Юрка Хмялеўскі пра юбілеі „Расспяванага Гарадкa“ і „Асенняга Лісця“

Юрка Хмялеўскі павіншаваў са сцэны юбіляраў разам з Янам Карповічам. На здымку супольна з публікай спяваюць „Многая лета”. Фота Гміннага цэнтра культуры ў Гарадку

Як былога дырэктара Дому культуры ў Гарадку запрасілі мяне на юбілейны канцэрт двух тамашніх песенных калектываў. Легендарны „Расспяваны Гарадок” святкаваў сваё 70-годдзе, а „Асенні ліст” – 30-годдзе. Гэта быў для мяне надта прыемны вечар. Юбіляры – праўда, адны жанчыны не лічачы Віктара Маланчыка з гармонікам – на сцэне выступілі ўдала і жвава, нягледзячы на іх немаладыя ўжо лета. На сцэне прагучалі вядомыя мне беларускія песні з іх рэпертуару, пачуў таксама некалькі новых твораў. Мне і ўсёй публіцы, што запоўніла аўдыторыю да апошняга крэсла, надта падабаліся таксама жартоўныя сцэнкі. І ўсё – па-беларуску! Гэта доказ, што беларускасць у Гарадку ўсё ж такі яшчэ трымаецца. Прынамсі на сцэне, але і часам у гутарках людзей паміж сабою. Бо афіцыйна як усюды, амаль усё і там ужо па-польску. Войт, прадстаўнік ваяводы ды намеснік павятовага старасты віншавалі юбіляраў і выказвалі ў іх адрас вялікія словы захаплення – па-польску, вядома, але амаль не заўважвалі, якое на самой справе хваляць багацце, што прэзентуюць калектывы. Толькі дырэктарка мясцовай школы і заадно павятовая радна Анна Грыцук падкрэсліла, што гэтым багаццем з’яўляецца якраз тутэйшая беларуская культура, якая ў гміне вякамі найбольш укаранілася.

За „майго часу” жывая беларускасць тут таксама ўжо прыгасала і прыходзілася настойліва працаваць, каб гэтую з’яву – паўсюдную, на жаль, на нашай Беласточчыне – хаця б крыху паўстрымаць. 

Я павіншаваў са сцэны юбіляраў разам з Янам Карповічам, маім былым супрацоўнікам, вядомым музыкантам, які ў мінулым таксама нейкі час кіраваў гарадцкім домам культуры. Ён – легенда гарадоцкай культуры, перад усім беларускай. У мінулым годзе разам з жонкай Ірэнай адзначалі 50-годдзе сужонства.

Я павіншаваў калектывы з юбілеямі, падзякаваў за тое, што з ахвотай спяваюць па-беларуску, прыносячы радасць людзям. Сказаў, што гэты цудоўны вечар для мяне як „дэжаві”, бо меў такое адчуванне, быццам вярнуўся ў мінулае, калі бачыў аднолькавы вобраз на сцэне. Жанчыны з абодвух калектываў амаль усе былі ў іх складзе і пры мне. Яны амаль не пастарэлі! Мабыць таму, што жыццядайную энергію дае ім менавіта спеў і выступы на сцэне, удзел у розных мерапрыемствах. Пры тым, што важна, не толькі ў сябе, але ў розных гарадах і мясцовасцях у ваяводстве, Польшчы і нават за мяжой (у Беларусі, на жаль, пакуль гэта немагчымае).

У маім выпадку якраз таксама супадала круглая дата. Роўна дзесяць гадоў таму менавіта я закончыў у Гарадку сваю місію як дырэктар дому культуры і з 1995 г. галоўны рэдактар „Гарадоцкіх навін”.

З ахвотай даў я інтэрв’ю беларускім журналістам з Рацыі і Радыё Беласток. Выказаў у іх сваю радасць з нагоды свята калектываў, з якімі на шмат гадоў лёс быў звязаў і мяне. Значыць беларускасць тут яшчэ жыве, хаця не скрываў, што непакоіць мяне тое, што ў Гарадку асіміляцыя ў польскасць наступае так маланкава. Але нельга здавацца. Трэба захаваць як найдаўжэй гістарычную тоеснасць і карэнную культуру гэтай зямлі. Прынамсі ў песні, бо гэта найпрасцей. А можа і ў іншы спосаб, бо беларуская свядомасць тут яшчэ ёсць і будзе нягледзячы на польскамоўнае ўжо ў значнай ступені мясцовае грамадства. Але, калі гэтыя калектывы збіраюцца на рэпетыцыі, а пасля выступаць на сцэне падчас розных мерапрыемстваў, гэта таксама добрая нагода для размоў па-беларуску. Памятаю, што як дырэктар я з цяперашніміі юбілярамі заўсёды размаўляў амаль выключна па-беларуску. Па меры магчымасці ездзіў з імі таксама на выступленні па-за Гарадком. Калі прыходзілася выказвацца афіцыйна, я заўсёды падкрэсліваў, што мы адгэтуль, а не імпартная, прывезеная з-за мяжы культура.

Трэба прызнаць, што гарадоцкія ўлады на чале з войтам увесь час спрыяюць такой дзейнасці. Таксама мясцовы Дом культуры дае дзеля гэтага добрыя ўмовы. Дзякуючы таму калектывы забеспечаны касцюмамі, маюць аплачанага музычнага кіраўніка, таксама запэўнены транспарт, калі едуць недзе на канцэрты.

Мне прыходзілася ладзіць ранейшыя юбілеі гарадоцкіх калектываў. На такое свята мы запрашалі таксама гурты, з якімі яны сябравалі, і не толькі беларускія. Прыязджалі літоўцы з Пуньска, фальклорныя калектывы з-пад Ломжы… Цяпер у такой ролі выступілі „Лайланд” і „Сёстры Астапчук” з Беластока. І яшчэ „Каліна” з Залук, хаця ў няпоўным складзе.

Юрка Хмялеўскі, czasopis.pl