Рэйдэрскі захоп класікаў. Яны — як снарады ў культурных войнах

Услед за зменай этыкетажу пад карцінамі Рэпіна, Куінджы і Айвазоўскага (у Метраполітан-музеі іх безапеляцыйна назвалі ўкраінцамі), прага культурнай рэвізіі дакацілася і да нашых пенатаў. Што трэба зрабіць, каб у свеце пачалі лічыць беларусамі Шагала, Суціна і Бакста? Ці варта ўвогуле дзяліць культурных дзеячаў мінулага? Пра гэта разважае Ян Бернатовіч на сайце sn-plus.com.

«Што трэба зрабіць, каб у свеце пачалі лічыць беларусамі Шагала, Суціна і Бакста» — задаецца пытаннем экстрэмісцкая прэса. Зрэшты, такія пасылы перыядычна трапляюцца і на старонках дзяржаўнай. Яе ў Метраполітан-музеі пакуль не выпісваюць, таму эфекту ніякага. Але задумвацца над падзелам сімвалічнага капіталу варта ўжо зараз.

Біяграфіі не перапішаш

Як і варта было чакаць, нядаўняе прылічэнне Рэпіна, Айвазоўскага і Куінджы да шэрагу ўкраінскіх мастакоў выклікала радаснае ажыўленне ў табары расійскіх прапагандыстаў. Хтосьці абвінавачвае Украіну ў крадзяжы культурных каштоўнасцяў (без сумневу, вываз экспанатаў з Херсонскага музея — гэта зусім іншае). Хтосьці абраў больш выйгрышную тактыку іроніі і ўдосталь зубаскаліць.

На жаль, запярэчыць ім складана. Прыкладна з такім жа поспехам да ўкраінскай літаратурнай класікі можна было б аднесці творчасць Леапольда фон Захер-Мазоха, які з’явіўся на свет у Львове.

З іншага боку, і чыста рускімі мастакамі кожнага з гэтай тройцы назваць складана.

Адным словам іх нацыянальную прыналежнасць ніяк не ахарактэрызуеш — што, верагодна, і варта падкрэсліваць ва ўсіх апісаннях. А вось проста замена гэтага «аднаго слова» на іншае выглядае недарэчнай і прэтэнцыёзнай дэманстрацыяй нацыянальных комплексаў.

Чаму такое рашэнне было прынятае кіраўніцтвам Метраполітан-музея, у прынцыпе, зразумела: гэта акт сімвалічнай падтрымкі. Захад на яе не скупіцца. Памяняць подпісы ў музеі — куды прасцей і танней, чым паставіць патрэбную колькасць танкаў, не кажучы ўжо аб знішчальніках.

Аднак, як гэта часта бывае, палітычна матываванае рашэнне не падмацавана аргументамі з галіны гісторыі. Дастаткова вывучыць біяграфіі згаданых класікаў, каб пераканацца: да рускай культуры яны, як ні круці, дачыненне маюць прамое.

І гэтыя біяграфіі ўжо не перапішаш гэтак жа проста, як этыкетаж.

«Хто такі Казлевіч?»

Адвакаты не дадуць схлусіць: раздзел сумесна нажытай маёмасці — гэта справа нервовая і вельмі непрыемная. Рашэнне суда амаль ніколі не задавальняе абодва бакі. І людзі, якія калісьці кляліся адзін аднаму ў каханні да труны, а затым мірна вырашылі «разысціся як у моры караблі», раптам пачынаюць паводзіць сябе зусім неінтэлігентна.

Па вялікім рахунку,

дзяльба сумесна нажытай культурнай маёмасці для беларусаў яшчэ наперадзе. Яна здарыцца пасля таго, як краіна, нарэшце, зойме «свой пачэсны (ці, дакладней, адэкватны) пасад паміж народамі», ператварыўшыся з небяспечнага фрыка ў звычайнага хлопца, з якім суседзі могуць пабалбатаць ды выпіць піва.

Так, аб праве на сваю долю мы ўжо заяўляем на ўсю моц і ўголас. Але пакуль на сусветнай арэне гэты голас, не ўзмоцнены афіцыйнымі інстанцыямі (яны даўно жывуць у сваім вымярэнні, і ў ім яны лепшыя), банальна не чутны. Прэтэнзіі беларусаў зараз можна проста ігнараваць — чым многія ахвотна карыстаюцца.

