
Эсэ Сяргея Дубаўца.
Пра яшчэ адну беларускую Хатынь я даведаўся з мала каму вядомых успамінаў, пакінутых сьведкамі. Трагедыя адбылася 14–15 красавіка 1831 году ў Ашмянах, апошнім беларускім горадзе на дарозе ў Вільню.
Спрадвеку мясцовыя людзі езьдзілі туды на кірмашы, на працу ці вучобу. І сёньня мала хто зь беларусаў, якія едуць у Літву, не бываў у Ашмянах хоць бы праездам і не зьвярнуў ўвагу на тутэйшы барочны касьцёл — зь яго незвычайна тонкімі стромымі вежамі.
Трагедыя адбылася ў часе паўстаньня супраць расейскай акупацыі. І тут нам трэба аднавіць кантэкст, шмат разоў перакручаны гісторыкамі-прапагандыстамі, падагнаны пад патрэбы ўчорашніх і сёньняшніх палітычных рэжымаў як у Расеі, так і ў Беларусі, а то й проста ахутаны маўчаньнем.
Паляк — значыць, «ня наш»
Калісьці на землях цяперашняй Беларусі жыла-была такая фэдэратыўная дзяржава — Рэч Паспалітая, то бок саюз дзьвюх дзяржаваў: Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага. Гэты саюз аб’ядноўваў сёньняшнія Беларусь, Літву, Польшчу, часткова Ўкраіну. І грамадзяне Рэчы Паспалітай, гэта значыць, нашы з вамі прапрапрадзеды і бабулі, тагачасныя беларусы, былі падданымі Рэчы Паспалітай.
Паступова на беларускіх землях Рэчы Паспалітай замест старабеларускай пачала афіцыйна дамінаваць польская мова. Праз гэта нашы продкі маглі называцца палякамі (пры тым выразна адрозьнівалі сябе ад «каронных» палякаў) або ліцьвінамі ці русінамі, маючы на ўвазе сваю прыналежнасьць да Вялікага Княства Літоўскага.
У 1772 годзе Расейская імпэрыя пачала наступ на Рэч Паспалітую з мэтай яе захапіць. І вось розныя народы гэтага саюзу паўсталі супраць новае і агрэсіўнае ўлады. Гэта была сэрыя паўстаньняў за незалежнасьць ад Расеі, якія цягнуліся з таго часу аж, бадай, да нашых дзён. Як на сёньня, посьпехам завяршыліся падзеі для Літвы і Польшчы, якія ў цяперашнім выглядзе сталі незалежнымі краінамі. Ва Ўкраіне адбываецца новая расейская агрэсія. У Беларусі пракрамлёўскі рэжым падрывае асновы дзяржавы, якая ўсё яшчэ незалежная і прызнаная ў сьвеце краіна, хоць і моцна пашкоджаная русыфікацыяй.
Але вернемся да паўстаньняў. Першае зь іх мы называем паўстаньнем Тадэвуша Касьцюшкі (1794), другім быў паход Напалеона на Маскву, у якім у вялікай колькасьці ўдзельнічалі грамадзяне Рэчы Паспалітай (помнім, што армію Напалеона віталі, падтрымлівалі і ўдзельнічалі ў баях нашы з вамі прапрапрадзеды і бабулі), якія мелі адну мэту — жыць асобна ад імпэрскай Масквы. Трэцяе паўстаньне адбылося ў 1831 годзе, чацьвертае — у 1863–64 — мы называем паўстаньнем Кастуся Каліноўскага. Трэба разумець, што гэты падзел умоўны. Паўстаньні былі як выбухі. Але барацьба супраць расейскай акупацыі ў розных формах не спынялася ні на дзень.
І вось што робяць расейскія прапагандысты. Паколькі сучасная Польшча ў Рэчы Паспалітай дамінавала (хоць бы паводле тэрыторыі і насельніцтва), яны называюць усе гэтыя паўстаньні «польскімі». Як быццам і не было там продкаў сучасных беларусаў ці літоўцаў ці ўкраінцаў. Нават Кастуся Каліноўскага яны ахрысьцілі палякам, хоць той па-беларуску зьвяртаўся да народу і сэпараваў паўстаньне ў Вялікім Княстве ад паўстаньня ў Варшаве, стаў фактычна першым менавіта беларускім палітыкам.
Для чаго гэта робіцца? Для таго, каб выкрасьліць Беларусь з гісторыі, пагатоў з нашай гісторыі, гераічнай і антырасейскай. Што значыць польскае паўстаньне? Яно ўжо як бы ня наша, чужое, а нават ва ўяўленьні цяперашняга рэжыму варожае. Быццам гэта ня нашы прапрапрадзеды і бабулі на сваёй і нашай зямлі змагаліся з захопнікамі, а нейкія экспартаваныя палякі. А нічога свайго ў нас, беларусаў, ніколі не было, у тым ліку і нас саміх.
