28.10: „Кнігі Якуба“ Вольгі Такарчук па-беларуску. Анлайн-прэзентацыя

У рамках цыкла ⏳“Санаторый пад клепсідрай” адбудзецца прэзентацыя беларускага перакладу рамана Вольгі Такарчук 📗“Кнігі Якуба”.

У размове прыме ўдзел перакладчыца 🔹Марына Шода. Разам з мадэратарам сустрэчы 🔹Андрэем Хадановічам яны
🔻 паразважаюць, як не даць гісторыі ператварыцца ў застылую форму, бо да праўды, як сцвярджае аўтарка, можна наблізіцца, толькі прымушаючы сябе рухацца, а статыка і застылая форма – гэта ўвасабленне смерці;
🔻 абмяркуюць спробу рэканструкцыі гісторыі Рэчы Паспалітай у другой палове XVIII ст. як шматнацыянальнай, шматкультурнай і шматканфесійнай, а таксама тое, якую ролю ў гэтай гісторыі граюць жанчыны;
🔻 падыскутуюць пра тое, хто такі Якуб Франк, жыццю і дзейнасці якога прысвечаны раман, – прарок ён або махляр, які стварыў містычную і прагматычную ерась, што не зважае на абмежаванні догмаў і традыцый;
🔻 паразмаўляюць пра тое, як аўтарка ўспрымае сваіх чытачоў і перакладчыкаў — людзей, якія надаюць яе тэкстам новае жыццё.

🔃Беларускі пераклад рамана Вольга Такарчук “Кнігі Якуба” (польск. Olga Tokarczuk “Księgi Jakubowe”) выйшаў у выдавецтве “Пфляўмбаўм” у пачатку 2025 года.

📆28 кастрычніка а ⏰17:00BY
Прамы эфір на https://www.facebook.com/PrastoraPL

🔹Вольга Такарчук — пісьменніца, аднолькава любімая як літаратурнымі крытыкамі, так і шырокай чытацкай аўдыторыяй; лаўрэатка Нобелеўскай прэміі, а таксама шматлікіх польскіх і міжнародных узнагарод. Яна — адна з найважнейшых постацяў сучаснай польскай раманістыкі, чыя творчасць спалучае папулярнасць і вытанчаны густ, філасофскую глыбіню і мастацтва аповеду. Галоўным «нервам» яе прозы крытыкі называюць веру ў стваральную моц слова — у асаблівую сілу, што надае яму матэрыяльны характар, і ў літаратуру як форму перадачы ведаў і спосаб пазнання свету. Бо, як піша сама аўтарка, “словы — гэта купцы, хуткія і карысныя, якія то тут, то там”.