Артыкул «Litvinism» у англійскай Вікіпедыі стаў прыкладам таго, як адзін чалавек можа сканструяваць вобраз ворага з цэлага народа. Тут гадамі мэтанакіравана фарміраваўся вобраз, у якім беларускі погляд на гісторыю абвяшчаўся небяспечным радыкалізмам і прыраўноўвалася да фашызму. «Наша Ніва» распавядае, як адзін апантаны рэдактар ператварыў Вікіпедыю ў інструмент інфармацыйнай вайны — і чаму гэтую бомбу запаволенага дзеяння ўдалося абясшкодзіць толькі цяпер.

Фатальнае сутыкненне
Нядаўна мы распавядалі пра трагічны лёс беларускага вікіпедыста Іллі Барыскевіча, вядомага пад нікам Kazimier Lachnovič, які быў асуджаны рэжымам Лукашэнкі на два гады калоніі за «дыскрэдытацыю Беларусі». Сілавікі паставілі яму ў віну напісанне артыкулаў у беларускай Вікіпедыі, дзе ён у вострых выразах апісваў палітычную сітуацыю ў краіне.
Але яшчэ да арышту і турэмнага зняволення Барыскевіч у кастрычніку 2022 года аказаўся ўцягнуты ў востры ідэалагічны канфлікт з літоўскім рэдактарам пад нікам Pofka, які абвінавачваў яго ў перакручванні або «русіфікацыі» назваў, змяненні апісанняў гістарычных сімвалаў, зрыве абмеркаванняў і парушэнні працэдур, дамогшыся яго часовай блакіроўкі і поўнага спынення дзейнасці ў Вікісховішчы, куды Kazimier Lachnovič да таго загрузіў дзясяткі тысяч гістарычных выяў па гісторыі Беларусі і Літвы.
Як высветлілася, гэта была толькі прэлюдыя, сапраўдны інфармацыйны «крыжовы паход» супраць «літвінізму» літоўскі рэдактар Pofka развярнуў у англійскай Вікіпедыі, стварыўшы для мільярднай аўдыторыі англамоўнага раздзела свабоднай энцыклапедыі вобраз беларусаў як «зладзеяў гісторыі», а любыя прэтэнзіі на спадчыну ВКЛ — як праяву агрэсіўнага рэваншызму і фашысцкай ідэалогіі, якую трэба выкараняць.
Пра тое, як быў пабудаваны гэты прапагандысцкі матэрыял і чаму яго не заўважалі не адзін год, распавядаюць у вялікім артыкуле беларускія вікіпедысты.
Крыжовы паход адзіночкі супраць «літвінізму»
Вікіпедысты пішуць, што артыкул з назвай Litvinism у англійскай Вікіпедыі, у адрозненне ад многіх артыкулаў у Вікіпедыі, быў створаны не калектыўнай працай, а высілкамі аднаго літоўскага рэдактара Pofka, які працаваў бесперапынна над ім некалькі гадоў і рэалізаваў у ім уласны палітычны маніфест, закліканы маргіналізаваць і крыміналізаваць беларускі погляд на гісторыю.
Актыўная фаза «крыжовага паходу» рэдактара Pofka, мэтай якога было ператварыць беларускі погляд на гісторыю ВКЛ у вачах чытачоў у небяспечную, экстрэмісцкую ідэалогію, стартавала ў верасні 2023 года. Статыстыка ўражвае: за няпоўны год адзін чалавек павялічыў аб’ём артыкула пра «літвінізм» з 23 тысяч да каласальных 177 тысяч байтаў.
Артыкулы аб’ёмам больш за 100 тысяч байтаў у Вікіпедыі лічацца празмерна доўгімі. Тэкст памерам каля 177 тысяч байтаў у некалькі разоў пераўзыходзіць нават якасныя артыкулы па ключавых тэмах і па аб’ёме адпавядае асобнай кнізе — супастаўнай з «Вялікім Гэтсбі» і значна большай за «Ферму жывёлаў» Оруэла.

