Фэст беларускай песні “Беларусь старажытная” ў Вільні

Шосты па ліку фэст беларускай песні “Беларусь старажытная” прайшоў 8 лістапада ў Вільні. Ён ладзіўся ў Доме культуры Новай Вільні пра падтрымцы Дэпартамента па нацыянальных меншасцях Літвы.

Арганізавала імпрэзу Таварыства беларускай культуры ў Літве на чале з Аляксандрам Адамковічам. З вітальнымі словамі выступіў намеснік старшыні Рады БНР Мікалай Пачкаеў, праваслаўны святар Віталіюс Моцкус і прадстаўнікі літоўскай улады.

Як кажа Аляксандр Адамковіч, сёлета ў фестывалі прыняло ўдзел каля 100 чалавек, але не ўсе заяўкі ад гуртоў нават змаглі задаволіць з-за фінансавых абмежаванняў:

– Проста было больш калектываў, чым мы маглі рэальна сёння прыняць на сцэне. Аддаў перавагу тым, якія вырашылі першы раз выступіць, і тым, якія здалёк прыязджаюць. І ў мяне ўжо такая нараджаецца ідэя, што магчыма два альбо тры дні трэба рабіць, каб ужо ніхто не крыўдзіўся.

Паводле аднаго з заснавальнікаў і суарганізатараў фестывалю, кіраўніка гуртоў з Падляшша “Жэмэрва” І “Асочнікі” Дарафея Фіёніка, публіка на гэтым фэсце сфармавалася ўжо пастаянная:

– Хацелася б, каб зала была запоўнена і палова з тых месцаў менавіта была больш маладых. Думаю, што трэба было б праводзіць таксама нейкую працу паміж фестывалямі. У Вільні ёсць асяродкі, якія займаюцца традыцыйным фальклорам.

Падчас фэсту “Беларусь старажытная” выступілі калектывы з Беларусі, Літвы, Польшчы, Латвіі і Украіны: “Беларускі Цуд”,  “Абра”, “Лаўкіс”, “Тургелянка”, “Язняле”, “Ойра” ды іншыя. Беларускі гімн і сваю музычную праграму выканаў этнамузыкант і спявак Сяржук Доўгушаў.

Таксама прысутныя маглі патанчыць беларускія танцы, набыць сучасную беларускую літаратуру і  вырабы беларускіх рамеснікаў.

racyja.com