“Перакладчыкаў ігнаруюць, а за малітву адпраўляюць у ШІЗА”. Як ставяцца да замежнікаў і мусульман у Наваполацкай калоніі

Ілюстрацыйнае фота

Былы беларускі палітвязень, які вызваліўся восенню 2025 года, распавёў «Вясне» пра ўмовы ўтрымання замежных грамадзян у пэнітэнцыярнай сістэме, у тым ліку ў Наваполацкай калоніі № 1 і Віцебскай калоніі № 3. Паводле ягоных сведчанняў, іншаземцы сутыкаюцца з поўнай інфармацыйнай ізаляцыяй, немагчымасцю абараніць свае правы і адкрытым расізмам з боку адміністрацыі.

Моўны бар’ер і бюракратыя

Адна з галоўных праблем для замежнікаў – гэта адсутнасць доступу да перакладчыкаў, адзначае суразмоўца. Запыты на прадастаўленне спецыяліста для ўдзелу ў працэсуальных дзеяннях ігнаруюцца як у СІЗА, так і ў калоніях. Адміністрацыя робіць гэта сістэматычна, бо наяўнасць перакладчыка неабходная для напісання афіцыйных скаргаў і рапартаў, распавядае суразмоўца. Паводле яго слоў, такое ігнараванне дазваляе кіраўніцтву турмаў мінімізаваць колькасць зваротаў ад гэтай катэгорыі вязняў.

Згодна з правіламі, ліставанне ў зняволенні дазваляецца выключна на дзяржаўных мовах – рускай або беларускай. Цэнзары маюць права не прапусціць любы тэкст на іншай мове. Праз гэта, як тлумачыць былы вязень, замежнікі не могуць самастойна камунікаваць са сваякамі і цалкам залежаць ад іншых зняволеных, якія здольныя перакладаць і пісаць лісты за іх.

Стаўленне дзяржаўных органаў да лёсу іншаземцаў ілюструе гісторыя грамадзяніна Турцыі, які спрабаваў аспрэчыць сваю дэпартацыю. У афіцыйным адказе на яго апеляцыю ведамства дапусціла прамыя супярэчнасці: у адным абзацы пацвярджалася, што прадстаўнікі ягонай групы (алавіты) падвяргаюцца пераследу ў Турцыі, а ўжо ў наступным рабілася выснова, што доказаў палітычных рэпрэсій не знойдзена. Акрамя таго, згадвае мужчына, у афіцыйных дакументах блыталі назвы краін і давалі няслушныя спасылкі.

Ціск на мусульман

Асобна былы палітвязень адзначае змены ва ўмовах утрымання зняволеных мусульман. Раней ім дазвалялася мець пры сабе Каран і малітоўныя дыванкі, што гарантуецца заканадаўствам аб праве на свабоду веравызнання. Шмат такіх вязняў, якія чакалі дэпартацыі або экстрадыцыі, утрымлівалася ў калоніі “Віцьба”, кажа суразмоўца.

Аднак пасля рэзанансных здарэнняў у Расіі (стральба ў вайсковай часці і тэракт у “Крокус Сіці Холе”) сітуацыя рэзка пагоршылася. Па калоніях прайшло неафіцыйнае распараджэнне ўзмацніць кантроль. У мусульман пачалі масава забіраць рэлігійную літаратуру і дыванкі. Пачасціліся выпадкі змяшчэння ў ШІЗА за выкананне штодзённых малітваў на працоўнай зоне, сцвярджае ён.

Таксама адміністрацыя пачала этапаваць мусульман з “Віцьбы” ў іншыя калоніі. Падчас пераводу супрацоўнікі адкрыта пагражалі зняволеным пакараннямі за выкананне рэлігійных абрадаў. Былы вязень таксама згадвае канфліктную сітуацыю восенню 2023 года, калі адміністрацыя аказвала ціск на мусульман, якія адмаўляліся галіцца на знак рэлігійнай жалобы.

Бытавы расізм

Дадаецца да гэтага і адкрыты бытавы расізм з боку супрацоўнікаў калоній, распавядае суразмоўца. У якасці прыкладу ён прывёў выпадак са зняволеным з Бразіліі: падчас аднаго з шыхтаванняў прадстаўнік адміністрацыі ў прысутнасці іншых вязняў беспадстаўна назваў замежніка “малпай”.

Паводле высноў былога палітвязня, іншаземцы застаюцца адной з самых неабароненых груп у беларускіх турмах. Моўная ізаляцыя і фактычная немагчымасць звярнуцца па юрыдычную абарону робяць іх цалкам бяспраўнымі перад адміністрацыяй папраўчых устаноў.

spring96.org