„Імкнуўся да гэтага са шчырым сэрцам…”

Сяргей Чыгрын піша ў czasopis.pl пра стасункі польскіх даследчыкаў беларускай літаратуры з Уладзімірам Дубоўкам.

Адзін з класікаў беларускай літаратуры Уладзімір Дубоўка (1900-1976) яшчэ па-сапраўднаму не ацэнены ў Беларусі. Яшчэ час Уладзіміра Дубоўкі на Беларусь не прыйшоў, як і ўся яго паэтычная, перакладчыцкая і эпісталярная творчасць. 

Лёс паэта быў нялёгкім, а можа нават трагічным. У 1930-м годзе яго рэпрэсіравалі і ён 27 гадоў быў зняволены. А пасля рэабілітацыі ў 1957 годзе паэт на Бацькаўшчыну ўжо не вярнуўся, а жыў у Маскве. Тым не менш, у 1962 годзе за зборнік вершаў „Палеская рапсодыя” ён атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Янкі Купалы. 

Уладзімір Дубоўка

Пасля рэабілітацыі, у Беларусі не так і шмат, але выходзілі яго паэтычныя зборнікі для дзяцей, „Выбраныя творы” ў двух тамах, асобныя паэтычныя кнігі, у тым ліку і выданне „О Беларусь, мая шыпшына…” (Мінск, „Мастацкая літаратура”, 2002) і некаторыя іншыя. Выйшла з друку і добра напісаная кніга пра зямныя і творчыя шляхі паэта і лёс ягонага пакалення „Круг” Алеся Пашкевіча. Варта прыгадаць і выдатную кнігу – крытыка-біяграфічны нарыс „Уладзімір Дубоўка” Дзмітрыя Бугаёва, што пабачыла свет у 1965 годзе. Але ўсяго гэтага мала. Дубоўка заслугоўвае значна большага, вартага, поўнага. 

Уладзімір Дубоўка шмат з кім ліставаўся, ён пісаў лісты ў Беларусь, Украіну, Расію, Польшчу і ў іншыя краіны. Ляцелі лісты і да яго ў Маскву, дзе ён жыў пасля сталінскіх лагераў, ад сяброў, навукоўцаў і літаратараў з розных куткоў свету. Эпісталярная спадчына Уладзіміра Дубоўкі даволі вялікая і яна захоўваецца не толькі ў архівах і бібліятэках Беларусі, але і ў прыватных сховах. Яе даўно пара пачаць выдаваць асобнымі кнігамі, так, як ужо з’явіліся ў кнігах пісьмы Ларысы Геніюш, Зоські Верас, Мікалая Улашчыка і іншых.

У аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў (ф.14, воп. 1, спр. 399, 659, 465) Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі захоўваюцца лісты Уладзіміра Дубоўкі да прафесараў Антаніны Абрэмбскай-Яблонскай і Тадэвуша Грабоўскага з Польшчы, а таксама адзін ліст ад Антаніны Абрэмбскай-Яблонскай. Польскія даследчыкі вельмі цікавіліся беларускай літаратурай. Таму хацелася б некалькі слоў распавесці і пра іх.

Тадэвуш Грабоўскі

Гісторык славянскай літаратуры, публіцыст, прафесар Ягелонскага і Вроцлаўскага ўніверсітэтаў, дыпламат Тадэвуш Грабоўскі (1881-1975) нарадзіўся ў Дабрамілю пад Пшэмыслем. Ён быў сынам Уладзіслава (юрыст) і Кацярыны Адэль з роду Хаўзэраў.

Будучы славіст вучыўся ў гуманітарнай гімназіі ў Яраслаўлі да 1901 года. Затым вучыўся ва ўніверсітэтах Прагі, Заграба, Вены, Белграда, Сафіі, Санкт-Пецярбурга, Масквы, Казані і Кіева. 

У 1910 годзе Тадэвуш Грабоўскі абараніў у Венскім універсітэце кандыдацкую працу па харвацкаму паэту Сільвіэ Краньчэвічу і яго паэзіі. У 1908-1915 гадах філолаг быў выкладчыкам славянскіх моў у Ягелонскім ўніверсітэце, а ў 1910-1918 гадах выкладаў рускую і польскую мовы ў другой гімназіі ў Кракаве.

