4 сакавіка музыку, выкладчыка, даследчыка Алега Хаменку прыгаварылі да 3 гадоў калоніі. Улады палічылі, што знаны творца «садзейнічае экстрэмісцкай дзейнасці» праз свае музычныя праграмы на «Радыё Рацыя». З пункту гледжання гэтай улады даследаванне і нястомная папулярызацыя беларускіх традыцый, уключэнне іх у сучаснасць нясе пагрозу. Такое прызнанне.
Што да народнага прызнання, то гэта ў Алега Хаменкі і ягонага гурта «Палац» адбылося даўно і без усялякіх дазволаў і рашэнняў.
Узгадваем лепшыя песні гурта «Палац» і распавядаем пра яго нязменнага лідара Алега Хаменку. Чаму ўлады бачаць у ім пагрозу і што насамрэч значыць яго творчасць для беларускай культуры.

«Палац» створаны ў 1992 годзе студэнтамі Інстытута культуры, удзельнікамі аматарскага калектыву «Дворец кукурузных палочек». Першы канцэрт быў у чэрвені 1992-га падчас Купалля на Камсамольскім возеры ў Мінску.

Гурт атрымаў мноства рок-каронаў на знакамітай у тыя гады «Рок-каранацыі»: «Традыцыя і сучаснасць» — 1994, 1995, 1996; «Кліп году» —2001.
«Палац» зрабіў фурор на фэсце «Басовішча» ў 1992-м, калі сярод «цяжкіх» выступоўцаў выдаў свой фолк-мадэрн, заснаваўшы гэты стыль у Беларусі. Потым была безліч беларускіх фэстаў, былі і міжнародныя: «Tanz und folkfest» Еўрапейскага вяшчальнага саюзу, «Краіна Мрий» (Украіна), «Siklegos» (Літва), у 1993 годзе гурт з песняй «Русалкі» стаў лаўрэатам ІІІ прэміі конкурсу «Discovery—93», арганізаванага «Radio France Internationale».
На рахунку «Палаца» 8 музычных альбомаў — 6 нумарных і 2 альбомы-праекты. Хаменка запісваў казкі, здымаўся ў кіно, вёў праграмы на радыё і даследаваў беларускі фальклор.

«Фальклор — гэта не музей!»
У 2012 годзе на прэзентацыі двух рэлізаў «Палаца» — нумарнога альбому «Кола грукатала» і праекта «Салдат-доктар» — Алег Хаменка патлумачыў, як ён працуе з фальклорам: «На першым альбоме ў нас было 100% народных песень, у трэцім ужо палова на палову, а цяпер практычна ўсе аўтарскія. Пэўна, што гэта нас адрознівае ад астатніх фольк-гуртоў. Мы наогул перакананыя ў тым, што трэба браць тэмы, звязаныя з беларускай гісторыяй і на іх падставе ствараць свае тэксты. Інакш фольк-музыкі заганяюць самі сябе ў тупік. Фальклор — гэта не музей. Музыкі, у тым ліку і прафесійныя, ствараюць тое, што пазней будзе называцца народнай творчасцю».

