“Усё шыршэ і шыршэ…” БХК прадставіў новы даклад пра трэнды дзяржпалітыкі за першы трыместр 2025 года

Беларускі Хельсінкскі Камітэт прэзентаваў даклад: “Правы чалавека ў Беларусі. Асноўныя трэнды дзяржаўнай палітыкі. Студзень-красавік 2025”. “Вясна” распавядае, што ў ім.

Нагадаем, як флагманскі прадукт БХК — асноўныя трэны дзяржаўнай палітыкі — ствараецца. У фокусе ўвагі — тое, што вядзе да якаснага змянення і пераходу на новы ўзровень палітыкі дзяржавы/мер, якія парушаюць правы чалавека або ствараюць умовы для гэтага. Аналітыка праводзіцца па трох напрамках: агульныя меры, правапрымяняльная практыка, а таксама ключавыя рашэнні і рэакцыі міжнародных структур. Трэнды выпускаюцца тройчы ў год — кожны трыместр, або кожныя чатыры месяцы. Цяпер жа БХК выпусціў Трэнды дзяржпалітыкі за студзень-красавік 2025 года.

Кожны з дакладаў эксперты БХК суправаджалі незвычайнай вокладкай. Там быў і коцік-касманаўт, і кабанчык, і кракадзіл — вобраз для вокладкі маляваў ШІ. Цяпер жа, у 2025 годзе, плануецца, што вокладкі для трэнтаў будуць ствараць дзеці экспертаў БХК. Пра гэта распавяла Кацярына Дзяйкала падчас прэзентацыі трэндаў за студзень-красавік 2025:

“Сёлета мы вырашылі пайсці ад жыцця, як кажа Аляксандр Рыгоравіч. І атрымліваецца так, што часта мы мімаволі нясем працу дадому і ўся сям’я аказваецца ўцягнутай ва ўсё, чым мы займаемся. І паколькі ўжо так адбываецца, мы вырашылі сёлета папрасіць нашых дзяцей намаляваць свае асацыяцыі са словамі “свабода” і “забарона” — і вырашылі ўсе тры вокладкі 2025 года зрабіць на аснове малюнкаў нашых дзяцей”.

 Так, першую вокладку да трэндам за першы трыместр 2025 года намаляваў N, 12 гадоў:

Пазітыўныя змены з захаваннем рэпрэсіўнага modus operandi

Гэта асноўны трэнд у палітыцы дзяржавы, які ўплывае на правы чалавека, сістэмны і вельмі базавы. Ён пачаўся летась, разагнаўся і актыўна разганяецца і далей, адзначае экспертка БХК Кацярына Дзяйкала. Так, дзяржава знаходзіцца ў актыўнай фазе двунакіраванага працэсу: планавай комплекснай рэвізіі заканадаўства з аднаго боку, і адначасовага працэсу легалізацыі рэпрэсій з другога.

“Важны момант: не ўсё, што адбываецца пасля 2020 года, звязана з 2020 годам. Не ўсё, што адбываецца ў дзяржаўнай палітыцы пасля 2020 года, адбываецца праз 2020 год. Гэта вельмі важны тэзіс, які многія апускаюць у дыскусіях і аналітыцы, у развагах і прагназаванні. Таму што нам здаецца часам, што ўсё, што дзяржава робіць пасля 2020 года, яно робіць як рэакцыю на 2020 — не! Ёсць рэчы, якія былі даўно запланаваныя, якія ў прынцыпе суправаджаюць нармальнае жыццё дзяржавы, — кажа Кацярына Дзяйкала.

Гэтыя два паралельныя працэсы існуюць: ідзе нармальнае жыццё дзяржавы з аднаго боку — і вось гэтая ўся комплексная рэвізія, якая пачалася, не звязаная ні з якімі рэпрэсіямі і 2020 годам. На самай справе рэвізій праходзіла некалькі на працягу ўсёй незалежнай Беларусі, і, калі б не здарыўся 2020 год-гэтая рэвізія б здарылася. Але так супала, што гэтае нармальнае жыццё дзяржавы проста ўбудоўваецца ў яго рэпрэсіўны modus operandi — і атрымліваецца такая каша”.

Напрыклад, у плане падрыхтоўкі праектаў заканадаўчых актаў на 2025 год рыхтуецца перагляд нормаў па пытаннях адміністрацыйнай адказнасці (плануецца ўнясенне ў Палату прадстаўнікоў у чэрвені), Кодэкса аб ахове здароўя (у верасні), у Працоўны кодэкс (у красавіку 2026), у Кодэкс аб культуры (яго няма ў плане, але яго зменах кажуць) і Закона “Аб ліцэнзаванні”.

“Гэтыя ўсе змены не для таго, каб рэпрэсіўныя нормы замацаваць, гэта частка працэсу, якія адбываюцца для таго, каб сапраўды пачысціць заканадаўства ад нейкіх нормаў, якія ўжо састарэлі, зрабіць больш нармальнымі рэгуляванне пэўных сфер і рэчаў.Таму мы можам чакаць рэальна добрыя і патрэбныя грамадству змены”, — кажа экспертка.

 Але, з іншага боку, практычна са 100% упэўненасцю мы можам прагназаваць, што вось у гэтым пакеце будзе ўжо норма аб адміністрацыйнай адказнасці за прапаганду ў тым ліку праз сетку Інтэрнэт гомасэксуальных адносін, змены полу, педафіліі і чайдлфри, якія яны ставяць у адзін шэраг.

У Працоўным кодэксе, у Кодэксе аб культуры ўжо таксама анансуюць, што трэба ўрэгуляваць праблемныя пытанні, звязаныя з дзейнасцю прыватных музеяў — і мы ўсе разумеем, што пад гэтым маецца на ўвазе ў нашым кантэксце сёння”.

Таксама цікава, адзначаюць у БХК, абгрунтаванне ў змене ў Закон “Аб ліцэнзаванні”, які таксама змяшчае ў тым ліку і нармальныя палажэнні. Але там, напрыклад, сярод абгрунтаванняў значацца такія прычыны, як неабходнасць пашырыць пералік даліцэнзійных патрабаванняў, што прад’яўляюцца да суіскальніка ліцэнзій на працаўладкаванне за межамі Беларусі.

“І разам з гэтым такая дваістасць і двунаправленность можа ствараць ўражанне нейкай нармалізацыі, або пацяплення. Людзі таксама не могуць знаходзіцца пастаянна ў стане сціснутай спружыны. Але тым не менш трэба разумець, што гэта ілюзія: гэта не пацяпленне і не нармалізацыя, гэта проста такі вось двунаправленный працэс — ён такі і будзе. Дзяржава працуе, людзі жывуць. А з іншага боку, прастора іх жыцця вельмі звужана”, — адзначае Кацярына Дзяйкала.

Фармалізацыя дзяржаўнай ідэалогіі

Дзяржава працягвае адаптавацца рознымі спосабамі. Адзін з іх — перагляд і фармалізацыя ў праграмных, канцэптуальных дакументах, якія вызначаюць сістэмны ўзровень палітыкі, новых наратываў. Так, у 2023 годзе была змененая канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і прынятая новая канцэпцыя прававой палітыкі. У 2024 годзе была прынятая новая ваенная дактрына. І гэты працэс працягваецца: у пачатку 2025 года прынятая Дырэктыва №12 “Аб рэалізацыі асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы”. Гэта першы адзіны комплексны нарматыўны дакумент у сферы ідэалогіі.

“Для многіх гэта можа быць сюрпрызам, нягледзячы на вялікі ідэалагічны складнік — у дзяржавы ж не было дагэтуль адзінага дакумента, — звяртае ўвагу Кацярына Дзяйкала. — Былі разрозненыя ўказы прэзідэнта, прычым сутнасць гэтых усіх ідэалагічных асноў у заканадаўстве — гэта пачатак 2000-х гадоў. Шмат вады выцякло з тых часоў. І гэтая дырэктыва № 12 адмяняе 10 указаў Прэзідэнта. І, адпаведна, гэта першы адзіны комплексны нарматыўны дакумент у сферы ідэалогіі.

Вельмі важна паглядзець на рыторыку. Ідэолагі наогул называюць гэтую дырэктыву “буквар грамадзяніна краіны” і “найважнейшы доўгачаканы дакумент сучаснасці”. І калі яны прагаворваюць яго мэты, яны робяць асаблівы ўпор на прыватны сектар эканомікі. То бок важна даносіць дзяржаўную павестку да прыватнага сектара эканомікі. І тут мы таксама бачым тэндэнцыю, калі дзяржава і так ужо вельмі моцна звузіла прастору “без яе” ў жыцці чалавека, але цяпер усё, што не дабіта, усё, што не ахоплена ці ўсё, што ахоплена неправамернай практыкай, цяпер пачынае дабірацца фармальнымі нормамі”.

Гэта — фармалізацыя ўжо існуючай практыкі, адзначае экспертка. Але калі такая фармалізацыя адбываецца — гэта заўсёды робіць гэтую практыку больш устойлівай і заўсёды павышае яе аб’ёмы:

“Калі нешта запісваецца на паперку — гэта заўсёды запісваецца больш падрабязна, чым гэта робіцца без паперкі. І гэта заўсёды павышае аб’ёмы супрацьпраўных паводзін”.

Узмацненне ціску ўнутры кіраўніцкай вертыкалі

Заканадаўча ствараюцца ўмовы для ўзмацнення рэпрэсіўнага ціску па ўсёй кіраўніцкай вертыкалі. Часткова гэта звязана з ужо згаданай Дырэктывай № 12″ Аб рэалізацыі асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы”, але таксама і з Дырэктывай № 11″Аб удасканаленні функцыянавання сістэмы органаў улады і кіравання, узмацненні выканаўчай дысцыпліны”.

“Пры гэтым, з аднаго боку там прапісаны сапраўды важныя рэчы: дэбюракратызацыя, неабходнасць пазбягаць непатрэбнага фармалізму, дублявання, імітацыі дзейнасці ў працоўных працэсах. Там прапісаныя, што ў афіцыйных дэлегацыях, у якія едуць людзі з дзяржорганаў, не павінна быць людзей, якія не ўдзельнічаюць у працэсе, і г.д. Гэта значыць рэальна ёсць вельмі шмат правільных рэчаў, — звяртае ўвагу экспертка БХК.

Але пры гэтым, мы разумеем, у чым сапраўдная роля гэтай дырэктывы. Высокі ўзровень выканальніцкай дысцыпліны абвяшчаецца прыярытэтнай дзяржаўнай задачай. Зразумела, што ў беларускіх рэаліях гэта вельмі красамоўна сведчыць, што будзе далей адбывацца. Таму ўзмацненне ціску ўнутры кіраўніцкай вертыкалі, якое, вядома ж, будзе адбівацца на агульным рэпрэсіўным фоне для людзей, таму што з іх патрабуюць нешта, вынікі…”

Узмацненне сек’юрытызацыі

Змяніўся ўказ “Аб мерах па ўдасканаленні ахоўнай дзейнасці” і пашыраны пералік арганізацый, у якіх дапускаюцца асабісты дагляд, дагляд рэчаў і дакументаў і транспартных сродкаў: цяпер да іх адносяцца суб’екты, якія арганізуюць на пастаяннай аснове правядзенне дыскатэк, начныя клубы, якія маюць падраздзяленні аховы, гандлёвыя аб’екты і аб’екты культурнай інфраструктуры.

“Гэта пазіцыянуецца як узмацняльная мера грамадскай бяспекі — і так, сапраўды, у нейкай меры яны такімі і з’яўляюцца. Але ў сённяшніх рэаліях беларускай дзяржавы важна разумець, што яны будуць адыгрываць дваякую ролю. І любое пашырэнне паўнамоцтваў сілавых або квазі-сілавых структур павялічвае рызыку і верагоднасць новых формаў ўмяшання ў жыццё людзей, у якіх ужо і так не засталося ніякага спейсу для асабістага жыцця”.

Выкарыстанне мер сацыяльнай абароны дзяцей, якія ствараюць глебу для рэпрэсіўных дзеянняў і індактрынацыі

Эвалюцыянуе трэнд выкарыстання сацыяльна-небяспечнага становішча сям’і (СНС) для палітычных рэпрэсій.

“Той факт, што гэта выкарыстоўваецца для ціску і на дзяцей, і на бацькоў, і асабліва брыдка, што гэта выкарыстоўваецца цынічна для шантажу дзяцей бацькамі, а бацькоў дзецьмі, і ў тым ліку з удзелам школы — гэта ўсё на практыцы было, але не былі фармалізаваныя канкрэтна падставы, з якіх тырчаць вушы “палітычных” падстаў. У 2023 годзе пашыраліся падставы, але без “палітычных”. Цяпер прынятая новая пастанова (са студзеня 2025 года яна ўвайшла ў дзеянне) аб прызнанні дзяцей знаходзячыміся ў сацыяльна-небяспечным становішчы і маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне”, — распавядае Кацярына Дзяйкала.

