Арцём Брухан у «Студыі «Белсат»: «Мэта санкцыяў – змяненне палітыкі, а не рэжыму»

Спікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан. Фота: скрыншот відэа «Студыі «Белсат»

Парламенцкая асамблея АБСЕ прыняла жорсткую рэзалюцыю па Беларусі. Якое значэнне яна будзе мець для нашае краіны і магчымых пераменаў у ёй? Як можа паўплываць на наданне міжнароднай абароны беларусам, у прыватнасці, у Польшчы? Якая задача ў санкцыяў? Пра гэта «Белсату» апавёў спікер Каардынацыйнае рады і намеснік кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Брухан.

Моцны палітычны сігнал

Прыняцце Парламенцкай асамблеяй АБСЕ адмысловай рэзалюцыі ў справе Беларусі Арцём Брухан называе вынікам працы дэлегацыі беларускіх дэмакратычных сілаў, у склад якой уваходзяць таксама сябры Каардынацыйнае рады. А менавіта, да гэтага выніку мелася прывесці лабіяванне прыняцця такога дакументу. Акрамя таго, у прыняцці рэзалюцыі дапамог добры сябра беларусаў са шведскага парламенту, старшыня шведскай дэлегацыі Б’ёрн Т’ёдар.

«Фактычна тая дэлегацыя, ценявая, якая была створаная ў мінулы раз у Вене, цяпер прадэманстравала свой першы вынік дзякуючы таму, што здолела наладзіць кантакты з групамі розных дэпутатаў розных краінаў. І вось у прынятай Гаагскай дэкларацыі ў пункце 159 згадваецца Беларусь, рэпрэсіі, якія працягваюцца, і неабходнасць выправіць сітуацыю ў Беларусі», – кажа Брухан.

Прынятую рэзалюцыю спікер КР называе моцным палітычным сігналам краінам АБСЕ і іх нацыянальным парламентам. Палітык падкрэслівае, што так, юрыдычнай моцы такія дэкларацыі і рэзалюцыі не маюць, але могуць быць карыснымі пры вызначэнні стаўлення да Беларусі.

«Калі, напрыклад, некаторыя краіны захочуць змяніць палітыку ў дачыненні рэжыму Лукашэнкі ці да беларусаў, якія вымушаны былі з’ехаць, яны будуць у любым выпадку звяртаць увагу на тыя дакументы, якія прымаў і Еўрапарламент, і Парламенцкая асамблея Рады Еўропы і АБСЕ. Гэта такая палітычная надбудова для таго, каб пастановы, якія прымаюцца ў нацыянальных парламентах, усё роўна мелі нейкую рамку агульнай палітыкі.

Зразумела, суверэнную канчатковую пастанову прымае той ці іншы парламент. Але дэпутаты, якія бяруць удзел у Парламенцкай асамблеі АБСЕ, даносяць да сваіх партыйцаў пра гэтыя пастановы, пра гэтыя рэзалюцыі, зразумела, усе будуць спрабаваць усё ж такі прытрымлівацца гэтай агульнай палітыкі», – тлумачыць Брухан.

Чаму краіны ЕЗ не далучаюцца да пазову супраць Лукашэнкі ў МКС?

Адзін з пунктаў рэзалюцыі – заклік да еўрапейскіх краінаў, каб яны далучаліся да літоўскага пазову супраць Лукашэнкі ў Міжнародны крымінальны суд.

Арцём Брухан мяркуе, што іншыя дзяржавы пакуль не далучаюцца, бо некаторыя могуць баяцца эскалацыі ў стасунках, іншыя не лічаць гэта цяпер перспектыўным для сябе, бо маюць важнейшыя кірункі.

Таксама, паводле спікера КР, гэта можа быць звязана з матэрыяльным аспектам, бо далучэнне да пазову Літвы – гэта ў тым ліку ўдзел у фінансаванні расследавання.

Вільня ж наважылася падаць пазоў, бо палічыла гэтую справу прыярытэтнай для сябе.

«І гэта зразумела, бо менавіта Літва больш за ўсё атрымала ціску з боку рэжыму Лукашэнкі, бо беларусаў выштурхоўвалі. Па сутнасці, пазоў і быў за дэпартацыю і стварэнне атмасферы страху і тэрору ў Беларусі», – зазначае Брухан.

Госць «Белсату» мяркуе, што далучэнне іншых дзяржаваў будзе залежыць ад таго, як сябе далей будзе паводзіць рэжым Лукашэнкі. Калі ён будзе працягваць транснацыянальныя рэпрэсіі, злачынствы супраць чалавечнасці, то будзе і больш падставаў. Таксама значэнне будзе мець тое, як будзе развівацца сітуацыя ў расейска-ўкраінскай вайне.

Ці працуюць санкцыі?

Тэкст рэзалюцыі заклікае ўзмацняць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, і Арцём Брухан падтрымлівае гэты аспект ды не пагаджаецца з тым, што вынікаў санкцыйнага ціску няма.

