Прайсці медагляд і распавесці ўсё пра сваякоў: жонка турка расказвае пра пакуты з атрыманнем ДНЖ для мужа ў Беларусі

Кацярына і Юсуф. Скрыншот відэа ў тыктоку

Беларуска Кацярына кажа, што з мужам Юсуфам прайшла праз сем кругоў пекла, каб ён нарэшце атрымаў дазвол на жыхарства ў нашай краіне.

Два гады таму Кацярына выйшла замуж за грамадзяніна Турцыі. Спачатку інтэрнацыянальная сям’я вырашыла жыць у Стамбуле. Бо горад прыгожы, ёсць мора, клімат цёплы.

У тыктоку беларуска прызнаецца, што першы год у Турцыі ёй даўся цяжка. Праблемы зразумее кожная мігрантка: нават пошук новай манікюршы становіцца квэстам. Потым Кацярына адаптавалася, але шумны вялікі горад усё роўна раздражняў.

Таму яшчэ праз паўгода яна папрасіла мужа Юсуфа паспрабаваць пажыць год цяпер ужо на яе радзіме, каб параўнаць і вырашыць, дзе сям’і больш камфортна.

І вось ужо восем месяцаў Кацярына і Юсуф жывуць у Беларусі. Нават нядаўна набылі 80-гадовы дом на беразе Беразіны. Спадзяюцца яго рэканструяваць усяго за 9 тыдняў і актыўна працуюць над гэтым.

Прычын у такога рашэння было некалькі. Па-першае, Юсуп, які 35 гадоў пражыў у мегаполісе, атрымлівае асалоду ад цішыні і спакою беларускай вёскі. Па-другое, мужчына раптам зразумеў, што хоча паспрабаваць працаваць на зямлі і ўжо накупіў рознага насення для агарода. Ну і трэцяя прычына больш празаічная: пара даўно марыла пра ўласны дом, а каб набыць нешта прыстойнае ля Мінска, трэба шмат грошай.

Кацярына кажа, што з цярпеннем у іх праблема, таму збіраць фінансы да пенсіі не варыянт. Вось і ўзялі найлепшае з таго, што маглі сабе дазволіць.

Зразумела, што мужу-замежніку трэба было атрымаць дазвол на жыхарства ў Беларусі. Кацярына ў сваім тыктоку кажа, што для гэтага яны прайшлі праз сем кругоў пекла.

Чакаць ім давялося амаль максімальны тэрмін, які прадугледжаны заканадаўствам: дакументы Юсуфа разглядалі амаль чатыры месяцы.

— Яшчэ ў лістападзе Юсуф прайшоў медкамісію. Гэта было не ў адным месцы. Мы паездзілі па розных паліклініках горада. Мы сабралі вялізны пакет дакументаў, які пацвярджае наш шлюб і ўсё астатняе. Сказалі: «А што, у вас дзяцей няма?!». Ну гэта значыць, мы не вельмі добранадзейная пара. Лічыцца чамусьці, што дзеці — гэта вельмі важкі доказ таго, што шлюб сапраўдны. А наш, імаверна, фіктыўны.

Сярод дакументаў, якія трэба было прынесці, былі даведка аб несудзімасці, а таксама шмат самых розных анкет. Пры гэтым збіралі інфармацыю не толькі пра самога Юсуфа, але і пра ўсіх яго самых блізкіх сваякоў у Турцыі.

— Карацей, я цяпер ведаю ўсе дні нараджэння, адрасы і месцы працы ўсіх Юсуфавых блізкіх сваякоў.

Але бюракратычныя пакуты скончыліся, і Кацярына з гонарам дэманструе картку ДНЖ мужа.

Пры гэтым яна адзначае, што аналагічная працэдура атрымання дазволу на жыхарства ў Турцыі была для яе значна прасцейшай — ніякіх медаглядаў і анкет пра сваякоў. 

nashaniva.com