Тое, што гэта робіцца сьвядома, пацьвярджаецца і тым, што беларускія гарады па-расейску называюцца польскімі варыянтамі сваіх назваў (Брэст, Гродна, Мінск і мноства іншых). Урэшце ў працэсе русыфікацыі польскія назвы былі ўвапхнутыя і ў беларускую мову як афіцыйны варыянт.
На жаль, такую расейскую антыбеларускую прапаганду ў самой Беларусі цяпер прадукуе і лукашэнкаўская прыслуга. Хоць самы просты падлік з адкрытых крыніц дасьць адну неабвержную выснову: ад ніводнай краіны сьвету ў гісторыі Беларусь не цярпела ў войнах столькі, колькі ад Масковіі.
Між тым, прынцып адзінства гісторыі, гістарычнай пераемнасьці і абагульненьня гістарычных паняткаў да сучасных значэньняў, прынамсі ў папулярных кнігах і падручніках, патрабуе карэктнага называньня ўсіх гэтых паўстаньняў і іх удзельнікаў беларускімі. Інакш атрымліваецца, што не было на нашай зямлі ніякай гісторыі. І самой зямлі не было. Прынцып адзінства спрыяе разуменьню гісторыі, фармаваньню нацыянальнай тоеснасьці беларусаў і ёсьць чыстым нацыянальным інтарэсам. Але такі прынцып ніяк не ахоплівае ўсёй нашай гісторыі. Хоць, да прыкладу, беларускай асьветніцай мы называем Эўфрасіню Полацкую, а беларускім першадрукаром Францішка Скарыну, якія жылі адпаведна 900 і 500 гадоў таму.
Захапілі ці вызвалілі
Дык вось. І паўстаньне 1831 году ў нас было беларускім, бо ўдзельнічалі ў ім мясцовыя людзі на сваёй зямлі.
А пачалося з таго, што паўстанцы вызвалілі горад Ашмяны ад расейскае ўлады. Такім чынам была перарваная паштовая сувязь віленскага расейскага губэрнатара з Масквой. Гэты губэрнатар паслаў у Ашмяны войска на чале з палкоўнікам Вярзіліным, якое перад тым ваявала на Каўказе. Гэта быў аддзел з 300 казакоў, 5000 чалавек пяхоты і 4 гарматаў. Паўстанцы ацанілі вялікую перавагу расейцаў і адступілі, у горадзе застаўся нешматлікі ар’ергард іхнага атраду.
І тут чарговы казус пісанае гісторыі. З гледзішча беларускіх паўстанцаў, яны горад вызвалілі, а з гледзішча расейскіх прапагандыстаў — захапілі. А паколькі цяперашні рэжым у Беларусі больш атаясамлівае сябе з Расеяй, усяляк прыніжаючы статус самой Беларусі як дзяржавы і спавядаючы агульныя з расейцамі наратывы, дык і ў тутэйшай афіцыйнай трактоўцы якраз паўстанцы захапілі, а Вярзілін з войскам — вызваліў. Але ў чым палягала тое вызваленьне? Зусім кароткі адказ: у тым, што расейцы выразалі палову насельніцтва Ашмянаў. У гэтым — празрыстая паралель з Хатыньню і з зусім нядаўняй украінскай Бучай. Бо вынік што для ашмянцаў, што для хатынцаў, што для бучанцаў той самы.
Ашмянская разьня
Пра гэтыя падзеі беларусы загаварылі літаральна апошнімі гадамі. Магчыма, таму, што гаварыць стала магчыма толькі ў эміграцыі. А раней праўда шчыльна хавалася ў малавядомых мэмуарах, а на запыты пра Ашмянскую разьню гугл нязьменна знаходзіў «Армянскую разьню», даўно і добра вядомую ў сьвеце.
Тагачасны ашмянец Ігнат Клюкоўскі, які пасьля эмігруе на Захад і пакіне ўспаміны, згадвае, што сярод паўстанцаў было шмат касінераў, то бок мясцовых жыхароў, узброеных косамі. Пакінуты ў горадзе ар’ергард быў хутка разьбіты нашмат большаю сілаю нападнікаў і цяпер расейцы засталіся сам-насам з ашмянскімі жыхарамі.
Можна зразумець эмацыйны напал у словах Клюкоўскага, які апісвае наступныя падзеі:
«Маскалі затрымаліся перад горадам… і пачалі кананаду. Было зроблена 80 артылерыйскіх стрэлаў і пабіта шмат дамоў. Каб перадухіліць абстрэл, кавалерысты… спрабавалі атакаваць, але стрэлы картэчай зьнішчылі некалькі кавалерыйскіх зьвязаў, асуджаных на сьмерць… Менавіта гэтае зьнішчэньне слабога заслону, які імкнуўся перадухіліць разбурэньне гораду артылерыяй, і было паднесена Вярзіліным як штурм гораду, які моцна бароніцца.
