Хто на самай справе напісаў паланэз Агінскага?

Аўтарам паланэза «Развітанне з Радзімай» лічыцца Міхал Клефас Агінскі, уладар маёнтка ў Залессі Смаргонскага раёна. Аднак сярод навукоўцаў сустракаюцца на гэты конт іншыя думкі.

Партрэт Міхала Клеафаса Агінскага (F. Fabre, 1805). Ілюстрацыя з Вікіпедыі

Версія Агнешкі Лешчыньскай

Даследчыца з Варшаўскага ўніверсітэта Агнешка Лешчыньска выказала сумнеў у агульнапрынятай атрыбуцыі аўтарства паланэза Агінскага. У сваім артыкуле «Паланэз у танальнасці ля мінор ‘Развітанне з Радзімай’: між легендай і рэальнасцю», апублікаваным у часопісе «Музыка» № 3 за 2023 г., яна абгрунтоўвае сваю думку. Мы пераклалі для вас найбольш істотныя тэзісы.

На пачатку аўтарка адзначае, што паланэз «Развітанне з Радзімай» стаў важнай часткай польскай нацыянальнай культуры. Яго танчаць, напрыклад, вучні апошняга класа школы на так званых стаднёўках — вечарынах за 100 дзён да выпускнога (я б сказала, канкурэнцыю яму складае паланэз аўтарства Войцеха Кілара з фільма «Пан Тадэвуш» Анджэя Вайды). Увесь час з’яўляюцца новыя аранжыроўкі гэтага твора — палякі добра ведаюць і адразу пазнаюць мелодыю. Аўтарка адзначае, што кампазіцыя мае «амаль поп-культурны характар». Да таго ж, паланэз вядомы ў шматлікіх варыянтах, і не зусім зразумела, якая ж версія была першай. 

У Польшчы (і Беларусі — рэд.) прынята лічыць, што Агінскі напісаў паланэз «Развітанне з Радзімай» у 1794 г. пасля паразы паўстання Тадэвуша Касцюшкі. Агнешка Лешчыньска адзначае, што ў гістарычных крыніцах такіх звестак няма, а ў музыкалагічнай навуковай літаратуры яны першы раз з’яўляюцца толькі ў 1960 г., у «Малой энцыклапедыі музыкі» Юзэфа Рэйса. Аднак гэта выданне выйшла ўжо пасля смерці аўтара і, на думку Агнешкі Лешчыньскай, звесткі пра паланэз туды дадалі рэдактары, бо раней Рэйс пісаў пра «Развітанне з Радзімай» як пра «адзін з пазнейшых і найбольш спелых твораў» Агінскага, які памёр у 1833 г. Аднак звесткі пра 1794 як год напісання паланэза шырока тыражаваліся і трывала ўвайшлі ў масавую культуру.

Агнешка Лешчыньска адзначае, што першыя звесткі пра назву паланэза «Развітанне з Радзімай» з’яўляюцца ў гістарычных крыніцах толькі ў сярэдзіне ХІХ ст. Рукапіс твора не захаваўся. Сам Агінскі яго не згадвае ў 1828 г. у «Лістах пра музыку», якія пісаў у Фларэнцыі. Друкаванае выданне нот паланэза з аўтарствам Агінскага выйшла ў 1855 г. у Варшаве, у зборніку «XIV паланэзаў для фартэп’яна». Пазначана, што мелодыя «выцягнута з забыцця» і раней не публікавалася. Гэта супярэчыць агульнапрынятай думцы, што «Развітанне з Радзімай» было шырока вядомае ўжо падчас жыцця Агінскага. Незразумела, адкуль выдаўца зборніка Ігнаці Дабжыньскі ўзяў ноты для публікацыі. На думку Агнешкі Лешчыньскай, яны з Агінскім не сустракаліся, таму Дабжыньскі не мог атрымаць ад кампазітара рукапіс.

Далейшыя пошукі прывялі Агнешку Лешчыньску да выдання 1831 г., дзе ноты, падобныя да паланэза, цяпер вядомага як «Развітанне з Радзімай», пазначаны аўтарствам Напалеона Высоцкага.

