
36-ты нумар „Культуры. Нацыі“ – выданьня Беларускага Інстытута навукі і мастацтва ў Канадзе – пачынаецца з калядных віншаваньняў чытачам і іх сем’ям.
Слова рэдактара адрасавана вытокам Беларуска-Ўкраінскай цывілізацыі і яе сучаснаму супрацьстаяньню з цывілізацыяй Еўразійскай/Рускай.
У раздзеле „Артыкулы“ чытачы знойдуць яшчэ адзін матэрыял рэдактара пад назвай „Што будуем?“ – гэта ўрывак з яго новай кнігі „Нарысы беларуса“.
У гэтым жа разьдзеле два артыкулы пастаянных аўтараў часопіса – Л.Карповіча, які дэманструе гісторыю нашай радзімы, адлюстраванай у марках, і А.Сімакова, які працягвае дасьледаваць сувязі беларусаў з першымі нацыямі.
Шмат каму будзе цікава пачытаць разважаньні Ю.Рапецкага пра бессьмяротнасьць душы.
Л.Андзілеўка дэбютуе ў часопісе з апавяданнем „Сумная казка“.
Як заўжды, у часопісе ёсць інфармацыя пра падзеі ў жыцьці беларусаў за мяжой – гэтым разам пра вечарыну паэзіі і музыкі „Юрась, Кантабіле і сябры“ (М.Кочатава) і вечарыну „Ноч паэтаў“ (А.Талстая, А.Каралькевіч), а таксама матэрыялы, прысьвечаныя стогадоваму юбілею Кастуся Акулы – беларускага пісьменьніка і грамадскага дзеяча (G.Akula, В.Іпатава, С.Макарэвіч).
Рэдакцыя адзначыла памяць І.Фарыён і А.Парубія, ахвярных інтэлектуалаў-нацыяналістаў сучаснай Украіны.
Таксама Рэдакцыя палічыла магчымым падаць з іншай крыніцы інфармацыю аб дзейнасьці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (С.Бесараб).
Пачытаць ці спампаваць часопіс можна на яго афіцыйным сайце па гэтай спасылцы.
