«Следчы гэтаму лукашысту сказаў: галоўнае, прызнай віну ў здрадзе дзяржаве — і адпусцім цябе на хімію»

Вячаслаў Бянько. Фота: Укантакце

Сусед палітвязня Вячаслава Бянько расказаў яго незвычайную гісторыю — ідэйны ябацька месяцамі даваў у КДБ паказанні на арыштаванага калегу. А пасля той даў паказанні ў адказ — і арыштавалі самога Бянько.

Вячаслаў Бянько — адзін з малавядомых палітвязняў. Яго арыштавалі па «справе радыёклуба» — людзей з суполкі радыёаматараў абвінавацілі ў тым, што яны нібыта перахоплівалі сакрэтную інфармацыю, у прыватнасці, праслухоўвалі пілотаў.

У «сетку», як заявілі сілавікі, уваходзілі больш за 50 чалавек, але арыштаваных сямёра. Ім інкрымінавалі «здраду дзяржаве». Бянько — якраз адзін з гэтых сямі чалавек.

Яго імя прагучала ў прапагандысцкім фільме беларускага тэлебачання, але на відэа яго не паказалі, толькі працытавалі нібыта яго словы.

Пасля гэтага праваабаронцы ўключылі Бянько ў спіс палітвязняў — абставіны яго пераследу незразумелыя, але справа выглядае палітычна матываванай.

Адзін з былых арыштантаў расказаў «Нашай Ніве», што перасякаўся з Бянько ў СІЗА. І гэта, па словах нашага суразмоўцы, быў адзін з самых дзіўных яго суседзяў, ды яшчэ і з незвычайнай гісторыяй.

«Слава — ватнік і дзікі лукашыст. Казаў, што ён адзін з начальнікаў на «Хуавэі». Усё пра Кітай распавядаў, пра тое, які круты «Хуавэй», — пачынае ён.

Паводле інфармацыі Belpol, Вячаслаў Бянько — мінчук. Выпускнік БДУІР. Некалькі гадоў працаваў інжынерам-праграмістам у сэрвісным цэнтры «Дыксіс Плюс», а ў 2011‑м уладкаваўся ў «Бел Хуавэй Тэхноладжыс». Жанаты, мае двух дзяцей.

Бянько зрабіў больш за 240 паведамленняў па лініі 102 — скардзіўся і на тое, што міма праехала машына з парушэннем правілаў, і на тое, што цыганка папрашайнічае каля рынку.

«Гісторыя Славы такая. Ён ідэйны ябацька. Казаў, што месяцамі хадзіў у КДБ як сведка і даваў паказанні на свайго калегу, які доўга сядзеў у амерыканцы. Слава ўсё-ўсё расказваў, а потым аднойчы прыехаў на допыт — а яго павязалі самога. Бо той калега нібыта захацеў яму зрабіць падлянку і нагаварыў на яго ў адказ», — працягвае яго былы сусед.

Сам Бянько, натуральна, пераконваў, што ні ў чым не вінаваты, але працэс ужо закруціўся. У выніку яму выставілі абвінавачванне ў «здрадзе дзяржавы».

Ад Вячаслава Бянько патрабавалі прызнаць віну, што ён, натуральна, не хацеў рабіць, бо здрада дзяржаве — гэта ад 7 да 20 гадоў калоніі.

«Следчы прапанаваў яму: прызнавай віну і тое, што мы табе напісалі, а мы пасля зменім артыкул са здрады дзяржавы на нейкі лёгкі і дамо табе хімію. Але спачатку Слава павінен быў агаварыць сябе — прычым для фільма прапагандыстаў — і сказаць, што ён здраднік».

Бянько далі час падумаць, але пачалі ціснуць. Чым скончылася гісторыя, наш суразмоўца не ведае. Вячаслава перавялі ў прэс-камеру, каб матываваць хутчэй прыняць рашэнне.

Мяркуючы па тым, што відэа прызнанняў Бянько так і не паказалі па тэлевізары, ён не рашыўся на здзелку, якую яму прапанаваў следчы КДБ.

Невядома, ці ўжо адбыўся суд па «справе радыёклуба», а калі так, то якое пакаранне атрымалі радыёаматары. Большасць палітычных спраў цяпер разглядаюцца ў закрытым рэжыме.

Паводле падлікаў аб’яднання сілавікоў «Белпол» і праваабаронцаў, вядомыя імёны як мінімум 10050 чалавек, якія падпалі пад палітычна матываваныя крымінальныя справы. Усяго тыя ці іншыя палітычныя рэпрэсіі (крыміналкі, адміністратыўкі, звальненні, ператрусы) зачапілі сотні тысяч беларусаў. Некалькі соцень тысяч людзей вымушаныя былі пакінуць краіну. 

nashaniva.com