Даследчыца прыходзіць да высновы: «На цяперашні стан ведаў аб крыніцах паланэза ля мінор варта лічыць яго творам, напісаным Напалеонам Высоцкім». Праўда, музыколаг тут жа адзначае, што варыянт Высоцкага значна адрозніваецца і ад варыянта з пазначаным аўтарствам Агінскага 1855 г., і ад пазнейшых варыянтаў нот, якія публікаваліся ў 1850-х гг. пад назвай «Развітанне з Радзімай», як і апошнія адрозніваюцца між сабой. Але ўсе гэтыя варыянты ўспрымаюцца як версіі аднаго і таго ж твора. Пазнейшыя друкаваныя версіі паланэза ля мінор усё больш падобныя адна да адной. Вядома таксама, што яшчэ падчас жыцця Міхала Клеафаса Агінскага яму даводзілася змагацца з несумленнымі выдаўцамі, якія, як мы б цяпер сказалі, піярыліся з дапамогай яго імя: прыпісвалі кампазітару творы, якіх ён не пісаў. 

Версія Войцеха Гургуля

Версію Агнешкі Лешчыньскай ужо праз год раскрытыкаваў даследчык Войцех Гургуль з Чанстахоўскага ўніверсітэта ў сваім артыкуле «Пра гітарныя варыянты паланэза ў танальнасці ля мінор ‘Развітанне з Радзімай’ першай паловы ХІХ стагоддзя», апублікаваным у часопісе «Музыка» № 1 за 2024 г. Ён спасылаецца на крыніцы, якія не ўлічыла Лешчыньска. 

У 1829 г. у Санкт-Пецярбургу гітарыст Андрэй Сыхра апублікаваў у зборніку твораў для гітары ананімны паланэз, падобны да таго, які выйшаў у 1831 г. у Варшаве пад аўтарствам Напалеона Высоцкага. На думку Войцеха Гургуля, немагчыма, каб аўтарам твора, апублікаванага ў Пецярбургу, быў Высоцкі, бо ён не канцэртаваў у Расійскай імперыі, нарадзіўся ў 1810 г. і быў занадта маладым, каб яго кампазіцыя стала там вядомая праз рукапіс. У той жа час, Міхал Клеафас Агінскі шматкроць бываў у Пецярбургу да 1823 г., калі эміграваў у Фларэнцыю. Аднак супраць яго аўтарства сведчыць тое, што два іншыя паланэзы ў той жа серыі публікацый Сыхры акурат падпісаныя прозвішчам Агінскага, а той, які нас цікавіць — не.

Яшчэ адна публікацыя паланэза з пазнакай «Польской Огинскаго» выйшла у Расіі ў 1837 г. 

Паланэз «Польской Огинскаго». Крыніца: czasopisma.ispan.pl

Як адзначае Войцех Гургуль, «існаванне яшчэ адной версіі гэтай кампазіцыі для сяміструннай гітары пацвярджае папулярнасць паланэза ля мінор у Расіі ў другой чвэрці ХІХ веку». Даследчык, аднак, не бярэцца сцвярджаць, ці быў Агінскі аўтарам паланэза, які мы сёння ведаем пад назвай «Развітанне з Радзімай».

Высновы

Я як фалькларыстка бачу ў гэтай гісторыі ўтварэнне нацыянальнай версіі лакальнага твора, няхай ён паходзіць і не з вясковай, а з салоннай культуры: раз аўтарства яго занатаванай версіі прыпісваюць Напалеону Высоцкаму, раз — Міхалу Клеафасу Агінскаму (бадай, у той час самаму знакамітаму аўтару салонных паланэзаў, як адзначае Агнешка Лешчыньска), варыяцыі паступова зводзяцца да агульнапрынятага ўзору… Магло быць таксама так, што аўтарскі паланэз фалькларызаваўся — перадаваўся вусным шляхам, без нот і аўтарства, а потым быў занатаваны наноў. У гэтай гісторыі яшчэ шмат загадак.

Алена Ляшкевіч, Budzma.org