У 1915-1916 гадах Тадэвуш Грабоўскі працаваў рэпарцёрам славянскай прэсы ў Вайсковым аддзеле Вярхоўнага нацыянальнага камітэту, арганізаваў польскую прэс-службу ў Канстанцінопалі, быў дэлегатам ад Дзяржаўнага Дэпартамента Каралеўства Польскага ў Сафіі, а затым паўнамоцным міністрам і надзвычайным пасланцам у Сафіі. 

Пасля вяртання ў Польшу, вучоны кіраваў у 1925-1927 гадах факультэтам навукі Міністэрства замежных спраў, быў на дыпламатычнай службе. У 1939 годзе Тадэвуш Грабоўскі з’яўляўся дырэктарам Польскага інстытута міжнародных адносін у Варшаве.

Падчас нямецкай акупацыі польскі славіст удзельнічаў у таемным вучэнні насельніцтва ў Кракаве і Варшаве. Пасля вайны ён стаў прафесарам Ягелонскага ўніверсітэта і загадчыкам кафедры новых славянскіх літаратур. У 1955–1960 гадах ён з’яўляўся навуковым супрацоўнікам кафедры славянскай філалогіі, а таксама быў звязаны з Вроцлаўскім і Варшаўскім універсітэтамі. Чытаў лекцыі па гісторыі сучасных балгарскіх, чэшскіх і сербска-харвацкіх літаратур, ведаў беларускую мову.

Мовазнавец, даследчык польскай, усходнеславянскай, у тым ліку беларускай, моў, доктар філалагічных навук, прафесар Варшаўскага ўніверсітэта Антаніна Абрэмбская-Яблонская (1901–1994) нарадзілася ва Украіне. Сваёй навукова-педагагічнай дзейнасцю спрыяла распаўсюджанню ў Польшчы ведаў па ўсходнеславянскай філалогіі. У 1950 годзе яна арганізавала ва ўніверсітэце курс вывучэння рускай мовы, у 1953–1957 гадах кіравала секцыяй украінскай і беларускай філалогіі ў Польска-савецкім інстытуце, a пасля яго рэарганізацыі – да 1968 года – аддзелам беларускай мовы ў Інстытуце славяназнаўства ў Польскай акадэміі навук (ПАН). Яна была адным з арганізатараў і шматгадовым кіраўніком (1956–1972) кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта.

Антаніна Абрэмбская-Яблонская падрыхтавала навуковыя кадры, якія шмат гадоў у Польшчы працягвалі педагагічна-выхаваўчую работу і навуковыя даследаванні ў розных галінах беларускага мовазнаўства. Па яе ініцыятыве было распачата вывучэнне ўсходне-славянскіх гаворак Беласточчыны, што дало магчымасць прыступіць да выдання шматтомнага дыялектнага атласа гэтага рэгіёна (т. 1-1980, Τ. 2-1988, т. 3-1989). 

Антаніна Абрэмбская-Яблонская

Пад кіраўніцтвам Антаніны Абрэмбскай-Яблонскай былі апрацаваны і выдадзены з каментарыямі і слоўнікам тры тамы рукапісных фальклорных матэрыялаў Міхала Федароўскага „Люд беларускі” (т. 5-7, 1958-1969); выйшлі з друку працы пра польска-беларускае моўнае пагранічча, па анамастыцы паўночна-ўсходніх зямель Польшчы, даследаванні з розных галін беларускага мовазнаўства.