Бо, як вядома, у запале дзяльбы рана ці позна гучыць сакраментальнае пытанне: «А хто такі Казлевіч?». У ролі Казлевіча стабільна выступаюць беларусы.

Скажам, Рэч Паспалітая ў большасці замежных крыніц падаецца як польска-літоўская дзяржава — у сучасным разуменні гэтых слоў. Забыцца пра Беларусь зусім у дадзеным выпадку не атрымліваецца: надта ўжо шмат усяго важнага адбылося менавіта тут. Але многія замежныя гісторыкі разглядаюць яе проста як месца дзеяння, пазбаўленае ўсякай суб’ектнасці настолькі ж, наколькі вакуум пазбаўлены жыцця.

Падаплёка такой пазіцыі зразумелая: толькі вас тут яшчэ не хапала! Нам бы і без беларусаў хоць неяк распілаваць гэты сімвалічны пірог.

Вельмі хочацца верыць, што непрыемны досвед ігнору стане для нас павучальным. І мы будзем больш далікатнымі ў гэтым педантычным пытанні.

Нядзіўна, што калі Аванэса Айвазяна назвалі ўкраінцам, армяне пакрыўдзіліся (і ў Метраполітан-музеі, дарэчы, адрэагавалі на іх крыўды адэкватна, зноў замяніўшы этыкетку). Мяркую, менавіта так зробяць і габрэі, калі мы пачнем сцьвярджаць, што Шагал, Суцін і Бакст — беларусы. Бо яны ў першую чаргу — менавіта габрэйскія мастакі. А потым ужо ўсё астатняе.

У пошуках кароткатэрміновых эфектаў

Баюся здацца ідэалістам, але мне падаецца, што дзяліць культурных дзеячаў мінулага — гэта ўвогуле не вельмі карэктна. Нават калі яно падаецца карысным для нацыянальнай самасвядомасці.

Рэйдэрскі захоп герояў — гэта як тыя прэпараты, якія не рэкамендуюць ужываць у бодзібілдынгу. Ад іх эфект кароткатэрміновы, а вось наступствы… Мускулы растуць хутка, але ненадоўга.

Я лічу што

нельга ўспрымаць вялікіх асоб як нейкую сумесна нажытую маёмасць, якую цяпер, у эпоху нацыянальных дзяржаў, абавязкова трэба падзяліць. Мы іх гэтым крыўдзім. Шагал — ён жа не канапа-тахта, набытая за прэмію мужа, пакуль жонка рыхтавала яму ссабойку.

Гэта чалавек са сваёй біяграфіяй (такой, якая яна ёсць) і лёсам, які жыў у той час і ў тым месцы, дзе яму давялося жыць, і дзейнічаў адпаведна прапанаваным абставінам. Асабліва ў 1919-ым, калі ён быў камісарам па справах мастацтваў.

Менавіта такім быў і Айвазоўскі, які нарадзіўся ў Крыме, што незадоўга да гэтага стаў часткай Расіі. Ці Міцкевіч, які пісаў на той мове, на якой размаўлялі ў ягоным атачэнні. Ці Сімяон Полацкі…

Гэты вучоны манах і зусім выступіў у ролі калабаранта, прывітаўшы ў сваім родным горадзе цара-захопніка. А калі да Полацка наблізіліся войскі ВКЛ, перабраўся ў Маскву і нядрэнна ўладкаваўся пры двары, складаючы панегірыкі тым, хто паклаў нямала жыццяў яго суайчыннікаў.

Вядома, яго паводзіны можна растлумачыць тым, што Рэч Паспалітая да таго часу была зусім не ідэальнай дзяржавай — асабліва ў адносінах да сваіх праваслаўных грамадзян. Ды і Сімяон, відаць, меў уласную праграму: праз асвету вярхоў садзейнічаць аздараўленню ўсёй рускай дзяржавы. Зрэшты, асаблівага поспеху ён у гэтым не дасягнуў — калі ўспомніць, што вырабляў у Полацку яго выхаванец Пётр І.

І сёння перад заклапочаным гістарычнай памяццю сучаснікам стаіць няпростае пытанне: ці варта ганарыцца такім сваім суайчыннікам, ці лепш яго асудзіць і забыць? Адказ, зрэшты, знайшоўся сам сабою. Ганарыцца яго дасягненнямі (як ні як, першы рускі паэт!), а вось на спрэчных момантах прынята не акцэнтаваць увагу.

