27 сакавіка беларускаму мастаку Захару Кудзіну споўнілася б 37 гадоў. У памяць пра яскравага і самабытнага аўтара беларускага сучаснага мастацтва 24 сакавіка ў Мінску ў галерэі DK адкрыецца выстава ягоных твораў — «Untitled».
У экспазіцыі будзе прадстаўлены жывапіс і графіка мастака 2007-2017 гадоў. Куратарам і арганізатарам выставы выступіла Наталля Кудзіна, маці Захара. Reform.by удалося звязацца з мастачкай, якая пасля смерці сына займаецца яго спадчынай.
— Калі мне ад галерэі DK паступіла прапанова зрабіць гэтую выставу, я ўчапілася за гэтую ідэю, — распавядае Наталля. — У Захара 27 сакавіка — дзень нараджэння. І мне хацелася б, каб гэтая выстава адбылася ў памяць аб ім.
У экспазіцыі, у асноўным, прадстаўлена графіка, а таксама яго чатыры жывапісныя карціны. Але апошніх работ, якія ён называў нейра-артам, — не будзе. Аднак нешта падобнае на тое, да чаго ён прыйшоў, ёсць — адна цікавая графічная праца.
Пры жыцці Захар казаў, што яму пакуль яшчэ няма чаго паказаць, няма чаго сказаць. Але ён заўсёды шукаў, працаваў…
Ён пачаў актыўна выстаўляцца з 2005 года, калі вучыўся ў мастацкім вучылішчы (Мінскі мастацкі каледж імя А. К. Глебава). Паралельна браў урокі ў Аляксея Марачкіна. Усе працы, якія ён зрабіў за гэты перыяд, — яны ёсць, існуюць. І, забягаючы наперад, хачу сказаць, што цікава было б зрабіць вялікую выставу, на якой можна было б прасачыць творчы рост Захара, пражыць гісторыю мастацтваў разам з ім, прапусціць яе праз сябе. Яму падабаліся Суцін, Пікасо, Дэ Кунінг… Іх мастацтва ў нейкай ступені ім пражывалася, але Захар заўсёды імкнуўся да таго, каб знайсці свой стыль, знайсці сябе. Каб яго ні з кім не параўноўвалі. І ў гэтым сэнсе апошні яго праект — стварэнне работ у стылі нейра-арт — гэта была «нітачка», за якую ён хацеў ухапіцца і намотваць, намотваць, але, на жаль, гэтая нітачка абарвалася, і засталося тое, што засталося.
Захара турбавалі колер, форма, як гэта ўсё трансфармуецца, як з дапамогай гэтага ўздзейнічаць на навакольнае асяроддзе. (Не выпадкова тут і яго ўдзел у праекце Vulica Brazil, дзе ён стварыў мурал). Яго хвалявала думка, як зрабіць так, каб гледзячы на карціны, у чалавеку нешта мянялася. Яго жывапіс быў жывапісам уздзеяння. Ведаеце, не проста такое «Ах, якія кветачкі!», «Як намаляваны гэты прадмет!», гэта былі іншыя задачы. Гэта была глыбінная, філасофская ідэя. Мы шмат з ім казалі пра гэта, але, нажаль, у нас згублена звычка весці дзённікі, і нічога ад гэтых гутарак не засталося. Хоць я хацела б расказаць пра Захара, быць можа напісаць, калі не кнігу, то эсэ пра яго…
…Усё роўна балюча і складана казаць пра яго творчасць. Боль нікуды не сышла, цяжка нешта пісаць. Пражываеш гэта зноў і зноў…
У Захара засталося шмат няскончанага жывапісу. Ведаеце, у яго быў такі стыль працы — ён адначасова працаваў над некалькімі праектамі, над некалькімі карцінамі. У яго — вялікая майстэрня — ён мог паспяваць і тут, і там. Вельмі шмат малюнкаў засталося, такіх «падмалёвак». Складана ўсё гэта сістэматызаваць, але я спрабую.
Ведаеце, хацелася, каб спадчына Захара жыла, працы выстаўляліся. Вось зараз будзе гэтая выстава, яшчэ да мяне звярнуліся наконт іншага праекту — з прасторы «Вершы».Але ў майстэрні — не вельмі добрыя ўмовы, адну працу ўжо трэба перацягваць, некаторыя — рэстаўраваць. Гэта ўсё вельмі хвалюе. Інфармацыйнае поле зараз хутка трансфармуецца: здавалася б, толькі ў 2020 годзе мы хацелі правесці вечар памяці на ОК16, а сёння — усё памянялася, і таго ОК16 ужо і няма.
Захар хацеў жыць сваім мастацтвам, а не так, каб тысяча падпрацовак, а ў астатні час пісаць. Ён да гэтага вельмі сур’ёзна ставіўся. Мастацтва — гэта быў сэнс яго жыцця.
Хацелася б, каб яго працы ўбачылі людзі. Яго жывапіс — жывы.
***
Стваральнік нейра-арта Захара Кудзін нарадзіўся ў 1986 годзе ў Мінску. Прафесійнае станаўленне мастака цікавае: ён не толькі скончыў мастацкую вучэльню ў Беларусі, аўтара цікавіла арт-сцэна Нью-Ёрка. З 2011 па 2013 год Захар жыве і падарожнічае ў ЗША, вывучаючы амерыканскае арт-асяроддзе. Пасля вяртання ў Беларусь уліваецца ў калектыўныя праекты, супрацоўнічае з галерэямі, робіць персанальныя выставы. Самы малады мастак, чыя праца знаходзіцца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Адным з самых яскравых праектаў аўтара ў 2019 годзе становіцца «Ледзяны палёт. Гарачы космас» — роспіс будынка на вуліцы Кастрычніцкая ў рамках фестывалю урбан-арта Vulica Brasil. Дакументальны фільм «Чыстае мастацтва» Максіма Шведа не адбыўся б без удзелу Захара — у карціне мастак з’яўляецца правадніком мастацтва ў гарадское асяроддзе. Здавалася б, творчая актыўнасць Захара Кудзіна толькі ўзрастала ў 2010-я, аднак у снежні 2019-га ён прымае рашэнне аб сыходзе з жыцця.
На дадзены момант яго спадчынай займаюцца яго маці і блізкія.
Адкрыццё выставы «Untitled» адбудзецца ў галерэі DK 24 сакавіка ў 19.00.
budzma.org паводле reform.by