Антаніна Абрэмбская-Яблонская актыўна працавала ў Камітэтах мовазнаўства і славяназнаўства ПАН, рэдакцыях навуковых часопісаў, была арганізатарам і да 1977 года старшынёй мовазнаўчай камісіі Беластоцкага навуковага таварыства, скіроўвала работу на даследаванне шматмоўнага рэгіёна Беласточчыны. Адна з найбольш цікавых і арыгінальных прац, якія выйшлі ў выдавецкай серыі Беластоцкага навуковага таварыства, была праца „Дыялектныя Беласточчыны з моўным каментарыем” (1972; пад рэдакцыяй і з прадмовай Антаніны Абрэмбскай-Яблонскай), дзе побач з польскімі, украінскімі, літоўскімі і рускімі стараверскімі гаворкамі, бадай, асноўнае месца займаюць беларускія. Асабістыя навуковыя інтарэсы вучонай засяроджваліся ў асноўным вакол праблем, даследаваннем якіх яна кіравала. Гэта работы па дыялекталогіі, гісторыі і культуры польскай мовы, па беларусістыцы на шырокім славянскім фоне. У беларусістыцы, побач з дыялекталогіяй, яна займалася пытаннямі польска-беларуска-літоўскага моўнага пагранічча, гісторыі мовы і анамастыкі. Яе навуковыя працы добра аргументаваныя, цікавыя зместам і формай. Прыкладам можа служыць яе даследаванне пра „Пана Тадэвуша” Адама Міцкевіча ў перакладзе на беларускую мову Браніславам Тарашкевічам. Антаніна Абрэмбская-Яблонская была з Мікалаем Бірылам рэдактарам „Падручніка польска-беларускага слоўніка” у 1962 годзе, рэцэнзавала працы многіх беларускіх мовазнаўцаў. 

Прапаную чытачам „Czasopisа” невядомыя раней лісты Уладзіміра Дубоўкі і ліст Антаніны Абрэмбскай-Яблонскай да Уладзіміра Дубоўкі. У іх прыгадваюцца цікавыя факты з гісторыі беларускай літаратару XIX стагоддзя, а таксама іншыя падзеі.

Сяргей Чыгрын, czasopis.pl

15 лістапада 1963 г.

У Варшаву, в.п. Антаніне Абрэмбскай-Яблонскай

Вельмі паважаная пані Антаніна!

Я не ведаю, як і калі здолею аддзякаваць Вам і, магчыма, Вашым памочнікам за Вашу найвялікшую ўвагу, сардэчнасць і добразычлівасць, якія адлюстраваліся ў такой грунтоўнай і змястоўнай Вашай даведцы. Мне сорамна, калі я згадаю, што я адарваў Вас ад Вашай акадэмічнай працы, тым больш, што і нездароўе да таго прычынілася.

Я толькі магу яшчэ раз паўтарыць, калі Вам спатрэбіцца зрабіць які-небудзь росшук у маскоўскіх кнігасховах, напішыце, калі ласка, і я пастараюся зрабіць усё ад мяне залежнае.

Бачыўшы такую Вашу вялікую добразычлівасць, я лічу сваім абавязкам сказаць больш ясна, якая літаратурная праца прымусіла мяне турбаваць Вас.

У сувязі з 150-годдзем з дня нараджэння Т.Г.Шаўчэнкі1, я надумаў быў распрацаваць тэму – спатканне Т.Г.Шаўчэнкі з беларускімі паэтамі таго часу, пра якое пісаў некалі нябошчык Р.Зямкевіч2, маючы на ўвазе Я.Баршчэўскага3, Р.Падбярэскага4 і В.Рэута5. Вывучаючы матэрыялы, звязаныя з той эпохай, я сустрэўся з фактам падарожжа выдатнейшага польскага кампазітара Станіслава Манюшкі6 ў Пецярбург і якраз тады, калі адбываліся тыя спатканні менавіта ў канцы 1842 года. 

Гэта спакусіла мяне скарыстаць такі выдатны выпадак для таго, каб ажывіць іхняе спатканне прысутнасцю такога выключнага дэмакрата. Мяркую, што быўшы ў Пецярбургу Манюшка напэўна спатыкаўся з імі ці праз Баршчэўскага, ці ў Віельгорскіх7, вядомых мецэнатаў і аматараў музыкі, дзе, дакладна вядома, Шаўчэнка бываў не рэдка.

