Сёлета адзначаецца 500-годдзе выдання знакамітай паэмы пра нашу зямлю «Песні пра зубра». Пагаворым пра Міколу Гусоўскага і яго выбітны твор, напісаны для выратавання радзімы ад пагрозы з усходу.
У выпуску Андрэй Хадановіч распавядае:
— як Мікола Гусоўскі зацікавіў Папу Рымскага ліцвінскім зубрам;
— чаму Гусоўскі — перш за ўсё беларускі аўтар;
— як паэт апісваў Вітаўта ў «Песні пра зубра» і чаму гэта гаворыць пра беларускасць Гусоўскага;
— хто стварыў сучаснае пераасэнсаванне паэмы на жаночы лад;
— якую ролю адыграла Бона Сфорца ў выданні «Песні пра зубра», ці чаму Гусоўскі зрабіў празаічнае прысвячэнне каралеве;
— як паўставалі беларускія пераклады твора і які з іх найбольш дакладны.
Вось некалькі думак з відэа:
Вось жа Вітаўт — вялікі змагар з карупцыяй, а сённяшнім марыянеткам у паскудным дзействе «иногда не до законов» хай будзе навукай і прыкладам. Кожнаму вінаватаму абавязкова раней ці пазней давядзецца адказаць перад законам. Без жорсткасцяў позняга Сярэднявечча, без скур і вучаных ваўкарэзаў, але з усімі працэдурамі Гаагскага трыбунала паводле стандартаў XXI стагоддзя.
Папа Рымскі зацікаўліваецца і хоча ведаць пра ліцвінскага зубра нашмат болей. Эразму Вітэліусу толькі гэта і трэба. Можа быць Папская цікавасць да беларускай лясной экзотыкі паслужыць навядзенню дыпламатычных мастоў, і Мікола Гусоўскі атрымлівае самую важную ў жыцці замову: напісаць паэму даслоўна «пра выгляд зубра, пра яго дзікасць і пра паляванне на яго».
Некалькі звёнаў старана закутых у адзін паслядоўны мастацкі ланцуг: вобраз справядлівага ўладара Вітаўта, вобраз стрыманага што да гневу зубра, які ніколі не нападзе на чалавека, не справакаваны смяротнай небяспекай ці неабходнасцю бараніць сваю сям’ю, ну, і сам вобраз нашай зямлі і нашага народу — міралюбнага з аднаго боку, але загартаванага ў паляваннях і цалкам здольнага даць адлуп ворагу, асабліва калі падтрымаюць заходнія браты. Вось жа калі заходнія краіны не ўвайшлі ў альянс супраць усходняй небяспекі, у гэтым не віна Міколы Гусоўскага. Ён сваёй паэмай зрабіў усё, што ад яго залежала.