Беларускія шары над Літвой: правакацыя Мінска ці гульня Масквы?

Паветраны шар над Літвой / VSAT

Літва закрыла мяжу з Беларуссю для тавараў і пасажыраў праз налёты паветраных шароў.

“Рашэнне аб часовым закрыцці пунктаў пропуску на мяжы з Рэспублікай Беларусь было прынята пасля ацэнкі сітуацыі з бяспекай і даступнай інфармацыі пра выпадкі запуску паветраных шароў з Беларусі на тэрыторыю Літвы”,сказалі „Еўрарадыё“ ў службе аховы літоўскай мяжы.

Там падкрэслілі, што пастанова была прынятая праз чарговае пранікненне шароў у паветраную прастору Літвы ў пятніцу. Праз гэта Літва вымушаная была часова закрываць не толькі мяжу з Беларуссю, але і аэрапорт — трэці раз за тыдзень.

Гісторыня і палітычная аглядальніца Роза Турарбекава разглядае налёт метэазондаў на Літву як рукатворны крызіс, які беларускі рэжым стварыў і цяпер будзе выкарыстоўваць. Яна параўноўвае яго з міграцыйным крызісам. І выказвае здагадку, што такая ідэя прыйшла ў галаву не Аляксандру Лукашэнку асабіста. Верагодна, у гэтым крызісе задзейнічана і “яшчэ адна краіна”.

— Гэта правакацыя і рукатворны крызіс, у якога можа быць некалькі задач. Па-першае, любы крызіс з мілітарысцкай пункту мыслення — гэта магчымасць прымусіць весці перамовы. Па-другое, гэта магчымасць адцягнуць увагу і сродкі для Украіны. Бо, зразумела, Літва будзе ставіць пытанне перад хаўруснікамі аб наданні большай дапамогі для абароны межаў NATO, — кажа Турарбекава.

Да таго ж гэты крызіс можна выкарыстоўваць, каб “прамацаць”, ці добра і аператыўна каардынуюць свае дзеянні краіны NATO.

У цэлым Турарбекава ўпэўненая, што фінальная задача гэтага кіраванага канфлікту — уцягнуць НАТА і ЕС у перамовы.

Экс — супрацоўнік СБУ Іван Ступак у эфіры „Еўрарадыё“ выказаў здагадку, што Беларусь і Расія вядуць у дачыненні да краін НАТА так званую “парогавую вайну” — гэта значыць, сітуацыю, калі адкрытай ваеннай акцыі няма.

— Шэрая зона. З якой мэтай такія войны могуць весціся? Першая: перамяшчэнне наркатычных і псіхатропных рэчываў у краіны Заходняй Еўропы. Варыянт? Варыянт.

Другі варыянт — разведка. Калі гэтыя метэазонды запускаюцца з рэгулярнай перыядычнасцю, то другі бок можа аналізаваць, што адбываецца і хто ўбачыў гэты зонд, на якой вышыні, на якой хуткасці, што пачалі рабіць натаўскія вайскоўцы, якія самалёты падымаліся і ў якім парадку, — выказаў здагадку Ступак.

На ягоную думку, уся сабраная інфармацыя “кладзецца ў справаздачы для расійскага генштаба”.

euroradio.fm