Твор мой закончаны. Называецца ён „Salus populi”. Калі мяне звінавацяць, што Ст. Манюшка не ўдзельнічаў у тым спатканні, дык я адкажу так: „І.К. Рэпін8 намаляваў сваю вядомую карціну „Спатканне славянскіх кампазітараў”9, на якой, як Вам вядома, паказаны Ф. Шапэн10 і Ст. Манюшка. Тым часам, у ліку ўсіх змешчаных на той карціне кампазітараў, ёсць і такія, якія ў тым часе яшчэ ў пялёнках былі. А я, калі паграшу, дык толькі на пару тыдняў”.

Паўтараю – твор мой закончаны. Вам вялікая, шчырая падзяка за даведку, якая вельмі дапамагла мне глянуць больш свядома на ўсю падзею. Між іншым, я выпадкова выявіў, што 1 лістапада 1842 года Ян Баршчэўскі напісаў быў тры вершы, прысвечаныя невядомай пакуль што дзяўчыне, бландынцы. Гэта падкрэслівае словы паважанага п. Ст. Тад. Грабоўскага наконт сямейных спраў Яна Баршчэўскага. У кожным разе цяпер можна сказаць, што ў 1842 годзе ён заляцаўся да нейкай слічнай панны, але не мог быць жанатым.

Пасылаю Вам томік беларускага выдання Байрана11. Прашу прыняць яго ад мяне як знак вялікай пашаны. Прашу перадаць мае найлепшыя пажаданні і сардэчнае прывітанне Вашым калегам і калежанкам па катадры.

Толькі што прынеслі з пошты Ваш дарунак – манаграфію Рудзінскага12. Нават з першага погляду бачу, што рускае выданне, якім я карыстаўся, вельмі скарочана. Калі мая скромная праца „Salus populi” пабачыць свет, абавязкова прышлю Вам, шаноўная пані Антаніна.

Яшчэ раз жадаю Вам найлепшага здароўя, усяго самага светлага ў Вашым жыцці, вялікага плёну і творчых поспехаў у працы Вашай.

Уладзімір Дубоўка.

Варшава, 8 лістапада1963 г.

Паважаны спадар!

Перш за ўсё, прыміце маю шчырую падзяку за Ваш паэтычны зборнік з яго чароўным, але ў той жа час канфузлівым для мяне, зычлівым прысвячэннем.

Гэты зборнік, які знаходзіцца таксама ў кнігазборы нашай Кафедры беларускай філалогіі, тыдзень таму быў тэмай нашага абмеркавання на навуковай сустрэчы супрацоўнікаў кафедры.

Просіце розных інфармацый і дэталяў патрэбных для распрацоўванай Вамі тэмы. Мы пачалі пошукі па бібліятэках і музеях. Я асабіста напісала прафесару Тадэушу Станіславу Грабоўскаму. І вось я прапаную наступныя дадзеныя, якія, баюся, атрымаюцца не такімі, як вы хацелі б.

Праф. Грабоўскі надрукаваў у 1961 годзе ў Кракаве артыкул пад загалоўкам „З польска-беларускага пагранічча”, змешчаны ў Памятнай кнізе ў гонар прафесара Станіслава Пігоня13 (Кракаў, 1961) – надрукаваны са стар. 445–454, фармат ін-кватра. У гэтым артыкуле праф. Грабоўскі пералічвае цэлую плеяду пісьменнікаў і паэтаў з г.зв. „беларускай школы”, дзе самае пачэснае месца аддае між іншым Яну Баршчэўскаму. Гэта першы раздзел рыхтаванай большай працы пра Баршчэўскага і пра сувязь яго творчасці з паэзіяй Міцкевіча14. Больш падрабязных дэталяў датычных сямейнага жыцця Баршчэўскага праф. Грабоўскі ў гэтым наддруку не прыводзіць, а на пісьмовы запыт адказаў наступным чынам: „Пра жонку Баршчэўскага абсалютна нічога не ведаю і нідзе пра яе самай малой згадкі не сустрэў. Складаецца ўражанне, што або не быў жанаты, або вельмі рана страціў жонку і адтуль яго глыбокі смутак і меланхолія пасля ад’езду з Пецярбурга ў Адэсу”.