Pofka стварыў гіганцкае палатно, насычанае сотнямі зносак, картамі, цытатамі і ілюстрацыямі. Для знешняга назіральніка, асабліва з заходняга свету, яно выглядала як грунтоўнае акадэмічнае даследаванне. Але, як пішуць вікіпедысты, гэта быў класічны прыклад «кнігі, якую судзяць па вокладцы», калі візуальная саліднасць павінна была замаскіраваць поўную ангажаванасць.
Каб зразумець матывацыю аўтара гэтага маніфеста супраць літвінізму, варта зірнуць на яго рэпутацыю. Высвятляецца парадаксальны факт: Pofka — персона нон-грата ў самой літоўскай вікі-супольнасці.
Ён атрымаў бестэрміновыя блакіроўкі ў літоўскай і жамойцкай Вікіпедыях за абразы, пагрозы і распальванне варожасці. У гэтых раздзелах ён спрабаваў рэалізаваць аналагічныя артыкулы пра «літвінізм», але не знайшоў падтрымкі ў іншых літоўцаў.
«Чалавек агрэсіўна настроены, ходзіць па ўсіх Вікіпедыях і лье ad hominem замест культурнай дыскусіі… Колькі можна?», — напісаў літоўскі адміністратар пад нікам Hugo.arg, тлумачачы прычыну блакіроўкі.
Блакіроўкі ў літоўскіх раздзелах Вікіпедыі датуюцца кастрычнікам 2022 года — менавіта ў гэты перыяд ён увайшоў у вышэйзгаданы востры канфлікт з беларускім рэдактарам.
Калі літоўская вікі-супольнасць перакрыла дарогу яго маргінальным поглядам, гэты рэдактар знайшоў прытулак у глабальнай Англійскай Вікіпедыі. Тамтэйшыя адміністратары слаба разбіраюцца ў тонкасцях усходнееўрапейскай гісторыі і проста не маглі своечасова распазнаць падвох.
Тэхналогія хлусні
Каб даказаць свету, што беларуская прэтэнзія на спадчыну ВКЛ — гэта небяспечны радыкалізм, літоўскі рэдактар ігнараваў базавыя правілы Вікіпедыі, такія як патрабаванне выкарыстоўваць толькі аўтарытэтных крыніц і забарону на папулярызацыю маргінальных тэорый.

Для абгрунтавання сваіх поглядаў рэдактар не грэбаваў нічым, у якасці доказу выкарыстоўваліся нават выказванні асоб з выразным ксенафобскім бэкграўндам.
Напрыклад, у якасці доказу існавання агрэсіўнага «літвінізму» ў артыкуле на поўным сур’ёзе цытаваліся словы і нават быў прыкладзены скрыншот допісу ў Facebook Сяргея Каваленкі — былога палітвязня, які з часам дайшоў да вельмі радыкальных, а часам і неанацысцкіх поглядаў.

Ягоныя словы пра «вялікую арыйскую беларуска-літоўскую нацыю» падаваліся як рэлевантная пазіцыя беларускага боку.
Каб канчаткова дыскрэдытаваць прэтэнзіі беларусаў на спадчыну ВКЛ, Pofka пайшоў нават на сітуатыўны ідэалагічны саюз з прарасійскімі імперцамі.

У артыкуле цытавалася нават крытыка «літвінізму» з боку Льва Крыштаповіча — адыёзнага дзеяча, які наогул адмаўляе існаванне беларусаў як нацыі, лічачы беларусаў часткай «рускага народа».
Літоўскі рэдактар не пасаромеўся паставіць зноску на расійскі імперскі сайт Regnum, абы толькі пацвердзіць тэзіс, што ўяўны «літвінізм» — гэта зло.

Адзін з самых скандальных тэзісаў сцвярджаў, што «літвінізм апісваецца як форма фашызму з экспансіянісцкімі прэтэнзіямі».
Гэтае страшнае абвінавачванне грунтавалася на адной спасылцы на сайт alkas.lt, з якім звязаны гісторык Томас Баранаўскас, які вядомы сваёй непрымірымай пазіцыяй супраць «літвінізму».
Прынцыпы Вікіпедыі забараняюць выкарыстоўваць надзвычайныя і абвінаваўчыя сцвярджэнні — тым больш пра «фашызм» і «экспансіянізм» — абапіраючыся толькі на адну крыніцу з відавочным канфліктам інтарэсаў і без пацвярджэння з боку некалькіх незалежных аўтарытэтных выданняў.

У артыкуле таксама ледзь не ставіўся знак роўнасці паміж Зянонам Пазняком, лідарам беларускага адраджэння, і Аляксандрам Дугіным, ідэолагам «рускага свету».
Нават ілюстрацыйны шэраг падбіраўся так, каб стварыць уражанне масавасці і шырокага распаўсюду «літвінізму» сярод беларусаў. Значную частку артыкула складаў хаатычны збор цытат розных аўтараў пра ВКЛ, пададзены без кантэксту і аналізу. Увесь гэты масіў быў праілюстраваны ўсяго трыма фотаздымкамі — Вольгі Іпатавай, Алеся Краўцэвіча і Зянона Пазняка, — бо толькі на іхніх фота на заднім плане прысутнічаў герб «Пагоня». Выкарыстанне гэтага сімвала літоўскі рэдактар інтэрпрэтуе як крадзеж літоўскай гісторыі і відавочную праяву ідэалогіі «літвінізму».
Для неабазнанага заходняга чытача стваралася ілжывая карціна, нібыта беларускі нацыяналізм і расійскі імперыялізм — гэта дзве галавы адной небяспечнай гідры.
Аўтар сістэмна падмяняў паняцці, сканструяваўшы ўласнае вызначэнне «літвінізму», прапагандай і замацаваннем якога служыў увесь гэты велізарны артыкул.
У ягонай версіі пад гэтым тэрмінам мелася на ўвазе не проста радыкальная тэорыя, якая адмаўляе літоўскі складнік у гісторыі ВКЛ, а любая спроба беларусаў гаварыць пра ВКЛ як пра частку ўласнай гістарычнай спадчыны.
Такім чынам натуральнае права беларускай нацыі на сваю гісторыю было загадзя крыміналізаванае, а ўся беларуская гістарыяграфія была прадстаўлена небяспечнай псеўданавукай і «крадзяжом» літоўскай гісторыі.
Што цяпер адбываецца з артыкулам
Чаму гэтая маштабная маніпуляцыя заставалася беспакаранай гадамі? Адказ беларускіх вікіпедыстаў просты і сумны: беларуская супольнасць у Англійскай Вікіпедыі — галоўнай крыніцы ведаў для свету — амаль адсутнічае. Пакуль беларусы займаліся ўнутранымі праблемамі і выжываннем, наратывы пра нашу гісторыю пісалі людзі, якія лічаць нас ворагамі.

