
Якой можа быць Беларусь у 2030 годзе і як Захаду і беларускім дэмсілам падрыхтавацца да пераходу ўлады ў нашай краіне? Сузаснавальнік Цэнтра новых ідэй і праекта Maldzis Рыгор Астапеня выказаў свае думкі на гэты конт.
— У нашых даследаваннях (хоць зразумела, гэта больш тэарэтычныя развагі) мы бачым: калі дастаць з сістэмы прынамсі некалькі чалавек — па сутнасці яна не развальваецца, — зазначыў Астапеня ў эфіры «Еўрарадыё».
— Нягледзячы на тое, што ў Беларусі персаналісцкая сістэма, усё адно сувязі, каторыя існуюць паміж прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі, устойлівыя. Людзі дзесяцігоддзямі працавалі, камунікавалі і ведалі адзін аднаго, і гэта складае магчымасці для нейкіх дамоўленасцяў.
Камунікацыя ж людзьмі пазасістэмнымі, каго б яны не прадстаўлялі, паводле Астапені, для выбудаванай рэжымам сістэмы рэч даволі складаная. Аднак цалкам тупіковай гэту сітуацыю ён не лічыць.
— Але трэба разумець: без размарозкі сітуацыі ўнутры краіны ніякага дыялогу паміж рознымі палітычнымі актарамі быць не можа, — падкрэслівае Астапеня. – То-бок, спачатку павінна адбыцца не тое каб лібералізацыя, я б нават нармалізацыяй гэта не назваў. Але хоць нейкая размарозка, для таго, каб такія кантакты наогул маглі існаваць.
Хутчэй за ўсё, праз пяць гадоў іх паспрабуюць завязаць не цяперашнія «першыя асобы» з абодвух бакоў, а іншыя людзі. І важна, каб каналы камунікацыі паўсталі — а гэта магчыма толькі вакол нейкіх зразумелых ідэй і праектаў.
То-бок, павінна быць прапанова ад Захаду.
Без сур’ёзнай прапановы, якая ўключае ў сябе фінансавыя гарантыі, гарантыі бяспекі ў тым ліку, магчыма, план дэмакратызацыі — складана ўявіць сябе нейкую размову.
На думку Астапені, на першым часе Аляксандр Лукашэнка здзейсніць кантраляваную перадачу ўлады пэўнаму зразумеламу для правіцеля колу людзей.
— Але праз нейкі час яно рассыплецца, бо ў гэтага кола людзей будуць уласныя інтарэсы — людзі змяняюцца, жыццё ідзе. І праз час стане больш зразумелая выразная канфігурацыя пераможцаў у гэтым транзіце.
І ў любым разе спачатку эліта, напэўна, вырашыць, як яна будзе функцыянаваць эканамічна. Калі сістэма застанецца аўтарытарнай — будзе перадзел. Калі стане дэмакратычнай, усё можа змяніцца.
Ці могуць дэмсілы паўплываць на сітуацыю з транзітам і як? На думку Рыгора Астапені, прапанова вывесці з-пад санкцый некаторых прадстаўнікоў беларускіх эліт, каб пачаць з імі дыялог, можа нанесці больш шкоды, чым карысці: бо і ўнутры сістэмы, і ў Расіі, і ў заходніх краінах такі крок могуць успрыняць па-рознаму.
— Таму рашэнне, на мой погляд, мусіць быць комплексным, накіраваным на значную частку кіруючай сістэмы, каб нейкім чынам іх уцягваць у дыялог. Адпаведна, сістэма павінна зрабіць нешта значнае са свайго боку: каб увогуле стварыць для заходніх урадаў прычыну гэты дыялог весці.
Але ж сёння, думаю, яны сыходзяць з таго, што спяшацца няма куды, адчуваюць сябе больш-менш упэўнена. Неяк жывём, эканоміка расце (прынамсі не падае), Захад не можа прапанаваць сёння штосьці супастаўнае з тым, што прапануе Расія з велізарнымі фінансавымі патокамі. То і няма для іх сёння патрэбы кудысьці бегчы і размаўляць.
Таму для пачатку дыялогу патрэбныя яшчэ людзі ўнутры сістэмы, у якіх ёсць амбіцыі пабудаваць нармальную краіну і выйсці з ізаляцыі, з таго становішча, у якім знаходзіцца цяпер Беларусь. І, паўтаруся, без выразнай прапановы з боку Захаду немагчымая ніякая канкурэнцыя з Расіяй.
Пытанне не толькі ў тым, чым «купіць» чыноўнікаў ды сілавікоў, а таксама да грамадства, што прапаноўваецца яму, і да дэмакратычных сілаў — як яны бачаць сябе часткай пакету па дэмакратызацыі, прапановы, каторую Захад можа зрабіць для Беларусі пасля Лукашэнкі.
