Андрэй Завадскі: “Каб мясцовае самакіраванне ў Беларусі працавала, патрэбны кардынальныя змены”

63-гадовы эксперт у галіне мясцовага самакіравання, праваабаронца і трэнер, адзін з лаўрэатаў сёлетняй прэміі «Голас пакалення свабоды» Андрэй Завадскі пагутарыў з «Радыё Рацыя». Амаль 30 гадоў ён працаваў у асветніцкім грамадскім аб’яднанні «Фонд Льва Сапегі», удзельнічаў у больш чым сотні праектаў, якія стымулявалі грамадзянскі ўдзел на мясцовым узроўні.

Андрэй Леанідавіч выкладае юрыдычныя дысцыпліны, кансультуе і трэніруе актывістаў, займаецца развіццём недзяржаўных аб’яднанняў і мясцовага самакіравання, і нават у выгнанні працягвае будаваць мадэлі дэмакратычнай Беларусі. Сёлета ён прадставіў свае прапановы па новай сістэме мясцовага кіравання на слуханнях у Каардынацыйнай Радзе. У нашай размове мы пагаворым пра тое, якія крокі патрэбныя, каб мясцовая ўлада ў Беларусі была сапраўды самастойнай і адказнай.

Фота: Беларускі ПЭН

РР: Як доўга Вы займаецеся пытаннем мясцовага самакіравання? Якую місію пераследуеце ў гэтым пытанні?

Андрэй Завадскі: Так сталася, што я ў 90-м годзе быў абраны дэпутатам Менскага гарадскога Савета. Па родзе гэтай дзейнасці сутыкнуўся з пытаннямі самакіравання. У1992 годзе дэпутаты розных мясцовых саветаў з усёй Беларусі стварылі грамадскую арганізацыю, якая называецца Асветніцкае грамадскае аб’яднанне Фонд Льва Сапегі. Вяліся розныя працы, і навуковыя, адукацыйныя, выдавецкія, прадстаўнічыя, у тым ліку і распрацоўка магчымых праектаў, законаў і канцэпцый, якія маглі б садзейнічаць рэфармаванню мясцовага самакіравання ў Беларусі. Так што я гэтай дзейнасцю займаюся ўжо больш за 30 год.

РР: Як Вы перажылі ліквідацыю Фонда ў 2021 годзе? Што было самым цяжкім момантам?

Андрэй Завадскі: Канешне, самае цяжкое – гэта разрыў сувязаў. На вялікі жаль, зараз раскідалі па розных краінах, хто застаўся ў Беларусі, хто з’ехаў у іншыя краіны. І гэта свае цяжкасці накладае. Але сумесная праца магчымая і магчымы плённы вынік.

РР: Сёлета Вы сталі лаўрэатам прэміі «Голас пакалення свабоды». Дазвольце Вас павіншаваць і спытацца, што для Вас асабіста азначае такое прызнанне?

Андрэй Завадскі: Дзякуй вялікі! Мне вельмі прыемна, нечакана і нават няёмка. Але на маю думку, вельмі важна, што людзі павінны даведвацца адны пра адных больш, і з цікавасцю даведаўся пра сваіх калег, якія сталі лаўрэатамі па родзе іх дзейнасці. Я думаю, што і мая дзейнасць можа зацікавіць людзей. І я буду гатовы падзяліцца сваімі здабыткамі, сваім досведам у той галіне, у якой я шмат год працаваў.

РР: На якой стадыі зараз знаходзіцца самакіраванне ў Беларусі ў параўнанні з іншымі краінамі свету?

Андрэй Завадскі: На вялікі жаль, зараз нельга казаць, што ў Беларусі існуе мясцовае самакіраванне. Артыкул 120 Канстытуцыі забараняе мясцовае самакіраванне, таму што вымушае мясцовыя органы ўлады дзейнічаць згодна з распараджэннямі і загадамі вышэйшых органаў дзяржаўнага кіравання. Дзеля таго, каб рэфармаваць мясцовае самакіраванне, нельга абмяжоўвацца адным законам. Павінна быць прынята на вышэйшым узроўні канцэпцыя рэфармавання мясцовага самакіравання. А ў рэчышчы гэтай канцэпцыі павінны быць распрацаваны ці змененыя больш за 30 заканадаўчых актаў. Яна павінна грунтавацца на Еўрапейскай хартыі мясцовага самакіравання, якая з’яўляецца асноўным дакументам для ўсіх еўрапейскіх краін. З 48 еўрапейскіх краін 47, акрамя Беларусі, падпісалі і ратыфікавалі гэтую Хартыю. Тое  ж самае належыць зрабіць і Беларусі.

Вольга Сямашка, racyja.com