
У жніўні колькасць адмоваў у міжнароднай абароне ў Польшчы для беларусаў зноў перавысіла колькасць станоўчых рашэнняў, як вынікае са статыстыкі Упраўлення ў справах замежнікаў, апублікаванай 28 верасня.
Статус уцекача ў апошні летні месяц 2026 года атрымалі 35 беларусаў, дадатковую абарону – толькі адзін. Пры гэтым адмовілі 49 прасіцелям з Беларусі. 17 справаў былі прыпыненыя. Відавочная тэндэнцыя, пра якую раней у размове з «Белсатам» папярэджвала юрыстка Вольга Дабравольская – што Польшча будзе даваць больш статусаў уцекача ў выпадках, калі гэта абгрунтавана, чым дадатковай абароны.
Упраўленне ў справах замежнікаў адзначае, што колькасць новых заяваў на абарону ідзе на спад. Ад пачатку года былі зарэгістраваныя 1,2 тысячаў новых прашэнняў.
«Гэта азначае вяртанне да адноснай стабілізацыі пасля рэкорднага перыяду 2022-2024 гадоў, калі штогадовы прыток стабільна знаходзіўся ў межах 3-4 тысячаў заяваў (у 2024 годзе – амаль 4 тысячы чалавек)», – адзначаецца ў справаздачы.
Па стане на 1 верасня 2026 года на разглядзе ва Упраўленні знаходзяцца 3,2 тысячы зяваў на міжнародную абарону ад беларусаў. З іх 92% – у першай інстанцыі. Установа падкрэслівае, што ў другой інстанцыі – Радзе ў справах уцекачоў – так мала справаў, бо цягам апошніх гадоў беларусы атрымлівалі вельмі мала адмоваў, таму неабходнасці ў абскарджанні амаль не было.
Агулам з 2022 года па 1 верасня 2026-га 1128 беларус атрымаў у Польшчы статус уцекача, 10 380 – дадатковую абарону. У 557 выпадках былі выдадзеныя адмовы, у 530 – справы былі прыпыненыя.
26 верасня беларусы зладзілі акцыю каля будынку Управы ў справах замежнікаў на вуліцыТабаровай у Варшаве, пратэстуючы супраць павелічэння з боку гэтага ведамства колькасці адмоваў у міжнароднай абароне. Удзельнікі акцыі склалі і падпісалі зварот да чыноўнікаў UDSC. Галоўнае пытанне да іх: «Калі ў Беларусі сталася бяспечна?».
Беларусы прынялі і падпісалі петыцыю да Управы ў справах замежнікаў. У звароце – цэлы шэраг пытанняў, якія ўзнікаюць у сувязі з рэзкім ростам колькасці адмоваў у наданні беларусам міжнароднай абароны ў 2026 годзе.
Аўтары петыцыі просяць пісьмова растлумачыць, на якіх падставах былі змененыя практыкі надання міжнароднай абароны ў 2026 годзе, патлумачыць значэнне даследаванняў ад 22 красавіка і ад 18 траўня 2026 года, на якія спасылаюцца чыноўнікі, падаць дакладныя статыстычныя звесткі, Беларусы таксама просяць растлумачыць парадак дзеянняў у дачыненні асобаў, якія пасля атрымання адмовы не маюць сапраўднага пашпарта і не могуць бяспечна вярнуцца ў Беларусь, а таксама ўказаць, ці маецца законны механізм перабывання і дакументальнага пацверджання асобы, даступны для такіх людзей.