«Сітуацыя ў эканоміцы пагаршаецца. І гэта вядзе да таго, што Лукашэнка ўжо цяпер спрабуе камунікаваць з Захадам, наладжваць кантакты, прасіць, каб санкцыі змянілі ці скасавалі, знялі. Але для гэтага яму трэба найперш змяніць палітыку. Гэтая дэкларацыя гэта дэманструе. Санкцыі заўсёды ўводзяцца ў адказ на нейкія дзеянні. І іх першая і галоўная мэта – змяненне паліткі, не рэжыму. Наратыў, што санкцыі змяняюць рэжымы – я не ведаю, адкуль ён узяўся, гэтага ніколі не было. Санкцыі скіраваныя, каб змянілася палітыка рэжыму Лукашэнкі. І, дарэчы, у гэтай дэкларацыі рэзалюцыі таксама гэта прапісана: выконвайце патрабаванні маскоўскага механізму АБСЕ, вызваляйце палітвязняў, спыняйце рэпрэсіі, і тады будуць зусім іншыя рэзалюцыі і дэкларацыі. Вось так гэта працуе», – кажа Брухан.

Адмова ў міжнароднай абароне – чалавечы фактар?

Вядоўцы «Студыі» ў размове са спікерам КР згадалі нядаўні выпадак з адмовай беларусцы ў міжнароднай абароне ў Польшчы, калі Управа ў справах замежнікаў абгрунтавала сваю пастанову змяншэннем маштабу рэпрэсіяў у Беларусі. Ці гэты прэцэдэнт – знак таго, што Польшча змяняе сваю палітыку датычна беларусаў, запыталіся вядоўцы.

«Маё меркаванне, што гэта хутчэй выканаўца, мясцовы чыноўнікі зрабіў такую велізарную памылку. <…>. Я спісваю гэта на чалавечы фактар. Калі б мы пабачылі, што такіх адказаў, напрыклад, было 10, 20, 30, тады канешне, трэба біць велізарную трывогу. Але цяпер, пакуль гэта адзін інцыдэнт, яго трэба разглядаць, і добра, што адразу ідзе рэакцыя», – зазначае Брухан.

Паводле спікера КР, у гэтай сітуацыі вельмі карысным можа быць якраз прыняцце рэзалюцыяў на ўзроўні Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Бо цяпер падчас сустрэчаў з тым жа кіраўніком Управы ў справах замежнікаў можна будзе паказаць рэзалюцыю, указаць, што там зафіксавана, што ў Беларусі адбываюцца рэпрэсіі, а тут вось чыноўнікі прымаюць адмоўныя пастановы.

Брухан мяркуе, што беларускія дэмсілы здолеюць пераканаць сваіх партнёраў у Польшчы, што рэпрэсіі ў Беларусі набылі схаваны характар, але што яны працягваюцца і нічога ў нашай краіне не змянілася, проста прыняло іншую форму.

Асобная група, якая патрабуе спецыяльных гуманітарных пастановаў

Спікер Каардынацыйнае рады згодны з прапановай, якая прагучала падчас Парламенцкай асамблеі АБСЕ, прызнаць беларусаў асобнай групай, якая патрабуе спецыяльных прававых гуманітарных пастановаў.

«У нас няма дзяржавы. Дзяржава пазбавіла нас магчымасці атрымліваць пашпарты, то бок звяртацца ў дыпламатычныя прадстаўніцтвы.Так, украінцы ў складанай сітуацыі, але яны могуць вярнуцца ва Украіну і змяніць дакументы ці звярнуцца ў свае консульства і амбасады. У нашым выпадку такой магчымасці няма. А нас проста пазбавілі дзяржавы. Таму і мы спрабуем данесці да нашых партнёраў, што, глядзіце, нашая сітуацыя вельмі складаная і патрабуе нейкіх крэатыўных падыходаў, больш складаных. Мы ведаем прыклад Іспаніі, дзе проста пашпарты пратэрмінаваныя афіцыйна пачалі ўлічваць як дзейныя пашпарты. Кожны будзе шукаць розныя падыходы, але нам трэба даносіць гэтую пазіцыю да ўсіх парламентарыяў, да ўсіх краінаў, каб яны ведалі, што беларусы вось у такім стане, у такой сітуацыі», – кажа палітык.

Што датычыць менавіта Польшчы і сітуацыі беларусаў у гэтай краіне, Брухан падкрэслівае, што тыя ж палітвязні з апошніх хваляў вызваленняў, вывезеныя з Беларусі, былі даволі хутка легалізаваныя. Прадстаўнікі дэмсілаў спрабуюць даносіць да польскага боку пазіцыю, што варта было хутчэй развязваць пытанні і з іншымі групамі беларусаў, але, падкрэслівае Брухан, трэба разумець, што польская бюракратыя не ўсёмагутная. У Польшчы шмат не толькі беларусаў, але і ўкраінцаў, якія таксама ў складаным становішчы.

Так, трэба даносіць да польскіх чыноўнікаў, што паміж беларусамі і ўкраінцамі ёсць істотная розніца, што беларускі дзяржаўны інстытут фактычна змагаецца супраць сваіх жа грамадзянаў. Але прызнанне беларусаў асобнай групай патрабавала б змянення заканадаўства. Такую пастанову трэба абгрунтаваць для польскага грамадства, і Арцём Брухан не ўпэўнены, што палітыкі ў Польшчы цяпер пойдуць на такія рызыкі для сябе.

Марыя Міхалевіч, Анастасія Русецкая, Вітаўт Сіўчык, belsat.eu