Праф. Грабоўскі змясціў у гэтым артыкуле „З пагранічча…” партрэт Я. Баршчэўскага з часопіса „Наша ніва” Вільня г. VI (1911), No 51–52, стар. 673. Адносна партрэтаў Падбярэскага Рамуальда і Вінцэнта Рэута нічога не ведае пра такія, але абяцаў шукаць у Кракаве і ў выпадку знаходкі паведаміць нам. Нашы пошукі ў кабінетах гравюр Бібліятэкі Варшаўскага ўніверсітэта і Нацыянальнага музея не далі станоўчых вынікаў.

Цікавіла Вас, ці Манюшка пабываў 27 лістапада 1842 года ў Пецярбургу. Паводле Альманаха Манюшкі ў апрацоўцы Вітольда Рудзінскага вынікае, што Манюшка пакінуў Маскву пасля 25 кастрычніка (гэтым днём датуецца яго ліст да Крашэўскага пісаны яшчэ ў Пецярбургу). Вяртанне яго ў Вільню В. Рудзінскі вызначае на 20 кастрычніка 1842 г. Можа мне ўдасца атрымаць для вас гэты Альманах. Гэта вельмі цікавая і жыва пададзеная хроніка жыцця Манюшкі. Пакуль дасылаю мае вытрымкі з Альманаха.

„Tygodnik Petersburski”15 за 1830–1858 гады знаходзіцца ў Бібліятэцы Варшаўскага ўніверсітэта. На жаль, ёсць прабелы ў паасобных гадах, якія паказаны на прыкладзенай картцы. Ці вам патрэбныя нейкія дэталёвыя вытрымкі з падшыўкі за 1842 год? Паведаміце.

Адносна магчымых партрэтаў, фатаграфій, карэспандэнцый дык напэўна ёсць многа не выкарыстаных фондаў і крыніц ў Публічнай бібліятэцы і ў Архіве ў Вільні. Можа гэтым шляхам атрымаеце тыя дэталі, якіх мы тут не можам здабыць.

Прашу прабачэння за несвоечасовы адказ, але па стане здароўя я была вымушана на нейкі час выехаць з Варшавы, а пасля заняткі ва ўніверсітэце і яшчэ іншыя справы паўплывалі на маруднае збіранне інфармацыі.

Завяршаю ліст самым гарачым пажаданнем, каб падрыхтаваная Вамі праца прынесла Вам, стваральніку, поўнае задавальненне, а нам, чытачам, шмат радасці і карысці.

Выказваю словы шчырай пашаны і найлепшыя пажаданні.

Антаніна Абрэмбская-Яблонская.

Масква, 24 студзеня 1964 г.

В.п. прафесару Тадэвушу Станіславу Грабоўскаму, Кракаў.

Шаноўны Пане!

Разам са сваім сардэчным прывітаннем і самымі найлепшымі пажаданнямі пасылаю Вам у гэтым лісце наступнае:

А). Спіс твораў Яна Баршчэўскага, якія надрукаваны ў кнізе альманаха „Незабудка”16 на польскай мове за 1843 год у г. Пецярбургу.

Б). Рукапісную копію яго верша „Братэк” з той жа кнігі, стар. 165-167.

В). Рукапісную копію яго санета „Час вшыстко руйнуе” з той жа кнігі, стар.15-16.

Г). Рукапісную копію верша з цыкла „Безымянныя” – „Уроку край” (стар.162-164 той жа кнігі).

Калі Вы не знойдзеце ў сябе згаданую вышэй кнігу „Незабудка” – прашу Вас неадкладна напісаць мне. Атрымаўшы Ваш ліст – я адразу закажу ў Ленінскую бібліятэку зрабіць мікрафільмы усіх тых вершаў Баршчэўскага, якія пералічаныя ў спісе. Праўда, зробяць яны мікрафільм не адразу, а прыблізна праз адзін месяц з моманту заказу.

Адначасова прашу ў Вас, пане, прабачэння за тое, што, трапіўшы сам у памылку ледзьве не ўвёў у памылку і Вас. Справа ў тым, што, як Вы заўважыце самі, калі будзеце трымаць у руках „Незабудку”, верш „Уроку край” надрукаваны ў кнізе без аўтарскага подпісу, а адразу за ім надрукаваны верш „Братэк”, над якім стаіць подпіс „Ян Баршчэўскі”. Я без жаднай развагі лічыў, што абодва вершы самога Баршчэўскага, тым больш, што і настроем яны падобны адзін да другога.

Але цяпер, перапісваючы для Вас „Братэк”, пільна вывераючы тэкст і змест, я звярнуў увагу на тое, што ў змесце некалькі вершаў паказана пад тытулам „Безыменных” ( ). Хто гэта такія безыменныя – цяпер пэўна сам Аллах не даведаецца. У кожным разе, я перапісаў і гэты верш, няхай ён будзе ў Вашай калекцыі.

Яшчэ раз прашу неадкладна напісаць, ці патрэбны Вам усе астатнія вершы Баршчэўскага з „Незабудкі”? Даруйце, калі не патрапіў Вам зрабіць паслугу добра, у кожным разе – імкнуўся да гэтага са шчырым сэрцам.

Ад душы жадаю Вам добрага здароўя і вялікіх поспехаў у Вашай працы.

З пашанаю да Вас Уладзімір Дубоўка.

1 Тарас Шаўчэнка (1814-1861) – украінскі пісьменнік, мастак, грамадскі дзеяч, заснавальнік новай украінскай літаратуры і нацыянальнай украінскай мовы.

2 Рамуальд Зямкевіч (1881-1944) – беларускі бібліёграф, публіцыст, гісторык беларускай літаратуры, перакладчык, калекцыянер.

3 Ян Баршчэўскі (1796-1851) – беларускі і польскі пісьменнік, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры.

4 – Рамуальд Падбярэскі (1812-1856) – беларускі выдавец, літаратуразнавец, публіцыст, фалькларыст.

5 Вінцэнт Рэут (1812-1883) – фалькларыст, паэт, прадстаўнік рамантызму.

6 Станіслаў Манюшка (1819-1872) – беларускі кампазітар, дырыжор,стваральнік польскай нацыянальнай оперы, меў дачыненне да станаўлення беларускай музычнай культуры.

7 Віельгорскія – стары дваранскі род.

8 Ілья Рэпін (1844-1930) – рускі мастак.

9 Карціна Рэпіна называецца „Славянскія кампазітары”. Алей, 1872 г. На ёй адлюстраваны кампазітары Міхаіл Глінка, Мілій Балакіраў, Уладзімір Адоеўскі, Мікалай Рымскі-Корсакаў, Аляксандр Даргамыжскі, Іван Ласкоўскі, Аляксей Львоў, Аляксей Вярстоўскі, Антон Рубінштэйн, Аляксандр Сяроў, Аляксандр Гурылёў, Дзмітрый Бартнянскі, Пётр Турчанінаў, Станіслаў Манюшка, Фрыдэрык Шапэн, Міхаіл Агінскі, Караль Ліпінскі, Эдуард Напраўнік, Бедржых Сметана, Карал Бендль, Вацлаў Горак.

10 Фрыдэрык Шапэн (1810-1849) – польскі кампазітар, піяніст.

11 Джордж Байран (1788-1824) – англійскі паэт, драматург. Творы яго на беларускую мову перакладаў Уладзімір Дубоўка.

12 Маецца на ўвазе Вітольда Рудзінскага (1913-2004) – польскага кампазітара і музыказнаўца.

13 Станіслаў Пігонь (1885-1968) – польскі гісторык літаратуры, педагог.

14 Адам Міцкевіч (1798-1855) – польскі паэт беларускага паходжання.

15 „Tygodnik Petersburski” — палітычна-літаратурнае выданне, якое выдавалася ў Санкт-Пецярбургу ў 1830-1858 гадах пад рэдакцыяй Юзэфа Пржэцлаўскага і Францыска Малеўскага.

16 “Niezabudka” – штогадовы літаратурны альманах, які выдаваўся на польскай мове ў Расіі ў 1840-1844 гадах Янам Баршчэўскім пры ўдзеле беларускай і польскай студэнцкай моладзі.