар-клас прыйшла ў асноўным моладзь, якая навучаецца ў ЕГУ, але падтрымалі беларусаў і нараджэнцы Украіны і Індыі. Яны таксама разам з прысутнымі малявалі паштоўкі для беларускіх палітвязняў, бо ведаюць пра цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі і маюць знаёмых, якія знаходзяцца за кратамі па палітычных матывах.
Цалкам матэрыял:


