Калі святло перамагае крызіс: філасофія Купалля з вуснаў Эвеліны Шчадрыной

Купалле — старажытнае беларускае свята, якое звязанае з летнім сонцастаяннем і адзначаецца ў ноч на 24-га чэрвеня. Гэта час агню, вады, папараць-кветкі і жывой супольнасці. Як адзначаць Купалле беларусам за мяжой — асабліва ў такім вялікім горадзе, як Лондан? Якія традыцыі варта захаваць, што можна адаптаваць да сучаснасці?

Эвеліна Шчадрына, педагог з 20-гадовым досведам выкладання фальклору і мастацкай рэканструкцыі народных святаў і абрадаў, расказала „Радыё Рацыя“, як рыхтавалася да Купалля ў Брытаніі і Беларусі, у якія дні лепш адзначаць гэтае свята і што асабліва важна для сапраўднай беларускай купальскай традыцыі.

РР: Вы знаёмыя са спеўнай беларускай культурай не толькі папулярна, але і вывучалі тэорыю. Можа быць вы нешта такое цікавае можаце распавесці на конт таго, што ўяўляе сабой беларускі гарлавы спеў. Мы мае нейкую беларускую асаблівасць, якая адрознівае нас ад іншых народаў?

Эвеліна Шчадрына: У асноўным, канешне, гучанне беларусаў – гэта грудное. Але цяжка пра гэта гаварыць, таму што як нельга намаляваць воблік беларуса, вось як выглядае беларус?, як ён апрануты?, якога колеру валасы?, тое ж самае з беларускай народной музыкай. Таму што яна шматрэгіянальная. У нас усё ж такі шэсць гісторыка-культурных рэгіёнаў. Яны адрозніваюцца адзін ад аднаго. І захад ад усходу, і поўдзень ад поўначы. Вельмі адрозніваюцца. Таму вось як раз гэтая нашая спецыялізацыя на кафедры этналогіі і фальклору – этнафоназнаўства і была накіравана на тое, каб сказаць, што няма сярэдняй нейкай манеры беларускіх спеваў. Напрыклад, возьмем наш нацыянальны хор імя Цітовіча, пэўная выканальніцкая манера там ёсць, але яна, канешне ж, стылізаваная і прыстасаваная для сцэны. Яна мала чаго мае агульнага з аўтэнтычнай манерай спеваў беларусаў розных рэгіёнаў.

РР: Ці даводзілася вам вывучаць, ці бываць на Падляшшы, на польска-беларускім памежжы? Наколькі тут перапляліся спеўныя традыцыі?

Эвеліна Шчадрына: Тое, што я чула з запісаў. Калі людзі размаўляюць на нашай мове, калі ёсць пэўныя тыпавыя напевы песень, то чуеш, так, гэта наша. Я мала там была. Тэарэтычна ведаю, што ёсць нашы тыпавыя напевы, якія маркіруюцца, як беларускія і на беларуска-польскім, і беларуска-літоўскім памежжы. Але сама не вывучала.

РР: Як вы прыйшлі да Купалля? На гэта наклалася ваша музычная адукацыя? Можа вы проста сустрэліся з папулярнымі песнямі вакол гэтага свята? Ці можа гэта прыйшло з вашага дзяцінства – можа вы святкавалі дзесьці ў маладосці?

Эвеліна Шчадрына: Абсалютна не маю беларускіх каранёў. Мая сям’я як раз з панаехаўшых. Мой дзед прывёз сваю сям’ю з Урала ў Беларусь пасля вайны, ён быў ваенным і яго сюды размеркавалі. Да беларускай мовы я прыйшла, як і ўсе савецкія дзеці, у трэцім класе савецкай школы. Я ўпершыню пачула беларускую мову і закахалася. І далей увесь мой лёс быў звязаны з беларушчынай. Як я прыйшла да Купалля? У прынцыпе я не магу сказаць, што Купалле – гэта цэнтральнае свята ў маім жыцці. Абсалютна не. Я люблю ўсе беларускія святы беларускага календара. Са студэнтамі мы гэта вывучалі, куды маглі ездзілі ў экспедыцыі. Гэта нам не аплочвалася, усё было за наш кошт. А да беларускага календара я прыйшла тады, калі стала навучацца ў магістратуры, і жыццё звязала з такімі людзьмі, якія былі вельмі апантаныя беларусы. І гэтае фальклорнае жыццё захапіла. Дагэтуль я проста ў тэорыі ведала, што ёсць такія святы беларускага календара, беларускія сямейныя абрадавыя святы.

РР: Ці даводзілася вам сустракаць у экспедыцыях аўтэнтычныя святкаванні Купалля?

Эвеліна Шчадрына: Калі я прыйшла працаваць на кафедру этналогіі і фальклору, я набрала курс этнафоназнаўцаў, гурт «Страла» быў пад маім кіраўніцтвам. Вырашылі, што павязу я свой гурт у вёску Матырына Ушацкага раёну. Гэта быў проста чароўны час, ліпень месяц. Мы прыехалі туды на два тыдні. Нас гасцёўна сустрэлі, размясцілі бабулі па хатах. Гэта вельмі добра, таму што моладзь убачыла не толькі музычны бок свята, але і быт. Бабулі апранаюць касцюмы і ператвараюцца ў нейкіх абсалютна іншых людзей, багінь гэтага свята. Мы як раз трапілі на Купалле. А паколькі Ушаччына гэта вельмі фальклорны рэгіён, беларускае Паазер’е, гэта тое месца, дзе вельмі развіты купальскі абрад са шматлікімі абрадавымі дзеямі. Гэта рэгіён рэк і азёр, шмат вады, і гэта як раз тое месца, дзе эпіцэнтр купальскіх святкаванняў у Беларусі. Бабулі былі ўжо вельмі сталыя, на той час па 80-85 гадоў. Некаторыя ўжо самі на Купалле не выходзілі, у сваіх вёсках святкавалі. Вось на такі, можна сказаць, фальклорны фестываль мы трапілі. З аднаго боку хацелася запісаць матэрыял у адной пэўнай вёсцы. Але затое мы пабачылі розныя традыцыі вёсак. Розныя вёскі прадстаўлялі свае купальскія песні.

Як фалькларыстка я магу параіць беларусам у Беларусі святкаваць сваю рэгіянальную традыцыю, не залазіць у суседнія. Зберагаць тое, што ёсць менавіта на зямлі, на той зямлі, на якой вы нарадзіліся. Што тычыцца беларусаў у эміграцыі, вельмі добра, калі кожны, хто прыехаў сюды, ведае традыцыю свайго рэгіёна, няхай ён падзеліцца песнямі, няхай падзеліцца вопытам святкавання. У Лондане не вельмі вялікая суполка беларусаў, нам усе песні трэба спяваць. Чым больш мы песень ведаем, тым лепш, гэта ж добра, гэта нас яднае.

Цалкам матэрыял:

racyja.com,
фота з архіва Эвеліны Шчадрыной