Так, у два разы (з 6 да 12) павялічылася колькасць адміністрацыйных складаў, прыцягненне да адказнасці па якіх бацькоў з’яўляецца падставай для пастаноўкі сям’і ў СНС. Сярод пашыранага кола складаў з’явілася 4, якія выкарыстоўваюцца для палітычна матываванага пераследу: артыкулы 19.4 (Уцягванне непаўналетняга ў антыграмадскія паводзіны), 19.10 (Прапаганда або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі), 19.11 (Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці), 19.8 (Распаўсюджванне твораў, якія прапагандуюць культ гвалту і жорсткасці) КаАП.

Вырашэнне пытанняў недахопу людзей і грошай праз парушэнне эканамічных і сацыяльных правоў

Навінка 2025 года заключаецца ў двух момантах. Першы — гэта адвольнае павышэнне неабходнага парога стажу, які дазваляе прэтэндаваць на дапамогу па беспрацоўі (цяпер ён складае пяць гадоў).

“Гэта ўсё ў кошык так званых “дармаедаў”, — адзначае Дзяйкала. — Новая рэдакцыя Закона “Аб занятасці насельніцтва ” — патрабаванні гэтыя празмерныя і неабгрунтаваныя, таму што звычайная краінавая практыка — ад шасці месяцаў да аднаго года. Гэта ў прынцыпе нармальна ўсталёўваць такі неабходны цэнз, але ён павінен быць разумна абгрунтаваны і не быць такім, якія не дапускае злоўжыванні. Пяць гадоў немагчыма разумна абгрунтаваць у прынцыпе.

Там ёсць выключэнні — выпускнікі ўстановы адукацыі не трапляюць пад гэта, беспрацоўныя маладыя людзі ва ўзросце да 21 года, якія шукаюць першы раз працу, тыя хто выйшаў з дэкрэта і звольненыя вайскоўцы. Нягледзячы на тое, што пералік выключэнняў такі, усё роўна гэтая норма відавочна дыскрымінацыйная, таму што атрымліваецца, што на дзяржаўным узроўні людзей, якія не трапляюць пад гэтыя выключэнні, дзяржава фактычна прымушае працаваць”.

Другі момант — гэта неабгрунтаванае абмежаванне ў правах самазанятасці. Эксперты БХК назіраюць тое, што пачынаецца жорсткі ідэалагічны кантроль за неарганізаванай (якая праводзіцца асобнымі людзьмі) нефармальнай адукацыяй і навучаннем: дэфектолагі, рэпетытары, навучанне творчасці і працы з кампутарам.

“Былі першапачаткова прапанаваныя вельмі дзіўныя абмежаванні, частка з якіх была знятая пасля грамадскага абмеркавання — і тут таксама вельмі цікавы момант: грамадскія абмеркаванні ўсё ж такі трошкі нават працуюць”, —звяртае ўвагу экспертка БХК.

Але проста калі вы прапануеце відавочна дзікія рэчы, як напрыклад гэтым усім людзям прапаноўвалася забараніць выкарыстоўваць для сваіх заняткаў онлайн-платформы, зарэгістраваныя не ў Беларусі-то бок, гэта ўсё зумы, гугл-міты і іншае. Таксама хацелі забараніць займацца ў групах а толькі з адным чалавекам. Таксама —  толькі з паўналетнімі. І таксама норма аб тым, што ўсё, чаму вучаць рэпетытары, павінна дакладна адпавядаць праграме навучальнай фармальнай адукацыі. Гэта таксама ўсё ідэалагічны кантроль. І гэта ніхто не адмаўляе, бо ў абгрунтаванні прыняцця гэтай Пастановы Саўміна дакладна прапісана, што яна абапіраецца на канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, таму што адсутнасць рэгулявання дзейнасці самазанятых, якія ў гэтай сферы працуюць, можа пацягнуць негатыўныя сацыяльныя наступствы: трансляцыю дэструктыўнай інфармацыі, навучанне таму, чаму не трэба навучаць таму, што “супярэчыць традыцыйным каштоўнасцям беларускага народа””.

