Мікола Бянько: Спадзяюся, хутка будзе дадзена прававая ацэнка ўсяму гэтаму

Гутарка «Радыё Рацыя» з рэдактарам, журналістам незалежных СМІ Міколам Бянько.

Мікола Бянько: Акарамя таго што я журналіст, з нядаўняга часу яшчэ «экстрэміст» і ў спісе федэральнага крымінальнага вышуку Расейскай Федэрацыі. Ну і, напэўна, і беларускага вышуку адпаведна.

РР: І пра гэта як раз будзем гаварыць. Атрымалі мы такую інфармацыю, як і ўсе незалежныя СМІ, што за апошнія пяць месяцаў у гэты расейскі спіс вышуку трапіла 1200 грамадзян і нараджэнцаў Беларусі. А калі ўзяць агульны спіс, то там ужо 4700 нашых суайчыннікаў. І сярод іх шматлікія праваабаронцы, палітыкі, журналісты, музыкі і г.д. – усе тыя, каго ўлады лічаць вось гэтымі так званымі «экстрэмістамі» і «тэрарыстамі». Ты трапіў у гэты, жартуючы кажам, ганаровы спіс. А калі сур’ёзна, як ты думаеш, пра што сведчыць гэтая колькасць людзей? Фактычна па 100 чалавек у месяц трапляе ў гэты спіс. Якія высновы з гэтага мы можам зрабіць?

Мікола Бянько: Мы можам зрабіць некалькі высноваў. Па-першае, рэпрэсіі ў краіне не спыняюцца. Улада намагаецца ўсяляк пераследаваць людзей, якія хоць нейкім чынам дэманструюць нязгоду ўнутры краіны, хоць і ўсё менш магчымасці для гэтага. А што датычыць спіса «тэрарыстаў-экстрэмістаў», то гэта адпаведна далейшая тактыка змагання з іншадумствам, з тымі людзьмі, якія выехалі за мяжу, дакладней, былі вымушаны выехаць, і вось новы этап і новы інструмент ціску на іх, на іх родных і г.д.

РР: Вось акурат пра ціск на родных, бо некаторыя з тых, хто трапіў у гэты абноўлены спіс, агучылі інфармацыю, у прыватнасці журналіст Белсату Валеры Руселік, што па месцы іх прапіскі, або да іх родных, пачалі прыходзіць дзіўныя людзі ў цывільным, задаваць пытанні, ведаючы загадзя, што гэтых людзей няма ў Беларусі. Вось гэта як можна назваць?

Мікола Бянько: Калі мы ў нулявых гадах чыталі навіны пра Туркменістан, пра тое, як рэжым спачатку Сапармурата Ніязава а потым Бердымухамедава распраўляўся з апазіцыяй і над іх сваякамі, то мы шчыра здзіўляліся, нам падавалася, што такое дзікунства ў 21 стагоддзі немагчымае, бо ёсць чалавек, яго персанальная адказнасць, і калі ўжо дзяржава разбіраецца з ім, то яна разбіраецца з ім. Але мы бачым, што рэжым Лукашэнкі эвалюцыянаваў у такую таталітарную дыктатуру, тыранію, яны ўжо не лічацца з рознымі “чырвонымі рысамі”, і так званыя супрацоўнікі з псеўдаправаахоўных органаў спаганяюць сваю злобу і нянавісць на безабаронных людзях. Мы бачым «пакаяльныя відэа» з пажылымі людзьмі, якія дзесяцігоддзямі працавалі на карысць Беларусі, плацілі падаткі, многія з іх заслужаныя асобы, гэта настаўнікі, навукоўцы, лекары, і перад імі гэтыя малалеткі 25-30-гадовыя, якія нічога не зрабілі для краіны, проста спрабуюць выглядаць такімі карыкатурнымі Джэймсамі Бондамі. Гэта проста дзікунства і, спадзяюся, хутка будзе дадзена прававая ацэнка ўсяму гэтаму. Мы ведаем, як заканчваюцца таталітарныя рэжымы. Гісторыя вучыць. Таму хутка будуць расстаўленыя акцэнты, і я, спадзяюся, адказнасці не пазбегнуць тыя, хто гэта арганізоўвае.

РР: Хацела б звярнуцца да пытанняў бяспекі і тых, хто трапіў у гэтыя расейскія і беларускія базы вышуку, і агульна для ўсіх палітычных эмігрантаў, якія жывуць за мяжой. Што можна сказаць пра нашу бяспеку? На што трэба ўважаць, жывучы ў эміграцыі?

Мікола Бянько: Калі я апынуўся ў гэтай базе, то даволі дзіўна дазнавацца пра свой новы статус праз спісы, апублікаваныя ў іншай краіне. І мы бачым, што няма ніякай магчымасці спраўдзіць ані артыкул, ані нейкія прэтэнзіі, якія выстаўляюць псеўдаправаахоўныя органы грамадзянам Беларусі. Усё робіцца для таго, каб разабрацца з чалавекам у цішы, у цёмным пакоі, сам-насам, каб дзяржаўная сістэма спаганяла на табе ўсю сваю нянавісць. І таму мы бярэм звесткі з Расейскай Федэрацыі, з гэтых базаў, і шчыра здзіўляемся, што аказваемся ў такой пачэснай вялікай кампаніі. І наконт бяспекі. Калі нейкія прэтэнзіі маюць супрацоўнікі праваахоўных органаў, то, калі ласка, няхай прыязджаюць у Польшчу, у Беласток, я іх тут чакаю. І праваахоўныя органы нармальнай краіны іх, напэўна, таксама сустрэнуць. А потым мы будзем з імі разбірацца, калі адбудуцца змены ў Беларусі, я перакананы, што ўсе дакументы застануцца. Ніхто не схавае ў лічбавую эпоху свае дзеянні. Калі раней можна было сляды схаваць, то цяпер – 5-10 год і закончыцца ўсё… Я думаю, цудоўна разумеюць таварышы, што робяць. Іх выбар – працягваць займацца рэпрэсіямі, альбо зрабіць так, каб краіна вярталася ў нармальнае рэчышча.

Цалкам размова:

racyja.com