Алег Скрыпка, лідар украінскага гурта «Воплi Вiдоплясова», у 2017 годзе казаў: «У свой час дзякуючы гурту «Палац» я адкрыў для сябе сучасную беларускую этнічную рок-музыку. Я і дагэтуль лічу «Палац» найлепшымі ў гэтым напрамку і традыцыйна выкарыстоўваю іх трэкі на сваіх этна-дыскатэках «Этна-ДЫСКА». Акрамя таго, што «Палац» — таленавітыя музыкі, яны яшчэ і выдатныя людзі. Мы перыядычна сустракаемся з Алегам Хаменкам на музычных фестывалях, дзе ён часта таксама выступае ў ролі вядоўцы. Алег — вельмі цікавы, сацыяльна актыўны чалавек».
«Мы спяваем пра тое, што належыць нам, пра тое, што мы любім і што з’яўляецца нашым»
У 2001 годзе ў Мінску адбыўся рок-канцэрт, на якім музыкі пратэставалі супраць зменаў Канстытуцыі Беларусі, якія дазвалялі прэзідэнту заставацца пры ўладзе неабмежаваную колькасць тэрмінаў. Гэта быў апошні нецэнзураваны канцэрт пад адкрытым небам у Мінску, потым музыкі, якія выступілі на ім, былі пазбаўленыя магчымасці трансляваць свае песні па радыё і сутыкнуліся з цяжкасцямі ў арганізацыі канцэртаў.
Алег Хаменка ў 2012 годзе ў каментары «Index on censorship» сказаў, што той дух пратэсту нікуды не знік:
«Мы сцвярджаем беларускую, несавецкую ідэнтычнасць. Мы спяваем па-беларуску. Мы спяваем пра тое, што належыць нам, пра тое, што мы любім і што з’яўляецца нашым — пра нашу краіну, гісторыю і народ. Такі падыход супярэчыць савецкай ідэалогіі, заснаванай на татальным калектывізме і ігнараванні значнасці індывідуальнасці. Мы прыцягваем сучасную беларускую моладзь і ўплываем на яе. Але ўлада амаль цалкам складаецца з людзей савецкай эпохі. Яны бачаць у нас пагрозу, бо губляюць на нашу карысць лідарства ў грамадскай думцы».
У 2020-м гэтыя «людзі савецкай эпохі» заставаліся пры ўладзе. Напярэдадні выбараў Алег Хаменка разам з іншымі музыкамі запісаўпесню-заклік «Слухай праўду!». У песні вядзецца пра тое, «што толькі слабы баіцца змены, каб не згубіць свой сціплы дах», творцы пытаюцца «навошта табе жыццё без мары» і натхняюць: «Жах перамен заціснем у нервах і панясем свой бела-чырвоны сцяг».
Як вядома, зараз у краіну зноў вярнуліся «чорныя спісы» — але туды трапіла ўжо ўся краіна, уся беларуская культура.
«І гэта выклік для нас усіх — каб змагацца супраць гэтай чорнай навалы, трэба вызваліць Алега Хаменку і ўсіх, хто пакутуе за кратамі і знаходзіцца ў турмах. І ўжо не як былы міністр культуры, а як чалавек кажу, што Алег Хаменка для мяне з’яўляецца прыкладам самаахвярнага служэння нацыянальнай беларускай культуры. Усе палітвязні, а тым больш творцы павінны быць вольнымі. І Беларусь будзе вольная. Мы будзем змагацца за яго свабоду», — сказаў Павел Латушка ўлетку 2025-га, калі стала вядома пра затрыманне Алега Хаменкі. А затрымалі яго за выдатныя музычныя праграмы «Тузін гітоў» і «Фольк-брама» — «людзі савецкай эпохі» лічаць іх «экстрэмізмам».
«Аднойчы мы правядзем калядны карнавал на праспекце Скарыны!»
У 2016-м, калі ў Беларусі загаварылі пра «пацяпленне», Алег Хаменка разважаў у эфіры «Еўрарадыё»:
«Уся гэтая «адліга», можа, і прывядзе да таго, што мы аднойчы правядзем калядны карнавал на праспекце Скарыны. Але ўлады баяцца: а раптам выйдуць людзі ў масках на праспект — і што гэта будзе? Невядома ж, як гэта кантраляваць. Да таго ж гэта не павінна адбывацца па загадзе: «Быць усім студэнтам, інакш пазбавім інтэрната. Усім выйсці на Каляды!». Ні ў якім разе! Гэта павінна быць цалкам натуральнае жаданне».
Выглядае на тое, што карнавала не будзе, прынамсі, пакуль. Але ж Алег Хаменка яшчэ і выкладчык — ягоныя веды працуюць. І выкладаў ён не толькі ва ўніверсітэце культуры. Так, напрыклад, у 2015 годзе праект «Спеўны Сход» Сержука Доўгушава «здаваў экзамен» проста ў дворыку Гістарычнага музея. Акрамя народных песень, публіка спявала «палацаўскія» «Канюшню», «Ой, Божа», «Чужыя дзеўкі».
Алег Хаменка не раз браў удзел у акцыях кампаніі «Будзьма беларусамі!» Вось, напрыклад, прамова музыкі пра Вялікую Перамогу — гэта пра юбілей бітвы на Сініх Водах.
«У жыцці без казкі наогул немагчыма»
У 2008 годзе Алег Хаменка зрабіў праект на 10 кампактах «Беларускія народныя казкі для дзетак». Дыскі карысталіся папулярнасцю, потым іх можна было спампаваць.
Хаменка прыкладаў намаганні для таго, «каб якраз беларуская казка ўзышла на тое месца, якое ёй належыць».
«Мне здаецца, што можна было б якраз у казках знайсці вось такую бездань самых прыгожых каштоўнасцяў, якія могуць стаць падмуркам кожнага дзіцячага свята. І канешне, права дзіцяці на сваю спадчыну, на свае карані, якое трэба захоўваць, і ў першую чаргу праз казкі, песні, легенды, паданні, гісторыі, якія звязаны з родным народам», — распавядаў тады TUT.by Алег Хаменка.
«Звярнулі ўвагу і зрабілі рэвалюцыю»
Фалькларыст, выкладчык, лідар этна-трыа «Троіца» Іван Кірчук, напярэдадні 25-гадовага юбілею «Палаца» ў 2017 годзе казаў: «Палац» — адзін з першых музычных калектываў, якія звярнулі ўвагу на беларускую народную песню: «У свой час гэта зрабіла сапраўдную рэвалюцыю! Абсалютна абыякавых да творчасці «Палаца» проста не было, папулярнасць гурта была відавочная. Можна сказаць, што дзякуючы «Палацу» ў 1995 годзе і з’явілася этна-трыа «Троіца». Гурт «Палац» унёс неаспрэчны ўклад у беларускую музычную культуру».

Найвядомейшыя хіты Алега Хаменкі і гурта «Палац»
«Русалкі»
«Кола грукатала»
«На турэцкіх палях»