Да канца 2025 года артыкул ператварыўся ў настолькі агрэсіўны наратыў, што яго нарэшце заўважылі іншыя рэдактары англамоўнай Вікіпедыі. 8 снежня рэдактар пад нікам Marcelus вынес артыкул на працэдуру выдалення.
«Гэта не энцыклапедычны артыкул, а доўгае, хаатычнае, дрэнна напісанае эсэ. … Гэта калекцыя найвялікшых страхаў і фрустрацый літоўскага патрыёта. … Артыкул — прадукт панікі», — патлумачыў сваю пазіцыю Marcelus.
У ходзе дыскусіі незалежныя рэдактары пацвердзілі дыягназ: парушэнне нейтральнасці, недапушчальны сінтэз фактаў і выкарыстанне ненадзейных крыніц.
Было прынята рашэнне дзейнічаць па прынцыпе, які на слэнгу вікіпедыстаў называецца «Разбурыць і пачаць спачатку» («Blow it up and start over»). Гэта радыкальнае правіла прымяняецца, калі артыкул настолькі дрэнны, што яго немагчыма выправіць, і прасцей знішчыць яго цалкам і напісаць з нуля, чым спрабаваць рэдагаваць.
Днямі старая версія артыкула «Litvinism», аднаасобна створаная Pofka, была выдалена, а спробы яго паплечнікаў вярнуць тэкст былі спыненыя. На месцы велізарнага прапагандысцкага артыкула з’явіўся новы, кароткі і больш узважаны артыкул, які ў 10 разоў меншы за папярэдні.
Цяпер там выразна прапісана, што «літвінізм» — гэта часта прыніжальны ярлык, які выкарыстоўваецца ў палеміцы для апісання шырокага спектру з’яў, і праведзена мяжа паміж радыкальнымі поглядамі і беларускай гістарыяграфіяй, якая разглядае ВКЛ як агульную спадчыну беларусаў і літоўцаў. Зніклі цытаты неанацыстаў, рускамірцаў і прыраўнанні да фашызму.
Вікіпедысты адзначаюць, што гэта гісторыя — урок для ўсёй беларускай супольнасці, што ў лічбавую эпоху ўсяго адзін апантаны чалавек, узброены маніпулятыўнымі тэхнікамі, можа сказіць успрыманне цэлай нацыі ў вачах свету.
У чым сапраўдная небяспека
Небяспека такіх артыкулаў не перабольшаная. Вікіпедыя — самая вялікая і даступная крыніца ведаў у свеце — непазбежна фарміруе «норму»: тое, як там напісана імя ці назва, будзе капіравацца журналістамі; тое, як пададзена гісторыя, стане мэйнстрымным уяўленнем для неабазнанай публікі. Памылка ці маніпуляцыя ў Вікіпедыі — нават дробная — не застаецца ўнутры энцыклапедыі. Яна будзе тыражавацца ў СМІ, блогах, сацсетках і з часам пранікае нават у навуковыя тэксты.
Хлусня, адзін раз легітымізаваная праз Вікіпедыю, пачынае жыць уласным жыццём.
Гісторыя ведае наглядныя прыклады такога эфекту. У 2012 годзе звычайны студэнцкі жарт — выдуманы «вынаходнік тостара» Алан Мак-Мастэрс — трапіў у Вікіпедыю і гадамі лічыўся рэальнай гістарычнай постаццю. На яго спасылаліся таблоіды, дзяржаўныя сайты і адукацыйныя ўстановы, пакуль не высветлілася, што такога чалавека ніколі не існавала. І гэта была нявінная містыфікацыя.
Калі ж падобныя маніпуляцыі закранаюць нацыянальную гісторыю, яны ператвараюцца з жарту ў інструмент інфармацыйнай вайны. І менавіта таму гісторыя з артыкулам «Litvinism» — не дробны вікі-скандал, а сігнал трывогі для беларускага грамадства.