Неўтаймаваны зброд уварваўся ў горад, быццам яго захапілі штурмам, не прапускаючы ні слабога полу, ні састарэлых. Для іх не было нічога сьвятога. Жанчыны і дзеці, схаваўшыся пад Боскай аховай у касьцёле, палі ахвярай лютасьці разьюшаных дзікуноў. I была гэта ахвяра, апырсканая крывёю бязьвінных! Не прыпыняліся забойствы на вуліцах. Былі забітыя два ксяндзы, жыхары Завадзкі, Ган і мноства іншых. У якасьці трафэяў перамогі барбараў над бяззбройным народам застанецца ўспорваньне нутра ў аднаго з жыхароў, калі дапытваліся ў яго пра грошы; расьсяканьне доктара Закрэўскага і забойства каля двухсот простых жыхароў.
Закапаўшы шматлікія кучы няшчасных ахвяраў, Вярзілін вярнуўся ў Вільню, а яго войска знаходзілася ў стане трыюмфу, вартага часоў Тамэрлана, займалася крадзяжом начыньня з касьцёлаў і прыватнай уласнасьці забітых жыхароў. Так помсьцілі бязьвінным і бяззбройным у XIX стагодзьдзі! Але што значаць стагодзьдзі для барбарскага ўраду? Усякі дэспатызм ніколі ня ведае мяжы і зьменаў».
Тагачасны вілянчук Станіслаў Шумскі так згадваў гэтую падзею: «Вярзілін праславіўся ашмянскай разьнёй. Гэты Вярзілін у касьцёле выразаў людзей, а потым рабаваў паціры, келіхі і іншыя касьцельныя рэчы, якія ягоныя казакі пасьля прадавалі на рынку ў Вільні».
Расейскі вайсковец і гісторык ХІХ стагодзьдзя Аляксандар Пузырэўскі даў сваю вэрсію падзеі: «Ар’ергард выступіў насустрач непрыяцелю і прыняў бой, быў разьбіты і адкінуты ў горад, і ў горадзе інсургенты разам з гараджанамі адчайна бараніліся. Зацяты бой быў непрацяглы, і ў некалькі гадзін хваляваньні ў Ашмянах былі задушаныя. У запале сутычкі рэдка хто атрымаў літасьць».
Такім чынам выглядала гэтая страшная Ашмянская разьня, якая ў істоце нічым не адрозьніваецца ад многіх падобных трагедыяў на беларускай зямлі, пры тым зь беларускага гледзішча не было розьніцы, хто менавіта ўчыніў злачынства. У кожным разе гэта былі людзі прышлыя, акупанты, якія прынесьлі на нашу зямлю свае парадкі, а нашым людзям — сьмерць.
Ашмянская разьня стала той прызмай, празь якую глядзяць сёньня на беларускую гісторыю і ў Маскве, і ў Менску. У Менску судзяць мёртвых злачынцаў Хатыні, а што там злачынца ашмянскі? Яго ня толькі ня судзяць, але і «величают». У Вікіпэдыі «Пётар Сямёнавіч Вярзілін — генэрал-лейтэнант, герой Напалеонаўскіх і іншых войнаў, наказны атаман Каўкаскага лінейнага казачага войска». Адным словам — герой.

Трэба згадаць, што сёньня на адным пляцы з барочным касьцёлам сьв. Міхала Арханёла, пра які я згадаў напачатку, ёсьць і праваслаўная царква, якую расейцы збудавалі на месцы дамініканскага касьцёла — таго самага, дзе ў 1831 годзе схаваліся ашмянскія жанчыны і дзеці і дзе іх забілі салдаты Вярзіліна.
У вікіпэдыях няма артыкула пра Ашмянскую разьню. Ува ўрывістых асобных крыніцах згадваецца розная колькасьць ахвяраў — да 500 чалавек, хтосьці кажа, што горад быў спалены цалкам, словам, адзінай цэльнай і наколькі магчыма выверанай карціны няма. А гэта значыць, што ўся гэтая дасьледчая праца наперадзе. Але нямала мы ведаем і таго, што не выклікае сумневаў. Напрыклад, Ашмянскай разьні прысьвечаны верш паўстанца Канстанціна Гашынскага, які апісвае падзеі трагедыі. Або словы клясыка Адама Міцкевіча, які ня змог не адгукнуцца на трагедыю і ў 1832 годзе ў Парыжы занатаваў літанію: «Пакутніцкай сьмерцю ашмянцаў, забітых у касьцёлах і ў сваіх хатах. Выратуй нас, Пане».