Адаптацыя да ўласнай рэпрэсіўнай нарматворчасці (“пашпартнаму ўказу”)

“Калі Лукашэнка прыняў “пашпартны ўказ”, трэба было ажыццявіць трансгранічную рэпрэсію “беглым” — зрабіць так, каб дастаць усіх, каго можна”, — распавядае Кацярына Дзейкала.. — І пад раздачу патрапілі людзі, якія наогул ніякага дачынення да пратэстаў не маюць, а проста жывуць усё жыццё за мяжой, але захоўваюць беларускае грамадзянства. Але гэта непазбежна паўплывала на саму дзяржаву — і непазбежна прывяло да таго, што сістэма адмяніць указ не можа, таму што гэта яе рэпрэсіўная лінія— і гэта адна рэйкіа. А на другой рэйцы яны неяк павінны нармальна руліць дзяржавай”.

 Таму сістэма прапануе новыя палажэнні ў Кодэкс аб шлюбе і сям’і (яны ўступілі ў сілу з 1 студзеня 2025 года): абавязак паведамляць аб рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану за мяжой у органы ЗАГС Беларусі.

“Бо замежныя прадстаўніцтвы, якія раней збіралі гэтую статыстыку за мяжой, цяпер не могуць паўнавартасна гэтага рабіць — цяпер мы павінны гэта рабіць самі”.

Гэты “пашпартны ўказ” таксама перашкаджаў заключаць шлюб: нельга было ўзяць даведку аб тым, што чалавек не знаходзіцца ў іншым шлюбе. Цяпер жа грамадзянам Беларусі, якія жадаюць заключыць шлюб за мяжой, ужо не гэтага патрабуецца звяртацца — дастаткова заявы грамадзяніна аб адсутнасці перашкод да заключэння шлюбу, завераную натарыусам.

“Застаецца цяпер толькі зразумець, як беларускае заканадаўства трактуе натарыуса — натарыус ці абавязкова павінен быць беларускі? Але атрымліваецца, што цяпер у гэтым плане стала лягчэй людзям ажаніцца. Але зноў жа, не трэба цешыць сябе, таму што куча праблем, якія з гэтым указам існую, застаюцца. І асноўная гісторыя для міжнароднай адвакацыі — гэта патрабаванне проста скасаваць гэты ўказ”, — мяркуе Дзяйкала.

Абмежаванне публічных інструментаў для адсочвання тэндэнцый у правапрымяняльнай практыцы

Вялікая праблема здарылася ў 2025 годзе, адзначаюць эксперты БХК: практычна не засталося ніводнай крыніцы афіцыйнай інфармацыі для адсочвання тэндэнцый у правапрымяняльнай практыцы — не толькі палітычных пераследаў: спынены доступ да электроннага раскладу судовых пасяджэнняў, а гэта абмяжоўвае магчымасці маніторынгу наогул судовых працэсаў і правапрымяняльнай практыкі ў прынцыпе.

“Адсюль дзве высновы: немагчыма адсочваць рэальную карціну ў сферы правапрымяняльнай практыкі і дзейнасці судоў; зніжаюцца афіцыйна пацверджаныя лічбы рэпрэсій у аналітыцы праваабаронцаў, што вонкава можа выглядаць як змякчэнне рэпрэсіўнага фону», — кажа Кацярына Дзяйкала.

Пашырэнне прымянення артыкула КК “Здрада дзяржаве”

“Усе шыршэ, і шыршэ, і шыршэ”, — адзначае Дэйкала і прыводзіць статыстыку: з 2020 па 2022 год за “здраду дзяржаве” асудзілі 12 чалавек, па стане на люты 2024 — 55 чалавек, а на лістапад 2024 — 88 чалавек.

“Здрада дзяржаве” расце не толькі колькасна, але і якасна. Так, у красавіку стала вядома, што ў якасці «здрады дзяржаве» кваліфікаваныя дзеянні трох экспертаў, якія праводзілі сацыялагічныя даследаванні для замежных арганізацый. Адно — пра палітыку ў сферы аховы здароўя ў кантэксце мер па барацьбе з каранавірусам, яшчэ адно — пра развіццё краіны праз інтэграцыю з краінамі Еўрапейскага Саюза.

“Застаецца толькі здагадвацца або шукаць нейкія Інсайт пра тое, чаму канкрэтна гэтым людзям былі дададзеныя гэтыя артыкулы. Але факт у тым, што сацыялагічныя даследаванні для замежнай дзяржавы (былі названыя) «здрадай дзяржаве»”, — заключае Кацярына Дзяйкала.

З поўнай версіяй трэндаў дзяржпалітыкі за студзень-красавік 2025 года можна пазнаёміцца ТУТ.

spring96.org