Яўгенія Доўгая: Сітуацыя падвешаная, усе чагосьці чакаюць

Праваабаронца і заснавальніца ініцыятывы “Палітвязынка” Яўгенія Доўгая пагутарыла з „Радыё Рацыя“ пра палітзняволенных жанчын і дапамогу ім.

РР: Давайце нагадаем нашым слухачам, чым сёння займаецца праект «Палітвязынка». Калі я так разумею, што гэта ўжо даўно не толькі інфармацыйная кампанія, але і непасрэдная дапамога сваякам, былым палітвязням.

Яўгенія Доўгая: Мы па-ранейшаму займаемся інфармацыйнай кампаніяй. Таксама займаемся адвакатаваннем вызваленых палітвязяняў, пішам лісты палітыкам, праваабарончым арганізацыя на міжнародным роўні, а таксама за кошт данатаў імкнемся дапамагаць як былым палітвязням, так і тым, хто зараз за кратамі, напрыклад, нам зараз трэба дапамагчы – сабраць вялікую перадачу для зняволенай жанчыны. Таксама працуем. І нас таксама зачапіў крызіс. Але мы стараемся трымацца.

РР: Я якраз хацела паразмаўляць пра тое, што змяняецца апошнім часам. Вы ўзгадалі пра крызіс. Як атрымліваецца зараз трымацца на плыву, у тым сэнсе, што беларуская тэма, здаецца, адсоўваецца ўсё далей і далей. Пра Беларусь усё радзей узгадваюць. Ці стала ў вас у сувязі з гэтым больш працы?

Яўгенія Доўгая: Працы сапраўды дадалося, таму што цяпер уся ўвага нацэлена на пытанне вайны ва Украіне. І мы ўсё часцей сутыкаемся з пытаннямі ад тых жа еўрапейскіх палітыкаў: а што, у вас яшчэ нічога не закончылася? Або: а што ў вас яшчэ штосьці адбываецца? Бачна, што пытанне Беларусі сёння не ў прыярытэце. І бачна, што многа чаго яны не ведаюць. Таму што за гэтыя пяць гадоў адны палітыкі сышлі, другія прыйшлі, то бок, адны ў курсе, іншыя не ў курсе. Работы сапраўды з’явілася больш. Што публікаваць, што не публікаваць, таму што сёння галоўная ўвага да тых людзей, пра якіх гучыць інфармацыя. Ці пашкодзіць гэта ім, ці не? Усе чакаюць памілавання, якога даўно не было. Усе чакаюць нейкіх вынікаў амерыканскіх перамоваў паміж Менскам і Вашынгтонам. Усе чагосьці чакаюць. Таму стан такі падвешаны. Я б нават сказала, што ёсць крыху разгубленасці, у нас таксама. Таму што не ведаеш, за што брацца.

РР: Вы як чалавек, які паглыблены ў кантэкст гэтых усіх навінаў, у кантэкст дзейнасці карнага апарату, што там зараз адбываецца, якія тэндэнцыі? Рэпрэсій, канешне, менш не стала. Але іх сталі замоўчваць, каб стварыць выгляд, што ўсё ОК.

Яўгенія Доўгая: Тое, што адбываецца ў калоніях, то там нічога не змянілася. Палітвязням па-ранейшаму асабліва нясоладка сядзець. Перажылі зіму. Вялікія хваляванні былі за людзей, якія часта хварэлі. Хваляваліся, як яны перажывуць гэтую зіму, таму што гэтыя бясконцыя пастраенні, гэтыя бясконцыя прыборкі. Нібыта перажылі. Людзі выходзяць у цяжкім стане. І я хачу сказаць, што вялікае адрозненне ёсць паміж людзьмі, якія, напрыклад, сядзелі ў СІЗА і няшмат сядзелі ў калоніі, і з людзьмі, якія выходзяць пасля чатырох гадоў зняволення. Гэта зусім іншыя людзі, павінны быць зусім іншыя падыходы да іх рэабілітацыі. Гэта нават зусім іншы фізічны стан чалавека. Нават у фізічным плане іх целы змяняюцца. Таму гэта павінны быць іншыя падыходы. Што датычыць жыцця ўнутры калоній, то людзі чакаюць, што нехта дапаможа ім выйсці. Хвалююцца за сваіх родных, бо да сваякоў па-ранейшаму прыходзяць. Таму сітуацыя досыць вострая.

Цалкам матэрыял:

Яўгенія Доўгая зазначае – ў 2020 годзе беларусы паказалі, на якую неверагодную салідарнасць здольныя. Не варта забывацца пра яе і цяпер.

racyja.com,
фота з асабістага архіву Яўгеніі Доўгай