Упіхнуць неўпіхуемае

Як бы там ні было, абсалютна зразумела адно. Дзеячы мінулых эпох у свой час зусім не думалі аб тым, што праз шмат гадоў пасля смерці іх будуць упіхваць у гістарычныя парадыгмы нацыянальных дзяржаў. Нават само з’яўленне гэтых дзяржаў са сваіх эпох яны наўрад ці маглі прадбачыць. Што тут казаць: ім увогуле нічога не заставалася, як толькі жыць у эпохах уласных.

Ды і ў ХХ стагоддзі, калі такія дзяржавы сталі з’яўляцца (часам у асноўным на ўзроўні ідэі, як у нашым выпадку), было нямала выбітных творцаў, якіх гэтая павестка проста не цікавіла. Яны існавалі па сваёй індывідуальнай праграме, а часам і без яе — як трава ў полі.

Класічны ўзор мастака такога плана — неартадаксальны яўрэй, які жыве дзесьці на перыферыі імперыі і, не асабліва пра гэта задумваючыся, карыстаецца той мовай, якая там у майнстрыме. У яго ёсць радзіма, але гэта не краіна ці ідэя, а канкрэтны горад з яго кварталамі і закуткамі.

Віцебск Шагала, Прага Кафкі, Дрогобыч Шульца…

Гэтых аўтараў вельмі складана ўпіхнуць у чый-небудзь нацыянальны метанаратыў. Занадта ўжо яны самі па сабе — чым, зрэшты, у першую чаргу і цікавыя.

* * *

Але тут у нашым прасякнутым канкурэнцыяй полі ўзнікае пытанне: а ці магчымыя кампрамісы? Ці героям мінулага ў любым выпадку наканаваная роля снарадаў у культурных войнах?

Адказваць на яго складана ў той час, калі ідзе вайна сапраўдная. Але калі абстрагавацца ад гэтых жудасных падзей… Тады

аптымальны варыянт стаўлення да класікаў вымалёўваецца сам сабой. Трэба проста быць сумленнымі. І ўспрымаць кожную постаць неадрыўна ад свайго гістарычнага кантэксту.

Такі непрадузяты падыход непазбежна прывядзе да высновы: многія жыхары пантэона, якіх мы спрабуем падзяліць, насамрэч належалі да нейкіх агульных ідэнтычнасцяў. Скажам, чыім дыпламатам быў Грамыка, чыім военачальнікам Якубоўскі? Рускімі? Ды з якой нагоды? Беларускімі? І казаць смешна. Без сумневу, яны былі дзеячамі савецкімі.

У такім ключы можна ахарактарызаваць і шматлікіх герояў Рэчы Паспалітай — а затым, па інерцыі, і ХІХ стагоддзя. І Касцюшка, і Каліноўскі выступалі пад сцягам менавіта гэтай дзяржавы. І хаця польскі складнік там дамінаваў, атаясамляць яго з цяперашняй Польшчай, зразумела, некарэктна. Аўтахтоны-ліцвіны накшталт таго ж Касцюшкі ні разу не сумняваліся, што іх родныя мясціны — гэта такая ж частка Рэчы Паспалітай, як, Кракаў ці Мазуры.

…У рэшце рэшт, варта нагадаць, што

апроч беларускай гісторыі, ёсць яшчэ гісторыя Беларусі, і гэтыя паняцці паміж сабой не тоесныя. Да другога з іх Суцін і асабліва Шагал, відавочна, маюць самае непасрэднае дачыненне. А вось да першага — наўрад ці.

Такая дакладнасць і карэктнасць у фармулёўках будзе вельмі важная, калі дыскусія выйдзе на міжнародны ўзровень. Прычым гэта ў нашых інтарэсах. Калі мы назавем Луіса Маера беларускім кінапрадзюсарам (як часам ужо здараецца ў мясцовай прэсе), такое сцверджанне выкліча гамерычны смех. Але калі мы сціпла адзначым, што адзін са стваральнікаў Галівуду (магчыма) нарадзіўся ў Мінску, рэакцыяй будзе зацікаўленасць.

І гэта будзе добрая тэма для працягу размовы за піўком. Што заўсёды важна ў адносінах паміж суб’ектамі міжнароднага права.

Ян Бернатовіч, sn-plus.com,
пераклад budzma.org